Як Беларусь прымусіла здрыгануцца свет

Можа стацца так, што мы арганізуем сабе ядзерны Апакаліпсіс уласнымі рукамі і рашэннямі. Бо нашае кіраўніцтва ўжо напружвае сусветную супольнасць неасцярожнымі выказваннямі.

На гэтым тыдні Аляксандр Рыгоравіч паразмаўляў са старшынёй «Дзяржкамваенпрама» (ДКВП) Раманам Галоўчанкам. Паразмаўляў так, што свет здрыгануўся. Па словах беларускага правадыра, у Беларусі стварылі ракету сярэдняй далёкасці, цяпер у планах распрацаваць яшчэ больш магутную зброю.

Свет здрыгануўся таму, што Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай пагаднення па нераспаўсюдзе падобных відаў зброі — Дагавора па ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, да якіх адносяцца балістычныя і крылатыя ракеты. Ракетай сярэдняй далёкасці, згодна з міжнароднай класіфікацыяй, лічыцца прылада, якая знішчае цэлі на адлегласці ад 1000 да 5500 кіламетраў. Такія штукі ў Беларусі былі ліквідаваныя яшчэ за Гарбачовым. І ніхто не думаў, што ў Сінявокай можа з’явіцца «геній інжынернай думкі», які гэтую зброю верне назад.

Геніяў сапраўды не знайшлося. Прэс-сакратарцы кіраўніка краіны Наталлі Эйсмант давялося тлумачыць, што «сярэдняя далёкасць» — гэта нашая «ўнутраная класіфікацыя», а не сусветныя стандарты. «У прыватнасці, гаворка ішла пра новы боепрыпас да айчыннай РСЗА “Паланэз”, прымяненне якога павялічыла мяжу паразы з 200 да 300 кіламетраў», — сказала Эйсмант.

А афіцыйны прадстаўнік «Дзяржкамваенпрама» Уладзімір Лаўранюк дадаў, што створаны «канцэпт» ракеты, якая ляціць да 500 кіламетраў. Над ёю якраз цяпер ідуць працы, але ўсё адно пазначанай мінімальнай далёкасці па дамове ДЛРСМД яна не сягае.

«Уф, пранесла!» — напэўна падумалі ў краінах NATO і адмянілі вымовы сваім шпіёнам, якія «прапусцілі» стварэнне ў Беларусі магутнай зброі.

Але пасля сустрэчы «панесла» ўжо старшыню ДКВП. У эфіры беларускага тэлебачання Раман Галоўчанка заявіў, што краіна гатовая да супрацьдзеяння атацы Skynet — ваеннага штучнага інтэлекту, які выклікаў Апакаліпсіс і «бунт машынаў» у вядомым фантастычным серыяле «Тэрмінатар».

Па словах Галоўчанкі, інтэлектуальная платформа, якая гатовая знішчыць чалавецтва, ужо стала самай сапраўднай рэальнасцю. «Бо цяпер фактычна ўсе краіны працуюць над тым, каб аб’яднаць сістэмы ўзбраенняў у адзіны замкнёны контур кіравання — тое ж самае, чым займаемся і мы... Пры выкарыстанні замежнага праграмнага забеспячэння ў сферы абароны ёсць пэўныя рызыкі. Таму для нас стратэгічна важна захаваць і развіць уласную сістэму ваеннага праграмнага забеспячэння, якая дасць нам упэўненасць у бяспецы ў гэтым кампаненце», — заявіў Галоўчанка.

Ён таксама распавёў, што ўжо сёння Беларусь гатовая змагацца і з дронамі з чацвёртай часткі франшызы, якія кашмарылі рэшткі чалавецтва, з дапамогай сістэмаў процідзеяння беспілотным лятальным апаратам і радыёэлектроннага падаўлення. «Літаральна днямі мы завяршылі выпрабаванні для прадстаўнічых дэлегацый з рэгіёну Блізкага Усходу. З унікальнымі, напэўна, характарыстыкамі для сістэмаў такога класа», — падкрэсліў кіраўнік ДКВП.

Таму за «фантастыку» беларусам хвалявацца не трэба — калі ў нас і з’явіцца нейкі «Тэрмінатар», яго адразу ж разбяруць на запчасткі.

Праўда, кіраўнік нашага ДКВП забыўся згадаць, з чаго пачаў сваю атаку Skynet. А пачаў ён гэтую атаку з масіраванага ядзернага ўдару па чалавецтву. І вось з гэтым у нас — вялікія праблемы. Аж да таго, што, можа быць, і ніякага штучнага інтэлекту не спатрэбіцца — бо свайго не хапае.

Згодна з паведамленнямі, у кастрычніку спецыяльна навучаныя людзі павінны пачаць «гарачую абкатку» першага энергаблока Беларускай АЭС у Астраўцы. Паводле афіцыйнай інфармацыі, ужо завершаныя тэхналагічныя аперацыі па пробным наборы вакууму ў кандэнсатары турбаагрэгата пускавога энергаблока №1. Вакуум — адзін з асноўных параметраў, якія ўплываюць на эканамічнасць і эфектыўнасць работы турбаўстаноўкі, яго наяўнасць — абавязковая ўмова, для забеспячэння выхаду на рабочыя параметры энергаблока ў цэлым.

Аднак, паводле неафіцыйнай інфармацыі, упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці даследуе крымінальную справу па артыкуле 252 КК (камерцыйны подкуп) у дачыненні да начальніка ўпраўлення вентыляцыі і сістэм пажаратушэння расійскай кампаніі «Атамбудэкспарт» Дзмітрыя Зіноўева. Паводле следчых, подкуп Зіноўева прывёў да таго, што на БелАЭС усталявалі вентыляцыйныя агрэгаты і клапаны для затрымання агню без праходжання кантролю, а выяўленыя дэфекты могуць прывесці «да збояў у працы сістэмы ў цэлым».

І яшчэ адна дзіўная навіна прыйшла з беларускага ўраду. Наш прэм’ер Сяргей Румас сустрэўся з гендырэктарам дзяржкарпарацыі «Расатам» Аляксеем Ліхачовым. Паводле Румаса, быў «шэраг пытанняў», якія трэба было абмеркаваць, і, «калі не зняць спрэчныя моманты, то, па меншай меры, разабрацца ў іх і намеціць, як яны будуць пераадольвацца».

«Галоўнае — мы павінны дакладна вызначыцца, што нам перашкаджае сёння выконваць тыя планы, якія намеціліся па ключавых этапах. Думаю, мы павінны пабудаваць працу так з абодвух бакоў, каб ніякіх збояў у нас не адбылося», — цытуюць прэм’ера афіцыйныя крыніцы.

Ліхачоў у адказ зазначыў, што першы блок беларускай АЭС знаходзіцца «ў вышэйшай ступені тэхнічнай гатоўнасці», якая ацэньваецца ў 97% рэалізацыі праекта. «Сёння мы ў прынцыпе з дакладнасцю да дзён можам распісаць усе падзеі і дзеянні, у тым ліку фізічны пуск, падключэнне да сеткі, выхад на 100% магутнасць. Мы вельмі добра ўяўляем да дэталяў усё, што будзе адбывацца ў бліжэйшыя месяцы, тыдні, дні і нават гадзіны», — адзначыў Ліхачоў.

Аднак пра якія праблемы казаў Румас, у інфармацыі не згадваецца. Са словаў Ліхачова не вынікае, што ён іх увогуле бачыць.

У выніку можа стацца так, што нам ніякі Skynet не спатрэбіцца — мы арганізуем сабе ядзерны Апакаліпсіс уласнымі рукамі і рашэннямі. З-за таго, што нехта вельмі любіць зялёныя паперкі з выявамі амерыканскіх прэзідэнтаў, а нехта не хоча агучваць праблемы і робіць выгляд, што «ўсё нармальна, мама».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: