Апеляцыйны суд над Севярынцам, актывістамі «Еўрапейскай Беларусі» і блогерамі адбудзецца 27 жніўня

Апеляцыю на прысуд будуць разглядаць у Вярхоўным судзе Беларусі.


Да гэтага часу Павал Севярынец будзе знаходзіцца ў магілёўскай турме, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на жонку Паўла Вольгу Севярынец. Яна дадала, што на гэты момант не ведае, куды далей накіруюць мужа.

«Павал спраўна дасылае нам лісты, малюе малюнкі для Францішка (сын Паўла і Вольгі. — РС) у кожным лісточку. А вось наконт лістоў ад іншых людзей кажа, што даходзіць вельмі мала. Ён падкрэслівае, што адказвае на ўсе лісты, якія атрымлівае, просіць не крыўдаваць, калі да кагосьці адказы не даходзяць», — напісала ў сацсетках Вольга Севярынец.

Яна думае, што ня ўсе лісты Паўлу перадаюць.

«Нешта адвакат сказаў, што Павал выглядаў засмучаным на сустрэчы. Чаму — не прызнаўся. Прашу аб малітве за яго і, калі можаце, пішыце часьцей. Нават такім моцным і нязломным рыцарам, як наш Паша, патрэбная падтрымка. Толькі разам пратрымаемся», — падсумавала Вольга Севярынец.

Паўла Севярынца затрымалі летась 7 чэрвеня, у дачыненні да яго былі вынесеныя тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная — за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Таксама яму далучылі 30 дзён арышту за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту ў снежні 2019-га і студзені 2020-га.

Пасля 75 сутак Паўла Севярынца не выпусцілі на волю, а перавялі ў СІЗА №1 у статусе падазраванага паводле арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Там выставілі абвінавачанне.

25 траўня ў Магілёўскім абласным судзе суддзя Ірына Ланчава асудзіла Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паўла Юхневіча, Дзьмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага — на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Ірыну Шчасную — на 4 гады калоніі агульнага рэжыму.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: