Арцемій Троіцкі: «Было паўкрока да перамогі»

Калі б Пуцін замяніў Лукашэнку на дастаткова лаяльнага яму, але не настолькі адыёзнага палітыка, на таго ж былога прэмʼера Румаса, нават на Бабарыку, Крэмль бы «атаварыўся» суцэльнымі плюсамі пры мінімуме выдаткаў — разважае на «Свабодзе» Арцемій Троіцкі.

Журналіст, блогер, музычны крытык Арцемій Троіцкі разважае, чаму беларусам не ўдалося перамагчы ў жніўні-верасні 2020 года, якія формы культурнага супраціву могуць быць афектыўнымі, хто найбольш пацерпіць ад мігранцкага крызісу і ў які Мінск ён хоча прыехаць у агляднай будучыні. Вось асноўныя тэзісы Арцемія Троіцкага.

Пра сітуацыю ў Беларусі

— Вясёлага мала. Баюся, што ўладзе ўдалося даволі грунтоўна запалохаць людзей. Вельмі многія былі проста вымушаныя пакінуць Беларусь. У краінах Балтыі вельмі шмат беларускіх актывістаў, бізнесоўцаў, студэнтаў і ўвогуле нармальных свабодных людзей, якія не змаглі заставацца на радзіме. Гэта сумна. Чаму так адбылося, я не маю адказу. Я ў Беларусі даўно не быў і баюся, што мне туды ездзіць не вельмі рэкамендавана цяпер. Цяжка сказаць, чаму ўдалося пераламаць гэтую пратэставую хвалю Лукашэнку і ягоным «гарылам». Думаю, што часткова людзі стаміліся, часткова зняверыліся, часткова адыграла ролю тое, што большасць вядомых людзей, актывістаў, лідэраў знаходзяцца ці ў турме, ці за мяжой. Я б сказаў, што нават не большасць, а практычна ўсе ў турме ці за мяжой.


Пра паўкрока да перамогі

— Людзей зразумець можна, таму што немагчыма выходзіць на вуліцу кожны дзень ці кожныя выходныя цягам году ці паўтара. Думаю, што вельмі многія шкадуюць пра тое, што не даціснулі сітуацыю ў жніўні-верасні 2020 года. Тады здавалася, што да перамогі засталося паўкрока; думаю, што гэта не здавалася, а сапраўды было так. Я памятаю эпізоды, якія сталі ключавымі ў тым, што беларуская народна-вызвольная рэвалюцыя закончылася. Трэба было вызваляць палітвязняў, штурмаваць гэтыя турмы, рэзідэнцыю Лукашэнкі. Гэта б азначала гвалт, магчыма, кровапраліцце, але рэвалюцыя быць на 100% мірнай не можа. Трэба ісці і на нейкія сілавыя рашэнні, і на нейкія ахвяры. Тое, што ў Беларусі не знайшлося адчайных хлапцоў, сапраўдных буйных, як спяваў Высоцкі, якія б пайшлі да канца і не ў белых пальчатках, гэта вельмі крыўдна.

Таксама вельмі крыўдна, што, калі не лічыць ужо славутых беларускіх кіберпартызанаў, якія актыўна і эфектыўна дзейнічаюць, я не бачу ці не ведаю пра нейкія падпольныя дзеянні, падпольны рух у Беларусі. Пры нямецкай акупацыі было падполле, былі партызаны. Чаму цяпер пры дакладна такой жа акупацыі няма ўнутранага супраціву, для мяне гэта не зусім зразумела. Але я ў Беларусі не быў даўно, з людзьмі не размаўляў. У людзей, якія знаходзяцца за мяжой, як мне здаецца, даволі цьмянае ўяўленне пра тое, што на радзіме адбываецца. Таму адказаў на гэтыя вельмі непрыемныя пытанні ў мяне няма.

Пра кватэрнікі

— Мне расказвалі, што ў Беларусі сталі вельмі папулярныя так званыя кватэрнікі. Гэта рускі выраз, які пайшоў з пачатку 1980-х гадоў, калі ў нас былі ганенні на рок і іншую прагрэсіўную музыку... У Пецярбургу і Маскве праходзіла шмат кватэрнікаў, гэта былі падпольныя, нелегальныя, заканспіраваныя канцэрты. Людзі прыходзілі на кватэры ці прыязджалі на дачы — на прыватную тэрыторыю, дзе ўлады нічога не маглі зрабіць, і слухалі выступы Аляксандра Башлачова, Барыса Грабеншчыкова, Віктара Цоя, Майка Навуменкі, Пятра Мамонава і гэтак далей. Мне расказвалі, што ў Беларусі цяпер нешта падобнае адбываецца.

Пра культурны супраціў

— Не трэба перабольшваць патэнцыял культурнага супраціву. Гэта здорава, цудоўна, падтрымлівае тонус як творцаў, так і іх аматараў, але культурны супраціў — гэта не вырашальная сіла, якая зможа вырашыць сітуацыю ў Беларусі ў лепшы бок. Культура культурай, але ёсць рэчы, можа, менш эмацыйныя, менш прыгожыя, чым вершы і песні, але значна больш дзейсныя. Гэта трэба мець на ўвазе. Але добра, што гэта адбываецца. Гэтаксама як і ў Расіі, гэта паралельныя працэсы. Усё больш бескампрамісных, сумленных дзеячаў культуры будуць перабірацца з ахопленай рэпрэсіямі Беларусі і Расіі за мяжу. Бо калі ты сумленна выказваешся, то знаходзіцца ў гэтых дзяржавах рэальна небяспечна.

Пра Цэслера і пакты салідарнасці

— Мой добры знаёмы Уладзімер Цэслер жыве цяпер за мяжой і працягвае рэгулярна маляваць постэры, карыкатуры, дызайнерскія рэчы, прысвечаныя бягучай сітуацыі. Яны распаўсюджваюцца праз інтэрнэт, і я перакананы, што беларуская публіка, прыхільнікі ягонай творчасці гэта ўсё бачаць. Гэта тычыцца і музыкаў, і пісьменнікаў. Было б зусім добра, каб пратэставая беларуская культура нейкім чынам судакранулася з пратэставай культурай іншых краінаў, найперш з расійскай культурай, бо нашы краіны ў вельмі падобным становішчы. Таксама важна, каб еўрапейскія, амерыканскія дзеячы культуры заключылі нейкія пакты аб салідарнасці са змагарным беларускім народам. Наколькі мне вядома, Фонд культурнай салідарнасці робіць крокі ў гэтым кірунку — праводзяцца сустрэчы, ідуць спектаклі, канферэнцыі... Я быў бы вельмі рады, каб усе гэтыя намаганні не былі марныя.

Пра Крэмль і Лукашэнку

— Расійская Дума нічога не вырашае і не мае дачынення да беларуска-расійскіх адносінаў. Інтрыгі паміж Пуціным і Лукашэнкам захоўваюцца і могуць да канца гэтага году ўвайсці ў больш-менш сур’ёзную, вырашальную фазу. Я не думаю, што Крэмль цалкам задавальняе цяперашняя сітуацыя ў Беларусі, і не выключаю, што ў Крамлі вырашаць нейкім чынам паскорыць падзеі. Гэта можа быць зроблена рознымі спосабамі. Можа быць аншлюс і з моцным ціскам інтэграцыйнае вырашэнне праблемы.

Пра замену Лукашэнкі на Румаса ці Бабарыку

— Альбо другі варыянт, больш хітры і разумны, пра які я ў сябе ў «Хижине дяди Тёмы» выказваўся. Калі «прыбраць» Лукашэнку, то гэта надта б не нашкодзіла Пуціну ў плане ягонай агульнай сітуацыі, а моцна дапамагло б яму ў міжнароднай сітуацыі (санкцыі і ўсё астатняе). Калі б Пуцін замяніў Лукашэнку на дастаткова лаяльнага яму, але не настолькі адыёзнага палітыка, які не так моцна скампраметаваў сябе, на таго ж былога прэмʼера Румаса, можа, нават на Бабарыку, які сядзіць у турме, пры гэтым Крэмль бы «атаварыўся» суцэльнымі плюсамі пры мінімуме выдаткаў.

Пра пасадку самалёта Ryanair

— Апошнім часам Лукашэнка «затаптаў» сітуацыю ўнутры Беларусі, але пры гэтым справакаваў шэраг неабавязковых і непатрэбных яму міжнародных крызісаў, якія зрабілі яго дыктатарам-ізгоем, «нерукапаціскальным», а Беларусь — дзяржавай, абложанай усімі магчымымі санкцыямі. Гэта тычыцца і самалёта Ryanair, і неадэкватных рэпрэсій, і найперш крызісу з мігрантамі. Еўропа і ЗША дастаткова цынічна і абыякава глядзелі на тое, што адбываецца ў Беларусі, да таго часу, пакуль гэта не пачало тычыцца іх непасрэдна. У гэтым сэнсе інцыдэнт з самалётам — рэальная авіякатастрофа для Лукашэнкі. Ён нічога на гэтым не атрымаў, але настроіў супраць сябе не толькі еўрапейскі палітычны істэблішмент, але і еўрапейскую грамадскую думку. А гэта для дэмакратычных краінаў важней, бо любы немец, іспанец ці грэк адразу падумаў, што на гэтым самалёце мог быць ён, ягоная сямʼя ці сябры. І гэта паставіла Лукашэнку ў стан абсалютнага ізгоя ў вачах еўрапейскай грамадскай думкі.

Пра мігрантаў і паразу Лукашэнкі

— Аналагічная гісторыя з мігрантамі. Гэта стварыла цяжкасці для Літвы, Латвіі і Польшчы, але выдаткі для рэжыму Лукашэнкі цяпер і ў будучыні нашмат больш адчувальныя. Гэта сітуацыя, калі ўвогуле прайгралі ўсе. Няўтульна адчуваюць сябе памежныя краіны ЕС, дрэнна сябе адчуваюць няшчасныя іракцы, суданцы ці самалійцы, якія проста трапілі ў якасці разменнай манеты паміж буйнымі палітычнымі жорнамі. І гэта велізарная параза для Лукашэнкі. А выйгрыш толькі для беларускага вызвольнага руху — з той прычыны, што любая параза Лукашэнкі для беларускага народу плюс.

Пра Мінск, у які прыедзе

— Я перакананы, што прыеду ў Менск у агляднай будучыні. Натуральна, гэта будзе Мінск без Лукашэнкі і ўсіх гэтых сілавікоў. Гэта будзе свабодны, дэмакратычны Менск, дзе людзі не будуць баяцца хадзіць па вуліцы з рызыкай быць затрыманымі і дзе над усімі дзяржаўнымі ўстановамі будзе лунаць бел-чырвона-белы сцяг.

«Радыё Свабода»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: