Асамблея НДА ўганаравала чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасці (шмат фота)

9 студзеня ў мінскім клубе «Бруге» адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці–2019». Асамблея НДА ў адзінаццаты раз адзначыла асобаў і важныя падзеі грамадскага сектару.

Сёлета ў журы была рэкордная колькасць грамадскіх лідараў, экспертаў, журналістаў і пераможцаў мінулых гадоў — агулам 150 чалавек.

Святлана Гатальская — грамадская лідарка 2019 года

Святлана Гатальская — грамадская лідарка 2019 года

Старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч адзначае, што «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» — гэта прэмія ўсёй грамадзянскай супольнасці.

Самая напружаная барацьба разгарнулася ў намінацыі «Грамадскі лідар/ грамадская лідарка года». Першае месца падзялілі Святлана Гатальская з руху «Маршыруй, дзетка!», які прасоўвае прыняцце закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, і Алена Маслюкова, лідарка ініцыятывы супраць запуску заводу па вытворчасці беленай цэлюлозы ў Светлагорску.

 

Кампаніяй году была прызнаная Кампанія па ўшанаванні паўстанцаў 1863–1864 года ў Вільні. Статуэтку атрымаў Дзяніс Кучынскі, адзін з дзеячаў Беларускага грамадскага камітэту ўшанавання памяці паўстанцаў.

«Новая ініцыятыва» — адукацыйна-асветніцкая пляцоўка «Тэрыторыя правоў», заснаваная сумесна Беларускім домам правоў чалавека і ПЦ «Вясна». За першы год працы пляцоўкі грамадскія арганізацыі правялі там больш за 170 сваіх івентаў.

 

У намінацыі «Медыяактыўнасць» перамог відэа-блог на youtube «Рудабельская паказуха». Сёлета папулярнасць каналу імкліва вырасла — на яго падпісана 13 000 чалавек.

Статуэтку ў намінацыі «Талака году», якая ўручаецца за паспяховае далучэнне людзей да грамадскай актыўнасці, атрымала краўдфандынгавая пляцоўка MolaMola.

Рэгіянальная падзеяй стаў праект «Інклюзіўны барыста», які распаўсюдзіў сваю працу на абласныя і малыя гарады. Мэта праекта — дапамагчы людзям з інваліднасцю з працаўладкаваннем.

«Партнёрства года» — усталяванне помніка Алесю Адамовічу ў Глушы. Грамадзянская супольнасць ініцыявала і сабрала сродкі. Праект падрыхтаваў скульптар Гэнік Лойка, падтрымала дачка пісьменніка Галіна Адамовіч, а мясцовая ўлада вылучыла годнае месца для помніка і дапамагла з арганізацыяй урачыстасці.

Чытайце таксама:

Феномен «Глуша», ці 13 парадаў для тых, хто хоча змяніць сваю малую радзіму



У намінацыі «Крэатыў года» перамаглі берасцейцы з мабільнай аплікацыяй reBrest — гідам па архітэктурнай спадчыне гораду. Статуэтку атрымаў лідар праекту Віктар Клімус.

Чытайце таксама:

Дзіяна Серадзюк — «Журналістка года»!

 


«Журналістка году» — Дзіяна Серадзюк. Дзіяна вядзе рубрыку «Грамадства» ў «Новым Часе». Сістэмна асвятляе вострыя грамадскія сітуацыі і канфлікты, у тым ліку вакол Курапатаў і Вайсковых могілак, якія мабілізуюць грамадства, праблемы барацьбы за моўныя правы і іншыя.

 

Антыпрэмія «Гарбуз» году — апраўданне зносу памятных крыжоў у Курапатах і пераследу абаронцаў мемарыялу.

 

 

Акрамя статуэтак і дыпломаў пераможцы атрымалі сертыфікаты на піяр сваёй падзеі, стварэнне промавідэа, аплачаную арэнду памяшкання, кава-паўзу на імпрэзу, рэкламу ў сацыяльных сетках і іншыя прызы, якія дапамогуць у развіцці іх арганізацыі.

belngo.info

Фота Дзіяны Пінчук

 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: