Арлоў выступае за вяртанне Полацку статуса горада абласнога падпарадкавання

Ператварэнне Полацка ў райцэнтр — гэта злачынства уладаў, лічыць славуты пісьменнік. 



«Пасля гэтага злачынства Полацак на вачах пачаў занепадаць», — так славуты пісьменнік Уладзімір Арлоў пракаментаваў у інтэрв’ю «Радыё Рацыя» ліквідаванне ў 2013 годзе статусу Полацка як горада абласнога падпарадкавання і пераўтварэнне яго ў шараговы раённы цэнтр. Цяпер тут не ствараюцца новыя музеі, не ўсталёўваюцца новыя помнікі, спынілася выкананне планаў развіцця горада як турыстычнага цэнтра.
 
 
«Не разумеючы таго, колькі Полацк мог бы прынесці нашай краіне аўтарытэту і проста фінансавых сродкаў, прымаецца пастанова, што ён ператвараецца ў адміністрацыйную адзінку, якая называецца раённым цэнтрам. Што азначае скасаванне гарвыканкама, скасаванне гарадскога аддзела культуры, скасаванне іншых структур, якія ўжо мелі добры досвед працы ў такім складаным, у сэнсе з развітай гісторыяй і культурай, горадзе», — заявіў пісьменнік.
 
 
У новым турыстычным даведніку ўжо пазначана, што Полацк стаў цэнтрам раёна, нібыта гэта нейкая важная гістарычная вяха горада: «У кнізе храналогія гарадскіх падзеяў заканчваецца такой датай: 2013 год — Полацк стаў сталіцай Полацкага раёна. Гэта як бы апафеоз, відаць, у вачах тых, хто замаўляў гэтую кнігу. Яны прыйшлі да ўлады, Полацк стаў іхняй сталіцай — сталіцай Полацкага раёна».
 
 
Уладзімір Арлоў мяркуе, што ў Беларусі павінна пачацца грамадская кампанія ліквідавання гэтага ганебнага пераўтварэння Полацка ў райцэнтр.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць