Антыадукацыя, і да чаго яна вядзе

Адзін хлопчык начамі не высыпаўся. Што рабіць? Прымушаць яго раней класціся спаць і перад сном забіраць гаджэты? Не, перанесці навучальны час на гадзіну пазней. Зараз хлопчык не спраўляецца са школьнай праграмай. Якое рашэнне?

Фота www..arsvest.ru

На нарадзе аб развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яму даводзіцца кожны дзень сутыкацца са школьнымі праграмамі, таму ён бачыць усе недахопы, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Падобна на тое, матэматыкаў адных толькі рыхтуем. Давайце гаварыць шчыра, не хачу быць рэтраградам: нам, напэўна, менш за ўсё трэба ў краіне матэматыкаў. Паняцці ў матэматыцы павінны быць, таму што мы ў жыцці заўсёды сутыкаемся з матэматыкай. Але ў вялікіх матэматыках патрэба менш за ўсё», — канстатаваў Лукашэнка.

«У школе матэматыку пачынаем выкладаць так, што адпужваем дзяцей ад гэтай матэматыкі, ад вучобы, — заўважыў ён. — Я не хачу, каб матэматыкі пакрыўдзіліся на мае развагі, я нічога дрэннага пра іх не сказаў. Але яшчэ раз паўтараю: матэматык — гэта рэдкасць. Давайце рыхтаваць матэматыкаў дзесьці на факультатыве, але ў асноўным у ВНУ. А мы пачынаем універсітэцкія праграмы перакідваць у школу. Навошта вы гэта робіце?»

«Нядаўна я паглядзеў, як у восьмым класе вывучаюць біялогію: слухайце, палова курса — чарвякі! Яго стан, жыццядзейнасць і што трэба зрабіць чарвяку, каб ён быў паразітам. Ну адкажыце мне на гэтае пытанне. Добра, для прасунутых хай будзе. Так, трэба ведаць пра гэтую істоту, але навошта яе скрупулёзна вывучаць? — спытаў ён. — Калі ты будучы біёлаг, калі біялогію ўзяў за аснову, так, гэта трэба. Але колькі такіх у нас? Вось у чым праблема».

Праблема, насамрэч, не ў гэтым. Праблема ў тым, што школа павінна даваць базавую адукацыю. Біялогія (і чарвякі) у школе — гэта аснова не толькі біёлагаў. Гэта аснова медыцыны. І калі мы так ставімся да адукацыі ў біялогіі — чаго мы потым будзем наракаць на нашу медыцыну?

Я таксама бацька. І я таксама незадаволены школьнымі праграмамі. Але я незадаволены не іх «складанасцю», а іх прымітыўнасцю. Што тычыцца той жа матэматыкі, то мая дачка гэтую матэматыку шчоўкае, як семкі (а семкі яна лю­біць). І тое, што мы ў свой час у школе праходзілі інтэгралы, а гэта зараз выкінутае з праграмы, мяне бянтэжыць. Немажліва стварыць развітую асобу з прымітыўнай адукацыяй!

Вывучаць матэматыку ў ВНУ альбо на факультатыве? Выбачайце. Давайце пойдзем далей. Адменім астраномію. Навошта нам ведаць, што планета круглая? Давайце думаць, што яна стаіць на кітах. Але тады, спадарства, развітаемся з нашай касмічнай праграмай, забудзем пра спадарожнікавы інтэрнэт і пра спадарожнікавае тэлебачанне.

Навошта нам ведаць, што існуюць нейкія краіны, апроч Еўрасаюза, ЗША, Кітая, Расіі? Адменім геаграфію. Але тады давядзецца развітацца са «шматвектарнай палітыкай», планамі «выйсці на новыя рынкі», і гэтак далей.

Не трэба нам матэматыкі? А што мы будзем рабіць з «Паркам высокіх тэхналогій», які прыносіць нам мільярд прыбытку на год? Нам не патрэбныя «чарвякі»? Што мы будзем рабіць з кітайскім тэхнапаркам, адным з асноўных складнікаў якога з’яўляюцца менавіта біятэхналогіі?

Можна мяне абвінаваціць у неаб’ектыўнасці і ў суб’ектывізме. Але вось што піша з гэтай нагоды Леанід Заіка, эканаміст, які, між іншым, працаваў у Сусветным банку і выкладаў у вядучых ВНУ свету: Вышэйшай школе эканомікі (Берлін), Народным універсітэце Кітая (Пекін), Маскоўскім дзяржаўным універсітэце (Расія), Інстытуце эканамічнага развіцця (Вашынгтон), Санкт-Пяцярбургскім універсітэце (Расія), Кіеўскім (Украіна) і Ташкенцкім (Узбекістан) універсітэтах.

Заіка піша: «Сэнс таго, што адбываецца, — у тым, каб нашы дзеці былі творча развітымі асобамі, а ў школе з імі абыходзяцца як з маленькімі салдафонамі: устань, апрані, вазьмі, гэта зрабі так, гэта не так… Паглядзіце праграмы. Яны нагадваюць нейкі зборнік апошніх фінціфлюшак нават не навукоўцаў, таму што навукоўцы не пайшлі ў школы. Вось у чым праблема… Я нядаўна атрымліваю такую смс: «Паважаныя бацькі, Ваня, Пеця і іншыя абраныя для наведвання спартыўнага мерапрыемства, дзе будзе кіраўнік дзяржавы. Правядзіце з дзецьмі адпаведную работу!» Ім па 15 гадоў, якая можа быць работа?! А настаўнікі ўжо ў паніцы б’юцца, што будзе Лукашэнка. Ну і што?»

Паўтаруся: гэта меркаванне не эканаміста Заікі, не кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія», гэта меркаванне выкладчыка найбуйнейшых, найвядомейшых і аўтарытэтных універсітэтаў свету!

І я, і мае знаёмыя пасля такой навіны насамрэч задумаліся: ці перавесці дзяцей на хатняе навучанне, ці эміграваць з краіны туды, дзе дзецям дадуць нармальную адукацыю. І гэта не жарт.

А вось да чаго гэта вядзе… Міністэрства працы і сацыяльнай абароны агучыла новыя лічбы па мінімальных спажывецкіх бюджэтах беларусаў. Паводле дадзеных міністэрства, каб закрыць мінімальныя патрэбы, працаздольнаму беларусу патрэбны 451 рубель. Прааналізаваўшы банк вакансій Міністэрства працы, журналісты інтэрнэт-рэсурса onliner.by вылічылі, што ніжэй гэтай лічбы чыстымі прапануюць амаль у палове выпадкаў.

Заробак ніжэй гэтага парога прапануюць не толькі грузчыкам, прыбіральшчыкам або кухарам. На такія грошы клічуць педагога-псіхолага ў дзіцячы сад і лекара УГД са стажам працы не менш за пяць гадоў на поўную стаўку ў РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі ў Гомелі!

І не дзіва, што амерыканская няўрадавая арганізацыя Freedom House апублікавала даклад «Свабода ў свеце — 2019», у якім зноў унесла Беларусь у спіс «несвабодных краін». У рэйтынгу, дзе найвышэйшы ўзровень свабоды краіны ацэньваецца ў 100 балаў, Беларусь набрала толькі 19. Найгоршы беларускі паказчык «несвабоды» — у сферы захавання палітычных правоў.

У выніку Беларусь апынулася дзяржавай з самым горшым паказчыкам свабоды ў Еўропе па версіі Freedom House. Як гаворыцца ў справаздачы міжнароднай арганізацыі, у 2018 годзе ў Беларусі «строгія новыя законы аб СМІ яшчэ больш абмежавалі журналістаў, якія ўжо працавалі ў жорсткіх умовах».

Неадукаваны і бедны чалавек наўрад ці можа быць свабодным…



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!