Армяніна, які жыве ў Беларусі з пяці гадоў, выслалі з краіны за ўдзел у акцыях пратэста

Сяргею Петрасяну 33 гады, ён грамадзянін Арменіі. Яго сям'я пераехала ў Беларусь, калі яму было пяць гадоў, з тых часоў ён увесь час жыў у нашай краіне. У канцы мінулага тыдня яго выслалі ў Ерэван.


Мужчына не адмаўляе, што на радзіму, дзе абвешчана ваеннае становішча, яго адправілі на законных падставах, але мяркуе: каталізатарам у гэтай сітуацыі стала тое, што ён выходзіў на мірныя акцыі. "Я ніколі не цікавіўся палітыкай, але падзеі, якія адбываліся ў Беларусі пасля выбараў, не давалі мне спакою, — кажа Сяргей. — Родныя мяне спынялі, папярэджвалі: будуць праблемы. Але я не мог сядзець дома, пакуль іншыя такія ж сумленныя, мірныя інтэлігентныя людзі, лепшыя розумы краіны сядзяць у турмах або атрымліваюць калецтвы".
Па словах Сяргея, у яго засталася ксеракопія віду на жыхарства, якую ён падаваў на працу. Ксеракопію дакумента ў рэдакцыю даслаў Сяргей Петрасян

Па словах Сяргея, у яго засталася ксеракопія віду на жыхарства, якую ён падаваў на працу. Ксеракопію дакумента ў рэдакцыю даслаў Сяргей Петрасян

У ноч з пятніцы на суботу Сяргей прыляцеў у Ерэван. У аэрапорце яго сустрэла цётка і яе сям'я. Цяпер мужчына жыве ў сваякоў і шукае працу. У Беларусі ў яго засталіся жонка, бацькі і брат.

— Перад вылетам я дзевяць дзён правёў у Баранавіцкім ІЧУ, адтуль мяне пад канвоем даставілі ў мінскі аэрапорт, далі хвілін 15 на стасункі з сям'ёй — і пасадзілі ў самалёт, — вяртаецца да тых падзей суразмоўца. — Так праз 28 гадоў жыцця я зноў апынуўся ў Арменіі.

Іх сям'я, успамінае Сяргей, пераехала ў Беларусь у пачатку 1990-х. Гэта, кажа, было рашэнне бацькі. Цяпер бацькі Сяргея жывуць у Баранавічах. Ён таксама прапісаны ў гэтым горадзе, але пасля заканчэння лінгвістычнага ўніверсітэта асеў у Мінску. Доўгі час працаваў у продажах, у 2019-м стаў вывучаць праграмаванне і ў лютым 2020-га ўладкаваўся распрацоўшчыкам у адну з IT-кампаній.

— Не магу сказаць, што я абуральны парушальнік, але і ідэальна законапаслухмяным грамадзянінам назваць сябе таксама не магу, — распавядае Сяргей. — У снежні-студзені, пакуль я самастойна вывучаў праграмаванне, я падпрацоўваў кур'ерам у кавярні. Там палітыка такая: калі заказ прывезлі не своечасова, чалавек атрымлівае яго бясплатна. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, кур'ераў за спазненне не штрафуюць, але ўсё роўна хацелася паспяваць. У выніку за два месяцы я больш за дзесяць разоў парушыў хуткасны рэжым. Гэта ўсё "адміністрацыйкі", а "адміністрацыйкі" — падставы для высылкі. Я сябе не апраўдваю, але я верыў, што ў Баранавіцкім АГІМ, дзе я падаўжаю від на жыхарства, да гэтага паставяцца з разуменнем. Усё ж у нас прыстойная сям'я, я добры чалавек — працую, плачу падаткі.

Так супала, што вясной 2020-га ў Сяргея скончваўся від на жыхарства. Малады чалавек пайшоў у аддзел па грамадзянстве і міграцыі. Гаворыць, змог растлумачыць супрацоўнікам спешку на дарогах, і ў красавіку яму на пяць гадоў працягнулі магчымасць жыць і працаваць у Беларусі. З тых часоў, запэўнівае суразмоўца, праблем з законам у яго не было.

"У аўтазак нас грузілі тварам уніз, клалі адзін на аднаго. Па нас хадзілі, білі дубінкамі"

Да вылету ў Ерэван Сяргей працаваў у адной з мінскіх IT-кампаній. Працоўны дзень, кажа ён, у яго быў з 10 да 19. Калі надвор'е дазваляла, успамінае, у офіс і назад ён дабіраўся на ровары. Так было і 10 жніўня.

— Увечары па дарозе назад на праспекце Машэрава мяне спынілі супрацоўнікі АМАПу, сказалі, што я ім нагадваю кагосьці з акцыі 9 жніўня, і запатрабавалі прайсці для высвятлення асобы, — апісвае тыя падзеі Сяргей. — Я паказаў ім від на жыхарства, яны паглядзелі, але ўсё роўна павялі мяне да аўтазака. Там мяне крыху пабілі і з усімі адвезлі ў Партызанскі РУУС.

Далей, працягвае, была ноч на кукішках. У Сяргея адкаталі пальцы, забралі маёмасць — і на заўтра з іншымі затрыманымі павезлі ў Жодзіна.

— У аўтазак нас грузілі тварам уніз, клалі адзін на аднаго, — вяртаецца ён да тых падзей. — Па дарозе па нас хадзілі, білі дубінкамі. Тым, хто быў зверху, прылятала больш, ніжнім няма чым было дыхаць.
Па словах Сяргея, з СІЗА ў Жодзіна ён выйшаў з такімі сінякамі. Фота ў рэдакцыю даслаў Сяргей Петрасян

Па словах Сяргея, з СІЗА ў Жодзіна ён выйшаў з такімі сінякамі. Фота ў рэдакцыю даслаў Сяргей Петрасян


У Жодзіна Сяргей правёў двое сутак. Потым, распавядае, яго без суда і пратаколаў адпусцілі дадому. На наступны дзень ён пайшоў у паліклініку. У выпісцы з карткі, фота якой мужчына падаў рэдакцыі, напісана: "Дыягназ: множныя ўдары мяккіх тканін спіны, правага плечавага сустава і пляча, ягадзіц, сцёгнаў, правай галёнкі. Удар мяккіх тканін і ўшыб правага перадплечча". Затым ён звярнуўся ў пракуратуру Ленінскага раёна Мінска: напісаў заяву з нагоды збіцця. Цяпер, кажа, папера знаходзіцца ў Следчым камітэце па Мінску. На дадзены момант у прэс-службе СК па Мінску сітуацыю каментаваць не сталі.

— Пасля таго, што са мной здарылася, я пачаў часам выходзіць на пратэсты. Адзін раз быў на нядзельным маршы, раз стаяў у ланцугу салідарнасці, аднойчы прысутнічаў падчас збору каля Чырвонага касцёла і яшчэ разок выйшаў на марш у Баранавічах, — пералічвае Сяргей. — Я не выяўляў ніякай агрэсіі. Сваёй прысутнасцю я хацеў выказаць, што я супраць таго, што збіваюць і саджаюць людзей, супраць фальсіфікацыі выбараў. Людзі ж не дурні, яны ўсё бачаць і разумеюць.

— Вы разумелі, што выхад у горад у знак пратэсту для вас можа скончыцца высылкай?

— Так, разумеў, але я не рацыяналізаваў гэтую сітуацыю. Гэта быў імпульс, эмацыйны парыў. За ўвесь гэты час мяне ні разу не затрымлівалі, але на відэакамеры сілавікоў я трапляў, — адказвае суразмоўца. — Заўважаючы ўсё, што адбываецца ў Беларусі пасля выбараў, я не мог застацца ў баку. Я ніколі не цікавіўся палітыкай, але пачуццё несправядлівасці не давала мне спакою. Я не разумею, чаму разумныя, інтэлігентныя, ні ў чым не вінаватыя людзі сядзяць у турме. Хтосьці ўжо мёртвы. Чаму я павінен маўчаць, калі іншым дрэнна? Бо калі кожны будзе думаць: мая хата з краю, так яно і будзе.

— Але вы ж не грамадзянін Беларусі, чаму вас зачапіла сітуацыя на выбарах?

— Я жыву тут з 5 гадоў, у мяне ўсё ў Беларусі — блізкія, сябры, адукацыя. Ёсць рэчы, якія мацней паперак. Калі ты бачыш абуральную несправядлівасць, як можна не рэагаваць?

"На той момант я нават не здагадваўся, што выслаць мяне збіраюцца прымусова"

Дзесьці месяц таму, працягвае Сяргей, яго бацькам патэлефанавалі з Баранавіцкага АГІМ. Сям'і паведамілі, што збіраюцца ануляваць від на жыхарства сына.

— Калі я пайшоў у аддзел грамадзянства і міграцыі, там тэму палітыкі са мной стараліся не закранаць, толькі мімаходзь цікавіліся, — кажа Сяргей. — У асноўным жа пыталіся, чаму я не жыву па месцы рэгістрацыі, адкуль у мяне столькі штрафаў за ПДР.

— А чаму вы не жывяце па месцы рэгістрацыі? Для замежнікаў гэта важнае патрабаванне.

— У Мінску я здымаю кватэру па дамове, афіцыйна працую, нумар тэлефона ў мяне таксама аформлены на маё імя. Калі мяне хочуць знайсці, гэта зрабіць проста. На сустрэчы мне сказалі разабрацца з рэгістрацыяй, але я не стаў гэтага рабіць. На той момант я ўжо разумеў: у іх ёсць усе законныя падставы выслаць мяне, і мяне вышлюць.

Прыкладна праз тыдзень пасля гэтай сустрэчы бацькам Сяргея прыйшоў ліст, у якім паведамлялася: працэдура па ануляцыі віду на жыхарства для іх сына распачатая. 1 кастрычніка Петрасяну трэба было зноў з'явіцца ў аддзел грамадзянства і міграцыі.

— На той момант я нават не здагадваўся, што выслаць мяне збіраюцца прымусова, — працягвае Сяргей. — Думаў, у мяне будзе яшчэ 30 дзён на тое, каб знайсці працу ў іншай краіне, па-чалавечы сабраць рэчы і з'ехаць. Але 1 кастрычніка пасля гутаркі ў АГІМ мяне павезлі ў Баранавіцкі ГАУС, дзе мне паведамілі пра высылку ў прымусовым парадку (у інтарэсах грамадскага парадку) і што да вылету я павінен буду знаходзіцца ў ІЧУ.
Гэты дакумент, кажа Сяргей, яму ўручылі ў ІЧУ 2 кастрычніка. Тут напісана, што ў дачыненні да яго прынята рашэнне аб высылцы ў прымусовым парадку ў інтарэсах грамадскага парадку. Фота дакумента ў рэдакцыю даслаў Сяргей

Гэты дакумент, кажа Сяргей, яму ўручылі ў ІЧУ 2 кастрычніка. Тут напісана, што ў дачыненні да яго прынята рашэнне аб высылцы ў прымусовым парадку ў інтарэсах грамадскага парадку. Фота дакумента ў рэдакцыю даслаў Сяргей



Сяргей кажа, што не адмаўляўся пакідаць краіну. Але чаму яго змясцілі ў ІЧУ, не ведае.

Па словах Сяргея, гэты дакумент яму таксама ўручылі ў ІЧУ 2 кастрычніка. Тут напісана, што яму анулявалі дазвол на пастаяннае пражыванне ў Беларусі. У сувязі з гэтым яму трэба здаць від на жыхарства замежнага грамадзяніна і пакінуць Беларусь на працягу 30 сутак з дня азнаямлення з прынятым рашэннем. А таксама зарэгістравацца ў органе рэгістрацыі па месцы фактычнага часовага знаходжання на тэрмін да выезду з Беларусі. ​​​​​Фота дакумента ў рэдакцыю даслаў Сяргей

Па словах Сяргея, гэты дакумент яму таксама ўручылі ў ІЧУ 2 кастрычніка. Тут напісана, што яму анулявалі дазвол на пастаяннае пражыванне ў Беларусі. У сувязі з гэтым яму трэба здаць від на жыхарства замежнага грамадзяніна і пакінуць Беларусь на працягу 30 сутак з дня азнаямлення з прынятым рашэннем. А таксама зарэгістравацца ў органе рэгістрацыі па месцы фактычнага часовага знаходжання на тэрмін да выезду з Беларусі. ​​​​​Фота дакумента ў рэдакцыю даслаў Сяргей



— Вы спрабавалі аспрэчыць гэта рашэнне?

— Не. Які сэнс? Я не веру ў тое, што гэтая спроба мела б хоць нейкі шанец на поспех. Пры гэтым мне давялося б чакаць адказу на маю скаргу за кратамі, і гэта магло б зацягнуцца на нявызначаны тэрмін.

"Не, я ні аб чым не шкадую. Па-іншаму паступіць я папросту не мог"


У суботу, 10 кастрычніка, Сяргей апынуўся ў Арменіі. У Беларусь яму нельга вяртацца на працягу пяці гадоў. Сітуацыю ўскладняе і тое, што з-за абвастрэння сітуацыі ў Нагорным Карабаху ў Арменіі абвешчана ваеннае становішча.

— У войску я не служыў (праз гэта, не буду хаваць, доўга не мог атрымаць пашпарт). Я супраць любой вайны і наўрад ці змог бы забіць чалавека. Таму, спадзяюся, мяне не забяруць, — разважае суразмоўца. — Цяпер мне трэба разабрацца з працай і вырашыць, як уз'яднацца з жонкай. Разам мы жывем ужо чатыры гады. У верасні, калі стала пытанне аб маёй высылцы, вырашылі распісацца. Думалі, калі я знайду працу з рэлакацыяй, як пары нам будзе прасцей кудысьці пераехаць разам.

— Няма думак праз пяць гадоў зноў вярнуцца ў Беларусь?

— Калі б у Беларусі нешта змянілася ў тым кірунку, у якім прапануюць рухацца прыгожыя людзі з маршаў, то так, я б хацеў вярнуцца. Будаваць тут дом, выхоўваць дзяцей. Інакш, хутчэй за ўсё, — не.

— Не пашкадавалі, што вырашылі выходзіць на маршы і акцыі?

— Не, я ні аб чым не шкадую. Па-іншаму паступіць я папросту не мог.

Паводле news.tut.by, пераклад НЧ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: