Антырэкорд у гісторыі суверэннай Беларусі: колькасць палітвязняў дасягнула 500

Колькасць палітвязняў у Беларусі дасягнула паўтысячы чалавек. Такога ў найноўшай гісторыі краіны не было яшчэ ніколі, паведамляе «Свабода».
Беларускі пратэст, жнівень 2020 года. Фота «Радыё Свабода»

Беларускі пратэст, жнівень 2020 года. Фота «Радыё Свабода»

Праваабаронцы 18 чэрвеня прызналі палітвязнямі яшчэ 5 чалавек. Гэта асобы, пазбаўленыя волі за абразу Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

Герман Быхаў — знаходзіцца пад вартай у СІЗА паводле арт. 130 КК («Распальванне варожасці ў дачыненні да іншай сацыяльнай групы» — супрацоўнікаў МУС);

Сяргей Бобашаў— асуджаны на 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»);

Аляксандр Аграйцовіч — асуджаны на 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 188 КК («Паклёп»);

Дзмітры Бабок— асуджаны на 1 год пазбаўлення волі паводле арт. 368 КК («Абраза кіраўніка дзяржавы»);

Юры Бірук — асуджаны на 1,5 года пазбаўлення волі паводле арт. 368 КК («Абраза кіраўніка дзяржавы»).

Такім чынам, агульная колькасць палітвязняў у Беларусі склала рэкордныя паўтысячы чалавек. Поўны спіс можна пабачыць ТУТ.

Пры гэтым, нагадваюць праваабаронцы, агульная колькасць арыштаваных і асуджаных за пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў нашмат большая — з розных прычын не ўсе яны атрымалі статус палітычных зняволеных.

«Прадпрымальнікі, айцішнікі, журналісты, блогеры, актывісты штабоў кандыдатаў у прэзідэнты, удзельнікі акцый пратэсту знаходзяцца ў месцах няволі, удалечыні ад родных і блізкіх праз тое, што не пабаяліся скарыстацца сваімі правамі — на мірныя сходы, выказванне поглядаў і ўдзел у палітычным жыцці краіны. Большая частка трапіла пад палітычна матываваны крымінальны пераслед у сувязі з падзеямі, якія разгарнуліся падчас і пасля кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе», — адзначаецца на сайце праваабарончага цэнтра «Вясна».

Каго і на якой падставе праваабаронцы прызнаюць палітычнымі вязнямі і вязнямі сумлення? Падрабязнае тлумачэнне ТУТ.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: