Аршанскі выканкам адмовіў сваякам рэпрэсаваных у мемарыяле

Аршанскі раённы выканаўчы камітэт адмовіў сваякам расстраляных у Оршы ў вызначэнні месца для памятнага знака ахвярам сталінскіх рэпрэсій 1930-х гадоў у сувязі з адсутнасцю дакументаў, якія б афіцыйна пацвердзілі факты растрэлаў.

Адказы, падпісаныя намеснікам старшыні выканкама Алегам Смірноўскім і выконваючым абавязкі старшыні Міхаілам Дудко, атрымала большасць сваякоў, якія звярнуліся ў выканкам.

У тыпавых адказах гаворыцца: "Ва ўліковых даных "Занальнага дзяржаўнага архіву ў г. Орша "звестак пра месцы расстрэлу ахвяр палітычных рэпрэсій на тэрыторыі Аршанскага раёну не маецца. З-за адсутнасці архіўных дакументаў, якія афіцыйна пацвярджаюць факт расстрэлу ахвяр палітычных рэпрэсій, усталяваць дакладнае месца і асобы пахаваных там людзей не з'яўляецца магчымым. Пры наяўнасці архіўных звестак, якія афіцыйна пацвярджаюць факты, выкладзеныя ў звароце, будзе вызначана месца ўшанавання памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у г. Оршы".

Індывідуальныя і калектыўныя звароты ў Аршанскі райвыканкам накіравала больш за 15 сваякоў расстраляных з Беларусі, Расіі, Швецыі і Італіі. Яны прасілі вызначыць месца для ўстаноўкі знака ў памяць аб рэпрэсаваных у Оршы. Сам знак яны гатовыя ўсталяваць за свае сродкі. Некаторыя з іх прыклалі да лістоў копіі дакументаў з указаннем, што іх продкі расстраляныя ў Оршы, а таксама публікацыі з раённай газеты пачатку 90-х гадоў, дзе гаворыцца пра адкрыццё гарадскімі ўладамі памятнага знака на месцы меркаваных масавых расстрэлаў на Кабыляцкай гары. Але для чыноўнікаў гэтых дакументаў аказалася не дастаткова.
Дзіна Кацер, унучка Матроны Маркевіч — аўтара арнаменту на дзяржаўным сцягу, тройчы звярталася ў выканкам з просьбай усталяваць памятны знак у памяць пра расстралянага ў Оршы дзядулю Аляксея Маркевіча. "Нам сказалі, што майго дзеда расстралялі на Кабыляцкай гары пад Оршай. У мінулым годзе мы туды паехалі. Я была проста ў жаху! Засмечаны лес, прайсці вельмі цяжка. Мы ездзілі вясной, было слізка, брудна. Мая старэнькая мама так і не патрапіла на месца расстрэлу свайго бацькі. Тады я ў першы раз напісала ў Аршанскі райвыканкам, што гэта ганьба. Што сцяг з арнаментам бабулі пабываў у космасе, а дзеда расстралялі, і яго безназоўная магіла зарасла быльнікам", — распавяла Дзіна Пракопаўна.

На зварот пісьмовага адказу не было, праўда, нехта патэлефанаваў, не назваўшы свайго імя, сказаў, што райвыканкаму неабходна ведаць, ці захаваліся дакументы пра расстрэл сваяка. Дзіна Кацер накіравала ў выканкам копіі артыкулаў з мясцовых газет пра ўстаноўку ў Сянно помніка сваёй вядомай бабулі і даведкі пра расстрэл дзядулі ў Оршы і яго рэабілітацыю. Але ў адказ чыноўнікі прамаўчалі. Адказ яна атрымала толькі пасля трэцяга звароту.

19 мая шэсць сваякоў патэлефанавалі на "прамую тэлефонную лінію" в.а намесніка старшыні райвыканкама Міхаілу Дудко з тым жа пытаннем пра мемарыял, але пачулі той жа адказ пра адсутнасць архіўных дакументаў.

Сваякі рэпрэсаваных, аб'яднаныя ў грамадскую ініцыятыву "Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы", лічаць, што дазвол ад уладаў — справа прынцыповая. Некаторыя з іх гатовыя ўстанавіць сваім продкам помнікі, крыжы, але няма гарантый, што ў лесе на Кабыляцкай гары яны не стануць здабычай вандалаў.

Ініцыятыва "Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы" наладзіла сувязь амаль з 20 нашчадкамі расстраляных у Оршы. Многія з іх ужо ўсталявалі на Кабыляцкай гары памятныя шыльды, крыжы і нават помнік з імёнамі сваіх продкаў і іх сваякоў.
***

Паводле даследаванняў гісторыка Дзмітрыя Дразда, у Оршы НКВД расстраляў па меншай меры каля 1900 чалавек, сярод якіх было больш за 1100 беларусаў, звыш 500 палякаў, каля 40 яўрэяў, а таксама прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. І гэта толькі тыя, чые імёны ўдалося адшукаць у адкрытых базах даных.

У 1982 годзе падчас будаўніцтва галінкі чыгункі на Кабыляцкай гары былі знойдзены рэшткі 50 чалавек з кулявымі адтулінамі патыліцы. Афіцыйная камісія ў складзе прадстаўнікоў міністэрстваў абароны, унутраных спраў, пракуратуры, судмедэкспертаў устанавіла, што гэтыя людзі былі забітыя на Кабыляках у 1937-1940 гадах. Знойдзеныя парэшткі перазахавалі, а ў лістападзе 1990 года па рашэнні Аршанскага райвыканкама на Кабыляцкай гары ў гонар ахвяраў сталінізму быў усталяваны памятны знак. Аднак пазней афіцыйнае стаўленне да рэпрэсій у краіне змянілася, і мемарыял закінулі. Больш за 20 гадоў за ім даглядалі грамадскія актывісты.

Ініцыятыва "Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы" ўзнікла ў канцы 2017 года. Галоўнымі ініцыятарамі сталі нашчадкі расстраляных, якія дамагаюцца надання месцу афіцыйнага статусу. Цяпер ініцыятыва шукае нашчадкаў забітых, а таксама вядзе пошук звестак аб расстраляных.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: