Аршанскага відэаблогера Змітра Казлова аштрафавалі за ролік на YouTube

Пачатку працэсу давялося чакаць восем гадзін, хаця на разгляд справы суддзя Кацярына Мажэйка патраціла ўсяго 25 хвілін, паведамляе baj.by.
У выніку суддзя прыйшла да высновы, што Зміцер Казлоў парушыў патрабаванні заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў і пастанавіла аштрафаваць яго на 510 рублёў (20 базавых велічынь).

Падставай для штрафу стаў выкладзены на YouTube відэаролік, у якім блогер Зміцер Казлоў, вядомы пад нікам Шэры кот, запрашаў усіх на Кастрычніцкую плошчу, каб сустрэцца з кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

31-гадовы жыхар пасёлка Барань, што непадалёк ад Оршы, і сам быў зарэгістраваны кандыдатам, але ягоную рэгістрацыю скасавалі за некалькі дзён да выбараў. Акруговая выбарчая камісія вырашыла, што Казлоў падчас агітацыйных пікетаў незаконна выкарыстоўваў плакаты са словамі «Калгаснай дыктатуры — баста» і «Фальшывым выбарам — баста».

Суддзя Кацярына Мажэйка аштрафавала відэаблогера, не прыняўшы пад увагу тое, што ён і так быў беспадстаўна пакараны арыштам на двое сутак: у суботу, 30 лістапада, яго выклікалі да інспектара Аршанскага РАУС Ліліі Трушко, якая распарадзілася пакінуць яго ў ізалятары часовага ўтрымання да панядзелка 2 снежня.

Сябры Змітра Казлова, журналісты, праваабаронцы, а таксама блогеры з розных гарадоў Беларусі прыйшлі ў суд а 9-й раніцы. Але ім паведамілі, што разгляд справы адбудзецца ў мясцовым райаддзеле міліцыі. Чатыры гадзіны ўсе чакалі ў пастарунку, пакуль высветлілася, што працэс усё ж такі адбудзецца ў будынку суда а 15.00 паводле раскладу. Насамрэч судовае слуханне пачалося толькі а 17.05. З гэтай нагоды праваабаронцы накіравалі скаргу старшыні Аршанскага раённага суда.

Зміцер Казлоў намераны абскарджваць судовую пастанову і рыхтуецца да наступнага працэсу — 6 снежня яго выклікаюць у суд Маскоўскага раёна Мінска. Блогера зноўку будуць судзіць паводле артыкула 23.34 КаАП (за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!