Арганізатары «Чарнобыльскага шляху»: плаціць за паслугі міліцыі — непрымальна

Аргкамітэт сёлетняга «Чарнобыльскага шляху» выступіў з заявай з нагоды адмовы Мінгарвыканкама вызваліць традыцыйную жалобную акцыю ад аплаты за «паслугі міліцыі». Арганізатары лічаць непрымальным, калі прымусовае спагнанне грошай з удзельнікаў акцыі робіцца неканстытуцыйнай формай абмежавання свабоды сходаў. Аргкамітэт будзе працягваць перамовы са сталічнымі ўладамі дзеля вырашэння сітуацыі.
Паведамляем, што Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» атрымаў рашэнне Мінгарвыканкама аб правядзенні масавага мерапрыемства 26 красавіка са зборам удзельнікаў у 18.00 на пляцоўцы каля галоўнага ўваходу ў Прэзідыум Нацыянальнай Акадэміі Навук і шэсцем па традыцыйным маршруце да Чарнобыльскай капліцы.

Адзначаем, што ў сваёй заяўцы на правядзенне гэтай вулічнай акцыі арганізатары прапаноўвалі забяспечваць ахову правапарадку сваімі сіламі. Гэта традыцыйнае на працягу апошніх 30 гадоў мерапрыемства мае высокую грамадскую значнасць для Беларусі, якая больш за ўсіх пацярпела ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Гэта даніна памяці ахвярам і штогадовая жалобная акцыя.

Мінгарвыканкам, насуперак прапанове заяўнікаў, у панядзелак запатрабаваў аплаты дзеянняў міліцыі і паведаміў пра тое, што вызваленне ад яе не прадугледжана.

Аргкамітэт ЧШ лічыць непрымальным спагнанне грошай за працу міліцыі, якая фінансуецца з дзяржбюджэту, паколькі па факце гэта падвойная аплата дзеянняў, у якіх не толькі няма неабходнасці, але часта ў Беларусі — пагроза для ўдзельнікаў мерапрыемстваў.

Мы лічым, што не грамадзяне павінны плаціць дзяржаве за памяць пра Чарнобыль, а дзяржава павінна грамадзянам, якія працягваюць пакутваць ад наступстваў гэтай радыяцыйнай катастрофы.

Не пазней за 24 красавіка заяўнікі маюць намер сустрэцца з прадстаўнікамі ГУУС Мінгарвыканкама, каб у чарговы раз заявіць аб недапушчальнасці збірання аплаты. Мы кваліфікуем патрабаванне ўладаў як палітычны і эканамічны ціск на грамадзян, асабліва ў святле нядаўняй практыкі выстаўлення вялікіх, непад’ёмных для ўдзельнікаў сум. Гэтая практыка і нарматыўныя акты, якія яе падтрымліваюць, парушаюць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян. Мы лічым, што ўлады не павінны аб’яўляць мерапрыемства несанкцыянаваным на падставе нашай адмовы плаціць за міліцыю.

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС адбылася 6 красавіка 1986 года. Ад чарнобыльскай катастрофы так ці іначай пацярпеў ці не кожны беларус — каля 60% радыяактыўных ападкаў аселі на тэрыторыі Беларусі, забруджана ў прыкметнай ступені каля 70% тэрыторыі краіны, на моцна забруджаных тэрыторыях жыве каля 12% насельніцтва.

«Чарнобыльскі шлях» — традыцыйная вулічная акцыя ў фармаце шэсця, якую штогод 26 красавіка праводзіць апазіцыя. Першая акцыя адбылася ў 1988 годзе з ініцыятывы Беларускага Народнага Фронту, і з таго часу шэсце адбываецца штогод. Выключэннем быў 2011 год, калі сталічныя ўлады забаранілі шэсце, даўшы дазвол толькі на правядзене мітынгу. Самым масавым быў «Чарнобыльскі шлях» 1996 года (да 50 тысяч чалавек), які несанкцыянавана прайшоў па праспекце Скарыны (цяпер Незалежнасці). У сутыкненнях з міліцыяй пацярпела каля 100 чалавек. Ад 2008 года да тэмы памяці Чарнобыльскай аварыі дадалася тэма небяспекі будаўніцва ў Беларусі атамнай электрастанцыі па праекце расійскай кампаніі «Росатом».

Заяўку на правядзенне дэманстрацыі «Чарнобыльскі шлях-2019» падпісалі старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч, а таксама прадстаўнікі аргкамітэтаў па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская дэмакратыя» і руху салідарнасці «Разам». У аргкамітэт па правядзенні сёлетняй акцыі ўвайшлі чальцы партыі «Зялёныя», Партыі БНФ і Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, руху «За свабоду», руху салідарнасці «Разам» і экалагічнай арганізацыі «Экадом».

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: