Аргкамітэт 100-годдзя БНР запатрабаваў ад уладаў найхутчэйшага ўсталявання памятнай шыльды

Зварот па праблеме замаруджвання справы ўсталявання памятнай шыльды на будынку па вуліцы Валадарскага, 9, у якім 100 гадоў таму была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, накіраваны старшыні Мінгарвыканкама Андрэю Шорцу.

Пытанне размяшчэння памятнай дошкі, якая была выраблена 25 гадоў таму скульптарам Алесем Шатэрнікам і чвэрць стагоддзя захоўвалася на сядзібе БНФ, было ўзгоднена з уладамі напярэдадні сёлетняга адзначэння юбілею БНР. За кошт ахвяраванняў грамадзян была вырабленая новая памятная дошка з бронзы. Мастацкая рада Мінгарвыканкама яшчэ ў красавіку зацвердзіла выгляд дошкі. Аднак, насуперак ранейшым дамоўленасцям, афіцыйнага рашэння Мінгарвыканкама пра ўсталяванне мемарыяльнай дошкі да сёй пары няма.

У звароце нацыянальны арганізацыйны камітэт па адзначэнні стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі падкрэслівае высокі ўзровень мерапрыемстваў, якія адбыліся з нагоды юбілея ў сталіцы, але разам з тым выказвае занепакоенасць замаруджваннем справы з усталяваннем раней узгодненай мемарыяльнай шыльды. Грамадскасць просіць Мінгарвыканкам разгледзець хадайніцтва Беларускага Саюза Мастакоў пра ўсталяванне памятнай шыльды, па якім ужо выкананыя ўсе неабходныя ўзгадненні, і прыняць адпаведнае рашэнне пра яе ўсталяванне ў найхутчэйшы тэрмін.

Ад імя нацыянальнага грамадскага аргкамітэта па адзначэнні стагоддзя БНР зварот падпісалі старшыня аргкамітэта, акадэмік Радзім Гарэцкі, мастак Мікола Купава, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сябра Сойму Партыі БНФ Алесь Жучкоў, святар Леанід Акаловіч, дэпуат Вярхоўнага Савету 12-га склікання Лявон Баршчэўскі.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!