Арыштаваны бізнесмен Аляксандр Кныровіч

У Мінску ў сераду следчымі невядомай пакуль праваахоўнай структуры быў затрыманы (па іншых дадзеных — ужо арыштаваны) вядомы беларускі бізнесмен Аляксандр Кныровіч.
фота bel.biz

фота bel.biz

Першая інфармацыя аб затрыманні Кныровіча з'явілася ў сераду днём. У яго была прызначаная сустрэча ў горадзе, аднак тыя, з кім ён павінен быў сустрэцца, атрымалі толькі паведамленне праз мабільны месэнджер: «Я цяпер на допыце як сведка, але не ведаю, ці выйду». Паведамленне было адпраўлена ў 13.22 серады; з таго часу ніякай інфармацыі пра лёс Кныровіча няма, яго тэлефон не адказвае, апошнія запісы ў сацыяльных сетках датаваныя 24 студзеня. Сам бізнесмен папярэднія дні правёў у Швейцарыі, вярнуўся ў Мінск толькі 25 студзеня і, гледзячы па ўсім, адразу па вяртанні быў затрыманы. Пазней супрацоўнікі аднаго з прадпрыемстваў Кныровіча ў сацсетцы неафіцыйна паведамілі журналісту НЧ, што прадпрымальнік ужо не затрыманы, а афіцыйна арыштаваны.

У чацвер на партале Onliner.by з'явілася інфармацыя, што Кныровіч затрыманы па падазрэнні ў дачы хабару чыноўніку. Плюс нейкія пытанні паўсталі па кантрактах з расійскімі пастаўшчыкамі.

Сваякі Аляксандра Кныровіча адмаўляюцца даваць якую-небудзь інфармацыю СМІ, матывуючы гэта тым, што «паднятая хваля яму толькі нашкодзіць, яго ў такім разе не выпусцяць». У сваю чаргу, партал Tut.by напісаў са спасылкай на «знаёмага бізнесмена»: «Кажуць, у Аляксандра былі праблемы па бізнесе, але ў чым канкрэтна яго вінавацяць, пакуль мне не вядома». «Еўрарадыё» таксама цытуе сяброў прадпрымальніка. «Яго затрымалі вельмі сур'ёзныя людзі, цяпер ідзе высвятленне акалічнасцяў», — пракаментаваў адзін з іх, дадаўшы, што ёсць шанец, што на працягу бліжэйшы двух дзён Кныровіч апынецца на волі.

Пры гэтым застаецца незразумелым, якая менавіта праваахоўная структура затрымала (або сапраўды арыштавала) Кныровіча. «Следчым камітэтам Аляксандр Кныровіч не затрымліваўся», — паведаміў «Еўрарадыё» начальнік прэс-службы СК Сяргей Кабаковіч. Гэта значыць, справай Кныровіча займаюцца або ў Камітэце дзяржкантролю, або ў КДБ. Аднак у гэтых двух структурах ніяк не каментуюць тое, што адбываецца.

«Наша Ніва» паведаміла, што бізнесмен змешчаны на 72 гадзіны ў СІЗА КДБ.

Аляксандр Кныровіч — адзін з нешматлікіх буйных беларускіх бізнесменаў, якія з’яўляюцца адначасова і яркай публічнай асобай. Ён актыўна выступаў на розных публічных мерапрыемствах, даваў каментары і публікаваўся ў розных СМІ, вельмі актыўны ў сацыяльных сетках, вёў праграму на тэлебачанні. Пры гэтым ён цвёрда крытыкаваў дзяржаўную эканамічную палітыку, а таксама канкрэтных службоўцаў і іх рашэнні.



Даведка "Новага Часу"

Аляксандр Кныровіч — доларавы мільянер, вядомы як удзельнік шматлікіх праектаў, першым чынам як сузаснавальнік і генеральны дырэктар будаўнічага холдынгу «Сармат». Ментар праекту «Мой Бізнес» на ОНТ, вядучы перадачы на «Белбізнесчэнэл», бізнес-анёл «БАВИН», уладальнік бара Bristle.

Рэклама прадукцыі кампаніі "Сармат"

Сам Кныровіч не рабіў сакрэту з таго, што ў апошні час яго бізнес перажывае цяжкасці. У прыватнасці, ён неаднаразова казаў, што дзяржаўныя заказчыкі не могуць з ім разлічыцца. 19 снежня 2016-га ў інтэрв'ю «Беларускаму партызану» Кныровіч распавёў, што апошнія два гады працуе «у нуль» і лічыць гэта добрым вынікам. «У адным маім бізнесе рынак зваліўся ў два разы, у другім — у тры разы. У лепшым выпадку кампаніі ў гэтых сектарах працуюць «па нулях» – без страт, але і нічога не зарабляючы. Проста плацяць зарплаты працаўнікам і спадзяюцца, што сітуацыя ў нейкай больш-меней агляднай будучыні зменіцца. Так што сёння нулявая прыбытковасць — гэтае вялікае дасягненне, бо большасць цяпер проста банкрутуецца», — сказаў бізнесмен.

Менавіта з-за крызісу год назад ён спыніў сваю дзейнасць у «БАВИН» (Кныровіч з'яўляўся старшынёй кіравання супольнасці бізнес-анёлаў і венчурных інвестараў «БАВИН»). «Папярэдне мы дамовіліся вярнуцца да гэтага пытання ўлетку 2017 года», — распавёў Кныровіч.

Таксама вядома, што адна з галоўных кампаній Аляксандра Кныровіча — «Сармат Кіруючая Кампанія» — па стане на 1 лістапада 2016 года ўваходзіла ў «чорны спіс» Міністэрства па падатках і зборах па Мінску як маючая абавязкі перад бюджэтам.

У адным з інтэрв'ю Кныровіч неяк прызнаўся: «У маім уласным жыцці колькасць няўдач перавышае колькасць поспехаў. Гэта абсалютна відавочна. Вось у мяне сёння была няўдача. У маленькай кампаніі чалавек паўтары гады працаваў і скраў грошы. Абсалютна дурная сітуацыя. І вось я цяпер замест таго каб развіваць гэтую кампанію, павінен наймаць чалавека, які будзе яго вяртаць. Правал? Правал. Трэба было жа нам глядзець, калі бралі чалавека на працу».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: