Апошнюю беларускамоўную школу ў Камянецкім раёне захаваюць

Некалькі месяцаў таму ўздымалася пытанне аб закрыцці апошняй сярэдняй беларускамоўнай школы Камянецкага раёна ў вёсцы Амелянец. Але пакуль школу закрываць не будуць.
Такая выснова вынікае з паведамлення за подпісам старшыні Камянецкага райвыканкама Валянціна Зайчука.

Жыхары вёскі ў адказ на пагрозу закрыцця сабралі подпісы пад зваротам да ўладаў у абарону школы. Улады на чале з Валянцінам Зайчуком вымушаныя былі сустрэцца з амелянчукамі, але пэўных адказаў тады не агучылі:

 Ні пра якое закрыццё размовы яшчэ не вядзецца, пакуль вывучаецца пытанне, таму што не так проста сёння закрыць школу. Для таго, каб прыняць узважанае пытанне, як нам быць далей, ёсць некалькі варыянтаў: і пакінуць школу, і зрабіць яе базавай.

У хуткім часе Амелянец наведаў памочнік кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Анатоль Маркевіч, і вось 31 сакавіка мясцовыя ўлады накіравалі «для інфармавання зацікаўленых» дадатковае паведамленне на той зварот:

— Камянецкі раённы выканаўчы камітэт на ваш электронны зварот дадаткова паведамляе наступнае: Камянецкім райвыканкамам праведзены аналіз мэтазгоднасці функцыянавання дзяржаўнай установы адукацыі «Амелянецкая сярэдняя школа» Камянецкага раёна. Па выніках праведзенага аналізу, неабходнасці ў закрыцці або рэарганізацыі дадзенай установы адукацыі цяпер няма. Установа адукацыі працягне працу ў штатным рэжыме.

Адным з ініцыятараў кампаніі ў абарону апошняй беларускамоўнай школы ў Амелянцы стаў настаўнік геаграфіі і фізкультуры згаданай установы Павел Кендысь, які таксама атрымаў дадзены адказ уладаў.


Паводле racyja.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: