
Падчас спектаклю-размовы пяцёра акцёраў і акторак спрабуюць з усёй даступнай шчырасцю акунуць гледача ў жах, у якім жылі звычайныя беларусы падчас Другой сусветнай вайны і нацысцкай акупацыі. На сцэне няма ўяўнага "экшэна" — двое мужчынаў і тры жанчыны проста сядзяць і гутараць на пяці мовах: рускай, беларускай, нямецкай, французскай і нават арабскай. Як пісалася ў дысклеймере, "дыялог акцёраў з рознымі культурнымі каранямі прыводзіць да дыялогу пакаленняў і культур памяці, дазваляючы па-новаму паглядзець на сённяшні дзень і ягоныя выклікі".

Спектакль наведала каля 120 чалавек.
"Апошнія сведкі" — гэта ўражанні малых дзяцей аб тым, што лепей не бачыць нават дарослым: як па колеры адрозніваюцца абгарэлыя "дарослыя" трупы ад дзіцячых, як фашысты прымушалі людзей пасміхацца, закопваючы сваіх родных, як бабуля хавала цыпляткаў у рэшэта падчас бамбёжкі. Як жанчына зняла з сябе рэйтузы, каб набраць у іх грэчку з разбомбленага прадуктовага складу.
Спектакль ставіць нетрывіяльныя пытанні, на якія і не адкажаш з ходу: "а ці ўзгадвалі мы вайну да вайны?", "што лепей: памятаць ці забыцца?".
Тэма нацысцкай акупацыі і тэрору, напэўна, заўсёды застанецца глыбокай траўмай на свядомасці беларусаў. І таму нават нягледзячы на тое, што яна даўно ўвайшла ў інструментарый дзяржпрапаганды і гістарычнай міфалогіі, усё ж такі актуальная. І хаця сёння, у 2019-м годзе, размова аб Другой сусветнай падаецца няпоўнай без прыгадвання не меншага па ступені і жахлівасці тэрору сталінізму (як у СССР, так і на акупаваных тэрыторыях), пастаноўкі накшталт гэтай патрэбныя дзеля таго, каб вайна заставалася ў нашай свядомасці не гераічна-патрыятычнай бравадай генералаў і бутафорскіх фільмаў, а невымерным болем і трагедыяй аднаго чалавека, памножанай у міліёны разоў. Чым яна і ёсць насамрэч.



"Чужыя людзі мяне выратавалі. якія ж яны мне чужыя? Усе людзі - свае."