Аргкам па святкаванні 100-годдзя БНР: дзеянні Статкевіча не адпавядаюць папярэднім рашэнням

Нацыянальны Грамадскі Арганізацыйны Камітэт па святкаванні 100-х угодкаў БНР заявіў, што не мае дачынення да дзеянняў і выказванняў Міколы Статкевіча, якія неправамоцна робяцца ім ад імя Аргкамітэту.

Нацыянальны Грамадскі Арганізацыйны Камітэт быў створаны больш як год таму назад для рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў па святкаванні 100-х угодкаў БНР. Увесь гэты час Аргкам пасылаў заявы, лісты і просьбы ў Мінскія гарсавет і гарвыканкам, розныя міністэрствы і адміністрацыю Прэзідэнта, Акадэмію Навук, Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы, даводзячы значную ролю першага Усебеларускага З'езду 1917 года і Беларускай Народнай Рэспублікі ў справе абвяшчэння і станаўлення беларускай дзяржаўнасці, а таксама дабіваўся ўсталявання памятных дошак і знакаў, перайменавання вуліц у гонар выбітных дзеячоў БНР.

15 студзеня 2018 года НГАК пашырыўся шляхам далучэння прадстаўнікоў розных партый, грамадскіх рухаў і арганізацый для падрыхтоўкі шырокай праграмы святкавання Дня Незалежнасці 25 сакавіка праз традыцыйнае шэсце, мітынг і святочны канцэрт.

«Адным з ключавых мерапрыемстваў першапачатковай праграмы мусіла стаць традыцыйная вулічная акцыя ў цэнтры Мінска, якая, згодна з рашэннем Аргкамітэту, павінна мець масавы, мірны, святочны характар. Пасля адмовы Мінгарвыканкама ў правядзенні шэсця, мітынгу і канцэрта з колькасцю ўдзельнікаў да 1000 чалавек (па маршруце пл. Якуба Коласа — пл. Свабоды) шэраг зарэгістраваных арганізацый-удзельнікаў Аргкамітэту праявілі ініцыятыву, падалі новую заяўку і атрымалі дазвол на правядзенне святочнага мітынгу і канцэрта на пляцоўцы каля Опернага тэатру з колькасцю ўдзельнікаў да 25 000 чалавек. Такі фармат публічнага вулічнага мерапрыемства цалкам адпавядае папярэднім рашэнням Аргкамітэту», — адзначаецца ў заяве.

Між тым, «5 сакавіка Мікалай Статкевіч з групай паплечнікаў, без узгаднення з кіраўніцтвам Аргкамітэту, прыняў аднаасобнае рашэнне аб падачы заяўкі на правядзенне вулічнага шэсця і заяўляе аб намеры правесці шэсце нават у выпадку адмовы Мінгарвыканкамам. Такія дзеянні не адпавядаюць папярэднім рашэнням Аргкамітэту пра святочны фармат адзначэння Дня Незалежнасці і Волі ў гонар Беларускай Народнай Рэспублікі», — лічаць сябры Аргкама.

Чытайце таксама:

Мікалай Статкевіч: «Я не разумею істэрыі вакол маёй персоны»


Заяву падпісалі Старшыня Аргкаму мастак Мікола Купава і яго намеснікі — святар Леванід Акуловіч і грамадскі дзеяч Алесь Жучкоў.

Нагадаем, што 25 сакавіка ў Мінску ля Опернага тэатра адбудзецца дазволены мітынг-канцэрт. Пачатак а 14 гадзіне. Мерапрыемства пройдзе пад лозунгам «Свята незалежнасці».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Лена-праз-калена
  • 2018-03-10 18:21:38
правільна, што адмежаваліся - кожнаму свая дарога. хай статкевіч са сваімі 200-300 вернымі ходзіць дзе хоча. да 100-годдзя БНР гэта не мае дачынення.
  • ВР
  • 2018-03-10 19:30:18
"15 студзеня 2018 года НГАК пашырыўся... для падрыхтоўкі шырокай праграмы святкавання... праз традыцыйнае шэсце, мітынг і святочны канцэрт". ШЭСЦЕ, Карлы! І чаму тады дзеянні Статкевіча не адпавядаюць папярэднім рашэнням аргкамітэта?!
"5 сакавіка Мікалай Статкевіч з групай паплечнікаў... прыняў аднаасобнае рашэнне". Калі "з групай паплечнікаў", то ўжо не "аднаасобнае" :) Наколькі ведаю, там было чалавек 30, якія прадстаўлялі 7 з 13 арганізацый, што ўвайшлі ў аргкамітэт, г. зн. кворум быў.
Па-мойму, у гэтым выпадку (з грамадскім камітэтам) старшыня і намеснікі - не палітычныя фігуры, а выканаўцы, якія мусяць афармляць рашэнні, падпарадкоўваючыся большасці членаў к-та. Можа, я і памыляюся...