Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Анісім хоча стаць старшынёй ТБМ, каб пашыраць беларускамоўную прастору

Алена Анісім мае намер узначаліць Таварыства беларускай мовы. І распавядае, як плануе спалучаць дзейнасць на пасадзе старшыні ТБМ з дэпутацкай дзейнасцю.

Алена Анісім

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім заявіла “Радыё Свабодзе” пра намер узначаліць Таварыства беларускай мовы.

Цяперашні старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які ўзначальвае арганізацыю з 1999 году, пакідае сваю пасаду. Пра гэта ён паведаміў у інтэрв’ю «Беларускаму партызану».

Новае кіраўніцтва ТБМ выберуць 29 кастрычніка на ХІІІ з’ездзе грамадскай арганізацыі. Паводле Алега Трусава, «асноўнай кандыдатурай» на пасаду новага старшыні ТБМ з’яўляецца Алена Анісім.

 Алена Анісім у інтэрв’ю “Свабодзе” пацвердзіла гэтую інфармацыю.

 — Ці сапраўды вы будзеце вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду новага старшыні ТБМ?

— Безумоўна. Маё прозвішча было названае на адной з радаў, і сакратарыят таксама падтрымлівае, і многія рэгіянальныя арганізацыі выступаюць за тое, каб вылучыць маю кандыдатуру на пасаду старшыні ТБМ. Паколькі я працую ўжо даўно і не адзін перыяд працую першым намеснікам, то мушу разумець сваю адказнасць за лёс арганізацыі. Вядома, я буду выстаўляць сваю кандыдатуру.

— Як вы плануеце спалучаць дзейнасць на пасадзе старшыні ТБМ з дэпутацкай дзейнасцю?

— Многія спалучаюць сваю дзейнасць на розных пасадах. Напрыклад, спадарыня Шчоткіна яшчэ ўзначальвае Саюз жанчын, і гэта не замінае ёй працаваць у Савеце Рэспублікі, так што я думаю, што і мне ўдасца спалучаць такія рэчы, тым больш што на працягу свайго жыцця мне ўвесь час даводзілася выконваць не адзін, а некалькі абавязкаў — асноўныя, прафесійныя, плюс яшчэ грамадскія.

— Што вы плануеце зрабіць на пасадзе старшыні, якая ваша праграма?

— Я проста буду працягваць тую дзейнасць, якую вяду і ў Палаце прадстаўнікоў, і ў грамадстве. Мая задача дамагчыся, па-першае, каб заканадаўства прымалася па-беларуску, па-другое, каб быў створаны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання сучаснага еўрапейскага кшталту і, адпаведна сучасным выклікам, арыентаваны на фармаванне будучай інтэлектуальнай эліты, кіроўнай эліты.

І па-трэцяе — стварэнне паўнавартаснай інфармацыйнай прасторы на беларускай мове. У гэтым кірунку таксама вядзецца праца.

Так што шмат што ўжо запачаткавана, шмат ёсць людзей, якія гуртуюцца вакол гэтых ідэяў, таму я думаю, калі мы будзем разам, камандай працаваць па ўсіх нашых структурах, у нас шмат што атрымаецца.

— А якой вам бачыцца роля ТБМ у грамадстве на сённяшні дзень?

— Перш за ўсё я бачу гэтую ролю ў актыўнасці грамадзян, вядома, і сяброў ТБМ. Пытанне ў тым, каб мы ставілі стратэгічныя задачы і распрацоўвалі тактычны план дзеянняў і працавалі. Працавалі з грамадствам, працавалі з уладамі, працавалі з іншымі сябрамі грамадзянскай супольнасці. Нам урэшце трэба зразумець, што мы ў Беларусі адказныя за ўсё, што адбываецца ў нашай краіне. У тым ліку за лёс мовы.

www.svaboda.org



Каментаваць