Архіепіскап Арсеній: Нельга перакручваць Праўду на карысць палітычнай мэтазгоднасці

Гродзенскі і Ваўкавыскі архіепіскап Арсеній звярнуўся да вернікаў і нагадаў што перакручваць праўду дзеля палітычнай мэтазгоднасці — знявага Бацькі Праўды, Бога. І калі праўда ператвараецца ў хлусню — на арэну выходзіць іншы бацька. Бацька хлусні. Якога, як мы ведаем з Божага слова, завуць — Д’ябал!

Архіепіскап Арсеній, Фота orthos.org

Слова да вернікаў архіепіскап Арсеній надрукавана на сайце Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы.

«Пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

Мы з вамі перажываем цяжкі перыяд нашай гісторыі, які ўжо азмрочаны пралітай у выніку гвалту крывёю. Чаго, здавалася б, мы, у нашай мірнай і спакойнай Беларусі, не гатовыя былі чакаць ні пры якіх умовах. І, тым не менш, — гэта здарылася.

І здарылася, відавочна, таму, што нельга гуляцца з Праўдай, перакручваць яе на карысць палітычнай мэтазгоднасці. Таму што Праўда — гэта той каштоўнасны феномен і сэнсавая катэгорыя, за якой стаіць — БОГ! І калі Праўда бярэцца ў двукоссі і лёгкім рухам рукі ператвараецца ў хлусню, то зневажаецца Той, Хто — Бацька Праўды! І на арэну выходзіць іншы бацька. Бацька хлусні. Якога, як мы ведаем з Божага слова, завуць — Д’ябал! І яшчэ мы пра яго ведаем, што «Ён быў чалавеказабойцам ад пачатку» (Евангелле ад Іаана 8, 44).

Значыць, кроў ахвяр і цяжкія пакуты людзей у гэтыя дні — на сумленні тых, хто свядома сам забіваў, або прымушаў іншых забіваць Праўду! Пра тое, што так НЕЛЬГА рабіць тым, хто лічыць сябе праваслаўным хрысціянінам, папярэджвалі нашы святары, заклікалі да іх сумлення і нагадвалі Запаведзі Божыя! Але, на жаль, іх слухалі ў апошнюю чаргу.

Цяпер нам усім трэба давядзецца прайсці няпросты шлях пераадолення палітычнага крызісу і маральнага ачышчэння. Якога не бывае без шчырага і глыбокага пакаяння і якому нам усім прыйдзецца навучыцца! Каб мы змаглі прасіць прабачэння сабе і дараваць іншым! І досвед апошніх дзён, калі на вуліцы нашых гарадоў замест збітых мужоў, сыноў, братоў выйшлі іх жонкі, маці, сёстры — з кветкамі і ўсмешкамі, аказалася, што духоўны закон: «Не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром» (Праланне да Рымлянаў 12. 21) — працуе! Любоў вярнула мір і спыніла гвалт! Ці гэта не цуд! Я ўсямерна дзякую тым, хто знайшоў гэта дзіўнае рашэнне і заклікаю на вас дабраславенне Божае!

Веру, што Любоў і Мір дапамогуць усім нам вярнуць і Праўду! Вярнуць у нашы душы, у нашы хаты і сем’і, у адносіны грамадства і дзяржавы. І Праўда дазволіць нам усім вярнуць давер адзін да аднаго. Асабліва да тых, хто, маючы прысягу служыць беларускаму народу, неапраўдана жорстка ставіўся да яго ў гэтыя дні. Няхай кветкі і ўсмешкі нашых выдатных дзяўчат і жанчын дапамогуць і вам вылечыцца ад таксіну зла і агрэсіі!

Вечная памяць загінулым і суцяшэння іх родным і блізкім!

Хутчэйшага выздараўлення ўсім пацярпелым і свабоды тым, хто яе яшчэ чакае!

І няхай будуць справядліва, сумленна і адкрыта расследаваныя ўсе факты падману, гвалту і жорсткасці, каб здзейснілася Правасуддзе і перамагла Праўда!»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: