Аргкамітэт "Чарнобыльскага шляху" прыняў лагатып і адказаў Партыі "Зялёныя"

У Мінску 12 красавіка адбылося чарговае паседжанне аргкамітэту па правядзенні "Чарнобыльскага шляху", на якім быў разгледжаны шэраг пытанняў.



У прыватнасці, удзельнікі пасяджэння зацвердзілі лагатып акцыі, а таксама абмеркавалі заяву Беларускай партыі "Зялёныя".

"Аргкамітэт рады, што Беларуская Партыя "Зялёныя" заклікала сваіх прыхільнікаў прыходзіць на "Чарнобыльскі шлях". Што тычыцца агучаных прапаноў, то мы заклікаем прадстаўнікоў партыі прыходзіць на пасяджэнні аргкамітэту і разам абмяркоўваць, як удасканаліць акцыю", — адзначыў адказны сакратар Беларускай хрысціянсай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі.

Пры гэтым ён нагадаў, што БПЗ як і іншым партыям і арганізацыям было прапанавана далучыцца да аргкамітэту Чарнобыльскага шляху, але ніхто з "Зялёных" у пасяджэннях аргкамітэту ўдзелу не браў.

Дзяніс Садоўскі таксама паведаміў, што бліжэйшымі мерапрыемствамі, прымеркаванымі да гадавіны Чарнобыльскай катастрофы, будуць круглыя сталы, якія пройдуць 19–20 красавіка пад назвай "Чарнобыль-Астравец. Эвалюцыя катастрофы".

Нагадаем, 11 красавіка Беларуская партыя "Зялёныя" выступіла з адкрытым лістом, дзе мяркуе, што акцыі "Чарнобыльскі шлях" неабходна кардынальная рэформа падрыхтоўкі, карэкцыя іміджу і пасланняў, якія зрабілі б яе больш рэзананснай у грамадстве.



У дакуменце зазначаецца, што "Зялёныя" заклікаюць сваіх актывістаў далучыцца да акцыі, хоць раней было прынята рашэнне не браць удзел у працы аргкамітэта. Гэта рашэнне звязана з тым, што "падрыхтоўчая праца па фарміраванні аргкамітэта і яго ідэалагічныя ўстаноўкі практычна такія ж, як і ў мінулыя гады".
 

Асноўная праблема "Чарнобыльскага шляху", мяркуюць у партыі, звязана з тым, што вулічная акцыя ўспрымаецца ў грамадстве як палітычная, а не экалагічная. "Яе ўдзельнікамі ў асноўным з'яўляецца актыў апазіцыйных партый і прадстаўнікі маладзёжных палітызаваных субкультур. Эстэтыка маніфестацый хутчэй партыйна-палітычная. Эколагі, праціўнікі АЭС, якіх у грамадстве шмат, часта зведваюць недавер да акцыі і ўспрымаюць яе як праяўленне вузкапартыйнага і асабістага піяру", — зазначаецца ў адкрытым лісце.
 

На думку "Зялёных", рэформа "Чарнобыльскага шляху" павінна ўключаць адмову ад прывязкі да "апазіцыйнага календара", калі аргкамітэт фарміруецца пасля Дня Волі, што "міжволі дазваляе разглядаць шлях як працяг, рэмейк 25 сакавіка". "На наш погляд, аргкамітэт ЧШ мог бы фарміравацца за некалькі месяцаў да 26 красавіка і за кошт сваёй актыўнай прысутнасці ў СМІ надаць будучай акцыі імідж галоўным чынам экалагічнага мерапрыемства", — гаворыцца ў адкрытым лісце.
 

У партыі мяркуюць, што ўдзельнікамі аргкамітэта павінны быць актывісты і прадстаўнікі арганізацый, якія паслядоўна стаяць на экалагічных пазіцыях, нізавыя экалагічныя грамадзянскія ініцыятывы. "Як мінімум патрабуе тлумачэння пазіцыя некаторых арганізацый, якія, беручы ўдзел у ЧШ, у прынцыпе не супраць развіцця ў краіне сектара атамнай энергетыкі ці арыентуюцца на Народную партыю — галоўнага лабіста "мірнага атама" ў ЕС", заяўляюць "Зялёныя".
 

Яны таксама прапаноўваюць адмовіцца ад выкарыстання падчас шляху партыйнай, рэлігійнай і нацыянальнай сімволікі, а таксама ад выступленняў падчас мітынгу лідараў палітычных партый і палітызаваных ініцыятыў.


8 красавіка ў Мінгарвыканкам была пададзена заяўка на правядзенне "Чарнобыльскага шляху". Арганізатары просяць гарадскія ўлады дазволіць збор удзельнікаў акцыі 26 красавіка ў 18.00 на пляцоўцы каля кінатэатра "Кастрычнік", затым шэсце па вуліцы Сурганава да парка Дружбы Народаў, дзе плануецца правесці мітынг. Акцыя павінна завяршыцца ўскладаннем кветак да памятнага знака ахвярам Чарнобыля.

Паводле БелаПАН і Прэсавай службы БХД

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: