Беларускія футбалісты — прайгралі ўсё, што можна

Яшчэ некалькі гадоў таму беларускія заўзятары думалі, што футбол у краіне мае нейкі вышэйшы сэнс і хоць павольна, але рухаецца насустрач святлу ў канцы тунэлю. Але сёлета ўсе гэтыя напрацоўкі паляцелі ў бездань.

Тбілісі. Грузія — Беларусь. У найважнейшым матчы нашы футбалісты выглядалі зусім бездапаможна. Фота www.gff.ge



Два «Дынама» і «Шахцёр»

Шахцёры «Беларуськалія» пасля 9 жніўня спрабавалі страйкаваць, але хутка атрымалі па касцы і аднавілі вытворчасць. Яны здабываюць свае вельмі карысныя выкапні ў тым ліку для таго, каб футбалісты клуба «Шахцёр» атрымлівалі астранамічныя заробкі і нарэшце навучыліся перамагаць.

Футбалісты вучацца — ужо шмат гадоў. Аднак перамагаць па-ранейшаму не здольныя.

Гэта ўжо не аднойчы расказаны апокрыф, але ён застаецца фактам: штогод у салігорскую каманду ўбухваюцца вялізарныя дзяржаўныя грошы, штогод туды пачкамі завозяць нятанных легіянераў і амаль штогод мяняюць трэнераў. І штогод футбольны Салігорску працягвае несці страты — фінансавыя, спартыўныя, іміджавыя.

Напрыканцы лета «Шахцёр» распачаў чарговую эпічную адысею — стартаваў у Лізе Еўропы. У якасці суперніка атрымаў сціплы малдаўскі «Сфынтул Георге». Добры варыянт, здавалася, тут ужо дакладна нельга схібіць. Аднак, як выявілася, няма такіх праблем, якія не можа сабе стварыць асобна ўзяты беларускі футбольны клуб.

«Шахцёр» сціснуў волю ў кулак — і ўсё ж такі прайграў малдаванам, ды яшчэ на сваім полі. І адразу праляцеў міма мары пра еўракубкавую восень.

У мінскага «Дынама» здарылася тая ж гісторыя, і мы пра гэта ўжо згадвалі. Узяты пад трапяткую апеку дзяржавы, найстарэйшы беларускі футбольны клуб, гонар заўзятараў 1980-х гадоў, усё ніяк не можа выкараскацца з багны. Ужо і грошы яму даюць, і гульцоў замежных купляюць, і трэнерам паставілі аўтарытэтнага Леаніда Кучука. Усё дарэмна. У той жа Лізе Еўропы мінчане млява саступілі польскаму «Пясту» і маркотна скончылі свае гастролі на міжнароднай арэне. У чэмпіянаце краіны справы таксама ідуць гаротна — сёмае месца за пяць тураў на фінішу. «Дынама» брэсцкае яшчэ крыху пакорпалася ў еўракубках. Прайшло два раунды, што для сённяшняга часу амаль подзвіг. Але потым паляцела пад адхон і яно — на хвілінку, чэмпіён краіны. Ні ізраільскаму «Макабі» ў Лізе чэмпіёнаў, ні балгарскаму «Лудагорцу» ў Лізе Еўропы берасцейцы рады не далі. І яны таксама маюць усе шанцы, каб з трэскам праваліць сезон.


Барысаў ужо «не торт»

Для БАТЭ выдзелім, як у тым кіно, «асобны кабінет», бо працяглы час вонкавы дабрабыт трымаўся ў беларускім футболе менавіта за кошт поспехаў «жоўта-сініх». Яны хутчэй насуперак — цягнулі воз уласнымі высілкамі. Анатоль Капскі ў самым звычайным раённым цэнтры ўмудрыўся стварыць сапраўдны футбольны аазіс, які квітнеў дзесяць гадоў.

Але Капскі заўчасна памёр. А цяпер і яго дзецішча паступова праяўляе прыкметы заняпаду.

На рахунку барысаўчан таксама аглушальны правал на міжнародным узроўні. Упершыню за сем апошніх сезонаў колішні флагман беларускага футбола вылецеў з еўракубкаў ужо на самым пачатку. Дастаткова было паехаць у Сафію — у госці да мясцовага ЦСКА. Балгарам БАТЭ прайграў драматычна, але каго гэта хвалюе? Хто памятае нешта большае, акрамя выніковых лічбаў 0:2 на табло?

У беларускім чэмпіянаце Барысаў яшчэ трымаецца на верхнім радку ў табліцы, але ўсё вельмі хістка. Той вялізнай розніцы ў класе перад канкурэнтамі даўно няма. А гродзенскі «Нёман» дыхае ў спіну горача і пагрозліва.

Зрэшты, галоўнае ў іншым — у канцэптуальнай будучыні гэтага футбольнага праекту. Мы ўжо паведамлялі, што ёсць вялікія пытанні да фарміравання ў футбольным Барысаве годнага бюджэту на наступныя сезоны. Бо шчодрага спонсара клуб не мае — як не мае і магутнай дзяржпадтрымкі. БАТЭ існуе за грошы, якія сам зарабляе ў еўракубках. Ужо другі год запар асаблівых грошай няма — няма і любові?

Кадравая палітыка апошніх тыдняў таксама намякае, што барысаўчане пачынаюць пралічваць наступныя крокі і памалу зацягваць паясы. Сыходзяць з офісу менеджары — спачатку кіраўнік дэпартаменту развіцця Наталля Марчанка, затым намеснік генеральнага дырэктара Аляксей Баравіцкі. Уласна, і самога «гендыра» БАТЭ не мае з тых часоў як пасаду па палітычных матывах пакінуў Міхаіл Залеўскі.

Можна чакаць, што і некаторыя моцныя гульцы ў міжсезонні таксама развітаюцца з Барысавам. Нездарма клуб ужо цяпер пакрысе падпісвае моладзь з іншых каманд. Моладзь — яна таннейшая і шмат есці не просіць.

Тбілісі. Грузія — Беларусь. У найважнейшым матчы нашы футбалісты выглядалі зусім бездапаможна. Фота www.gff.ge


Зборная як вішанька

Клубы на еўраарэне сёлета выступілі найгорш за апошнія 14 гадоў, і ад гэтага факта нельга адмахнуцца. Але быў яшчэ шанец яго, як гавораць тэлевізійшчыкі, заблюрыць. Гэты шанец мела зборная. І паспяхова запарола.

На мінулым тыдні ў раскладзе галоўнай каманды краіны, як у барона Мюнхгаўзэна, значыўся подзвіг. Зборная Беларусі падышла да кульмінацыі свайго існавання апошніх гадоў. Ёй прыспеў час гуляць у плей-оф за паездку на чэмпіянат Еўропы.

Раней, яшчэ пад кіраўніцтвам трэнера Ігара Крывушэнкі, беларусы пераадолелі групавы бар’ер, і ў выніку пуцёўка на EURO лягла на кон у барацьбе чатырох каманд — Беларусі, Грузіі, Паўночнай Македоніі Косава. Хто з квартэту мацнейшы — таго, як кажуць, і тапкі.

І вось нашы футбалісты адправіліся ў Тбілісі. Каб перамагчы і выйсці ў фінал. Пра гэты матч цэлы год напралёт трызнілі заўзятары і прэса, гэтай гульні чакалі як Другога Прышэсця. Дачакаліся — праслязіліся.

У грузінскай сталіцы беларусы выглядалі проста бездапаможна. Вочы не гараць, ногі не бягуць, па мячы не трапляюць. За 90 хвілін наша каманда толькі раз здолела стрэліць у створ чужых варот, дый той удар вастрыні не нёс. Грузіны — тыя «паміралі» на полі, усяляк дэманстравалі, што ў гэты гістарычны вечар яны гатовы аддаць дзеля перамогі ўсё. І гол свой яны забілі, хай і з пенальці.


Драгун нон-грата

Зборная Беларусі адвярнула ад сябе заўзятараў. Прычым у адпаведнасці з класікай: спачатку паступова, а потым — адразу.

Паступова — гэта гісторыя пра тое, як футбалісты-зборнікі старанна адмоўчваліся, адмяжоўваліся ад палітычных падзей у краіне. І ўвогуле не знайшлі ў сабе моцы хоць неяк абазначыць сваю грамадзянскую пазіцыю. Лічаныя белыя стужкі, з якімі выходзілі на матчы лічаныя гульцы, — ну так сабе рэакцыя на зверствы сілавікоў і іншае беззаконне.

Адразу — гэта персанальная справа паўабаронцы Станіслава Драгуна, якому не знайшлося месца сярод гульцоў тбіліскага матчу. Афіцыйнае тлумачэнне — каронавірус, які хлопец падхапіў адначасова са сваім аднаклубнікам з БАТЭ Ігарам Стасевічам. Але ад 30 верасня Драгун ужо трэніраваўся з барысаўскай камандай на ўсю моц, і на той момант да гульні з грузінамі заставалася больш за тыдзень.

Драгун, у адрозненне ад іншых, не маўчыць. І то падтрымае баскетбалістку Алену Леўчанка, то выкажацца ўвогуле пра гвалт у краіне. То падыме голас у відэароліку ўсё на тыя ж самыя палітычныя тэмы. То так, па дробязі, пакоціць бочку на кіраўніцтва федэрацыі, якое ніяк не можа пазбавіць чэмпіянат краіны гучных судзейскіх скандалаў.

І так цяпер бачыцца, што Станіслава Драгуна — аднаго з мацнейшых беларускіх футбалістаў сучаснасці і лідара зборнай — выставілі з гэтай зборнай перад найважнейшым матчам па палітычных матывах. І так цяпер выглядае, што і тут, як і ў тым жа фрыстайле, ідэалогія пераважыла спартыўны вынік, які быў такі блізкі і пра які яшчэ нядаўна заўзятары так марылі.

Што ж, тады як ёсць. Прынамсі за прафесійны дабрабыт кіраўнікоў футбола на бліжэйшы час можна быць спакойным. Яны добра разумеюць дзяржаўныя прыярытэты і цвёрда стаяць на іх варце. На жаль, нельга быць у спакоі адносна самога футбола, які ў гэтым годзе аглушальна праваліўся па ўсіх напрамках. Праваліліся клубы, нацыянальная зборная… Дый маладзёжную чаму б не згадаць — тая ў верасні прайграла Нідэрландам у Жодзіне з ганебным лікам 0:7. Хаця некалі прабівалася на EURO, заваёўвала там медалі і ўдзельнічала ў Алімпіядзе.

Зрэшты, гэта было так даўно, што здаецца няпраўдай. А праўда сёння — прабітае новае дно. І ніякай упэўненасці, што заўтра знізу зноў не пагрукаюць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: