АПБ: Паляўнічае лобі нацэлілася на «чырвонакніжнікаў»

На днях у адкрытым доступе з’явіўся адказ Міністэрства лясной гаспадаркі Савету міністраў, у якім Мінлясгас просіць уключыць рысь у спіс паляўнічых відаў.



Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» выступіла ў абарону рысі еўрапейскай.

Кіраўнік АПБ Аляксандр Вінчэўскі распавёў “Радыё Рацыя”:

— Пытанне гэтае не новае, па ўключэнні рысі ў паляўнічыя віды і выключэнне з Чырвонай кнігі. Узнімалася яно і 10 гадоў таму. Справа датычыць не толькі рысі, але і мядзведзя, і барсука. Паляўнічыя хочуць страляць гэтыя тры віды жывёл, якія сёння ўключаны ў Чырвоную кнігу. У 80-х гадах у нас папуляцыя рысі ацэньвалася ў 400 асобін. У 2001-ы — 200 асобін. У 2015-ы — 850. На сёння колькі рысяў дакладна невядома. 

Пакуль сітуацыя супакоена да вызначэння велічыні папуляцыі рысі ў Беларусі.

 

Паводле навуковай супрацоўніцы Цэнтру біярэсурсаў Акадэміі навук Ганны Сідаровіч, калі на рысяў пачнуць паляваць, беларуская прырода сутыкнецца з праблемай рэзкага павелічэння янотападобных сабак.

Гэта інвазіўны від, на іх не палююць з-за нізкай каштоўнасці, затое янотападобныя сабакі нішчаць барсукоў, масава хварэюць шаленствам і г.д. Натуральнымі кантралёрамі гэтага віду з’яўляюцца ваўкі і рысі.



 — Рысь досыць эфектыўна здабывае янотападобных сабак. Рысь здабывае столькі янотападобных сабак, колькі на сённяшні дзень адстрэльваюць паляўнічыя. Калі мы выводзім рысь з Чырвонай кнігі і пачынаем яе страляць, то, адпаведна, паляванне на янотападобную сабаку павінна быць інтэнсіфікавана як мінімум у два разы. Інакш мы будзем мець вельмі сур’ёзныя праблемы з цецеруковымі птушкамі, мы будзем мець праблемы з качкавымі птушкамі, з шаленствам, бо пачнуцца стабільныя выпадкі шаленства, у выніку барсук практычна знікне.  



АПБ заклікае неабыякавых да роднай прыроды людзей падпісаць петыцыю ў абарону рысі еўрапейскай праз сервіс “Зручны горад. Petitions.by”.

Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!