Артыста філармоніі Дзяніса Іванова так і не асудзілі, але затрымалі па новым пратаколе

Артыст камернага хору Белдзяржфілармоніі Дзяніс Іваноў ужо пяты дзень знаходзіцца на Акрэсціна. Двойчы яго судзілі, але справу адпраўлялі на дапрацоўку. Учора Дзяніса павінны былі адпусціць, але сёння стала вядома, што яго «перазатрымалі» па новым пратаколе, паведаміў «Новаму Часу» яго калега Антон Шэлег.
Дзяніс Іваноў, фота budzma.by

Дзяніс Іваноў, фота budzma.by

У панядзелак, 25 студзеня, Дзяніса Іванова а 13:00 затрымалі на працоўным месцы ў філармоніі. Прыйшлі два чалавекі ў цывільным, не прадставіліся і адвялі на допыт у кабінет дырэктара філармоніі. Затым павезлі ў невядомым напрамку. Дзяніс патэлефанаваў Антону ў 15:00 і сказаў, што яшчэ набярэ ў 19:00. Але ў прызначаны час не набраў і яго тэлефон ужо быў недасяжны. Увечары таго ж дня Дзяніса знайшлі ў спісах на Акрэсціна.

У аўторак ад валанцёра ўдалося даведацца, што Дзяніс знаходзіцца ў камеры на пяць месцаў, іх там 13 чалавек. Каб зайсці ў камеру, яму трэба было прайсці па БЧБ-сцягу. Перадачы на Акрэсціна не прымаюць. Гэтак жа напісаў чалавек, які разам з ім сядзеў. Ён сказаў, што Дзяніс у нармальным выглядзе (маецца на ўвазе, што яго не білі), і што яны былі ў адной камеры на Акрэсціна.

У сераду а 12:00 даведаліся, што а 14:00 суд у Першамайскім судзе. Па яго выніках справу Дзяніса адправілі на дапрацоўку ў сувязі з недахопам доказаў.

У 16:00 28 студзеня Дзяніса павінны былі адпусціць, паколькі заканчваліся 72 гадзіны з моманту затрымання. Блізкія Дзяніса паехалі да 15:30 на Акрэсціна. Але там супрацоўнікі праз «дамафон» сказалі, што Іванова ў іх не было і няма. Тэлефанавалі ў суд Першамайскага раёна і ўва ўсе ІЧУ Беларусі, у Першамайскае РУУС — нідзе няма Іванова. Цягам дзвюх гадзін адвакат дамагалася праўды ў Першамайскім РУУС. Да яго не дапусцілі, азнаёміцца з матэрыяламі справы не далі. Пазней сам Іваноў на судзе пацвердзіў, што ён быў у гэты момант у РУУС і чуў, як адвакат просіць дапусціць яе.

Сёння а 12:00 блізкія Дзяніса зноў даведаліся, што суд над ім адбудзецца ў 14:00, усё ў тым жа Першамайскім судзе. Там жа высвятляецца, што на Дзяніса складзены новы пратакол, і ў чацвер а 16:00 яго «перазатрымалі». Тым часам першую справу зноў адправілі на дапрацоўку.

Тэрмін новага затрымання Дзяніса Іванова заканчваецца 31 студзеня.

Антон Шэлег звязвае затрыманне Дзяніса з нядаўняй акцыяй у ГЦ «Дана Мол», калі там вывесілі вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

Увосені Дзяніс Іваноў ужо адбываў 15 сутак арышту: паводле абвінавачання, ён «з хуліганскіх перакананняў» пераапрануўся ў амапаўца і спяваў песні ў адным з гандлёвых цэнтраў Мінска.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: