Аршанскі райвыканкам не можа вызначыць месца для ўшанавання памяці ахвяр рэпрэсій

Намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама адказаў на зварот актывістаў аб усталяванні памятнага знака на месцы масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у лесе на Магілёўскай шашы пад Оршай.
Пра гэта «Новаму Часу» паведаміў нашчадак расстраляных, каардынатар грамадскай кампаніі «Забітыя, але не забытыя» Ігар Станкевіч.

У адказ на калектыўны зварот намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Калачоў паведамляе, што распрацоўшчыкам горадабудаўнічага праекта «Генеральны план г. Оршы» УП «БЕЛНИИПГРАДОСТРОИТЕЛЬСТВА» былі дадзены рэкамендацыі па меркаваных месцах масавых пахаванняў: «Дадаткова варта ўлічыць інфармацыю аб меркаваных месцах масавых пахаванняў у ваколіцах г. Оршы ахвяр рэпрэсій 1930-х гг. У сувязі з гэтым да пачатку земляных работ на названых тэрыторыях рэкамендуецца правядзенне папярэдняга абследавання месца з прыцягненнем асобнага спецыялізаванага батальёна Упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь».

Разам з тым, ва ўліковых дадзеных Занальнага дзяржаўнага архіва Оршы звестак пра месцы масавых расстрэлаў ахвяр палітычных рэпрэсій на тэрыторыі Оршы і Аршанскага раёна, а таксама дакументаў камісіі па аказанні садзейнічання ў забеспячэнні правоў і інтарэсаў рэабілітаваных і стварэнні помнікаў ахвярам рэпрэсій перыяду 30—40-х і пачатку 50-х гадоў, якія змяшчаюць згаданую інфармацыю, не маецца.

Для атрымання дадатковай інфармацыі аб месцах масавых пахаванняў ахвяр рэпрэсій у Аршанскім раёне Занальны дзяржаўны архіў Оршы зрабіў запыт у Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці, але там дадзеных пра месцы расстрэлу ахвяр палітычных рэпрэсій на тэрыторыі Аршанскага раёна і Оршы ў 1920—1950 гадах, а таксама звестак пра месцазнаходжанне дакументаў, якія змяшчаюць згаданую інфармацыю, няма.

Іншых матэрыялаў, акрамя выкладзеных у акце камісіі прадстаўнікоў савецкіх і адміністрацыйных органаў ад 20 верасня 1982 года, якія пацвярджаюць масавыя расстрэлы і месцы пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій у Аршанскім раёне, не маецца, дакументальна зафіксаваныя паказанні сведак адсутнічаюць.

Што тычыцца ляснога масіва па Магілёўскай шашы ля вёскі Панізоўе (раней — вёска Паддубцы), намеснік старшыні райвыканкама паведамляе, што раскопкі там не рабіліся, дакументальна зафіксаваныя паказанні сведак адсутнічаюць.

З улікам таго, што інфармацыя, якая змяшчаецца ў тлумачальнай запісцы распрацаўшчыка Генеральнага плана Оршы, носіць рэкамендацыйны характар, а таксама па прычыне адсутнасці дакументаваных дадзеных, якія афіцыйна пацвярджаюць факт расстрэлу ахвяр палітычных рэпрэсій на тэрыторыі Аршанскага раёна, вызначыць месца для ўшанавання памяці загінуўшых у ваколіцах Оршы не ўяўляецца магчымым, лічаць у райвыканкаме.

Ігар Станкевіч мяркуе, што нават калі б для даследаванняў тэрыторыі быў прыцягнуты спецыялізаваны батальён Міністэртсва абароны, гэта не вырашыла б праблемы, а толькі пагоршыла яе.

«Мы ведаем, як працуе гэты батальон. Яго задача — не зрабіць аб'ектыўнае даследванне, а, хутчэй, схаваць сляды рэальных злачынцаў. Так, напрыклад, было ў Хайсах. Тое, што яны зрабілі з расстрэльнымі ямінамі інакш, як вандалізмам, назваць нельга. Гэта не даследванне, а разарэнне пахаванняў. Лепей іх не чапаць. Шмат костак пасля іх так званай працы было проста раскінада па лесе. Больш таго, яны не навукоўцы. Таму, калі будуць весціся даследванні, мы будзем дамагацца прыцягнення сапраўдных навукоўцаў, будзем уважліва сачыць за тым, што і як яны робяць».

Актывіст падкрэслівае, што адказ уладаў — не навіна.

«Мы бачым, як дзяржава глядзіць на тэму рэпрэсій. Іх быццам бы наогул не было. У Беларусі па сёняшні дзень афіцыйна не названая лічба рэпрэсаваных, не вызначана ні адно, апроч Курапатаў, месца масавых пахаваннях ахвяраў сталінізма, закрытыя архівы са справамі рэпрэсаваных, КДБ не садзейнічае, а хутчэй перашкаджае сваякам атрыміваць звесткі на рэпрэсаваных продкаў. А Нацыянальны архіў нават незаконна схаваў базу неабгрунтавана рэпрэсаваных».

Нашчадкі рэпрэсаваных не давяраюць уладам і збіраюцца выкарыстоўваць іншыя магчымасці для ўшанавання памяці сваіх продкаў.

Нагадаем, у лесе на Магілёўскай шашы пад Оршай у жніўні мінулага года знайшлі чалавечыя косткі, пачалася праверка, аб выніках якой грамадскасці не паведамілі. Не выключана, што гэта маглі быць парэшткі савецкіх грамадзян, якіх расстрэльваў НКУС у 1930-я гады. Адна з «дарог смерці» тады праходзіла па размешчанай побач Магілёўскай шашы, а самі расстрэлы адбываліся каля вёскі Паддубцы (цяпер Панізоўе). Аб масавых расстрэлах у гэтым лесе таксама гаворыцца і ў кнізе «Памяць» Оршы і Аршанскага раёна.

Актывісты грамадскай кампаніі «Забітыя, але не забытыя», стварылі інтэрнэт-петыцыю, у якой прасілі, каб улады ўсталявалі знак у памяць аб расстраляных у лесе на Магілёўскай шашы людзях. У выпадку адсутнасці ў Аршанскага райвыканкама неабходных сродкаў аўтары звароту прасілі вызначыць месца і дазволіць нашчадкам расстраляных ўсталяваць такі знак за ўласныя сродкі.

Пад петыцыяй, адпраўленай у Аршанскі райвыканкам, падпісалася больша за 200 чалавек.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: