Асамблея НДА запрашае на Марафон лекцый

4 чэрвеня Асамблея НДА правядзе Марафон лекцый. Цягам 5 гадзінаў у інфармацыйным анлайн-забегу будуць удзельнічаць 5 спікераў і спікерак з розных грамадскіх арганізацыяў, якія тым ці іншым чынам закрануць COVID-19.



Праграма Марафону лекцый


16:00 “Шматразовае VS Аднаразовае”, Наталля Блішчык з Цэнтру экалагічных рашэнняў.

На лекцыі вы даведаецеся як зменшыць экалагічную нагрузку на навакольнае асяроддзе без шкоды для здароўя, як зрабіць шматразовы посуд і ўпакоўку бяспечнымі для карыстання. А таксама паразважаеце, ці зможа страх каронавірусу знішчыць лад жыцця, які будуецца на прынцыпах Zero Waste.

17:00 “Жанчыны і COVID: 5 гісторыяў беларусак”, Наталька Мотуз, сяброўка Рады БАПЖ – Беларускай арганізацыі працоўных жанчын.

На прыкладзе некалькіх рэальных гісторыяў жанчын вы даведаецеся пра патрэбы і праблемы беларусак у часы пандэміі. Абмяркуем уразлівасць жанчын – санітарак і медсясцёр, настаўніц і маці з дзецьмі – падчас каронавірусу.


18:00 “Каронавірус: медыягігіена і пабочныя эфекты”, Тамара Мацкевіч, медыяэкспертка, намесніца старшыні Таварыства беларускай школы, рэдактарка парталу nastaunik.info.

Падчас лекцыі можна будзе даведацца, як не паддавацца паніцы праз чытанне фэйкавых навінаў, атрымаць парады па павелічэнні медыяграматнасці. Каронавірус сыходзіць, а фэйкі застаюцца.


19:00 “2020: назад да межаў і ксенафобіі”, Валдзіс Фугаш, праваабаронца з каманды Human Constanta

Падчас лекцыі Валдзіс падзеліцца інфармацыяй аб тым, як падзеі першых месяцаў 2020 году агаляюць нецярпімасць і мысленне ў катэгорыі межаў і нацыяў, а таксама пра магчымыя небяспечныя наступствы гэтага.


20:00 “Адказны і экалагічны турызм у свеце і ў Беларусі”, Маша Гуліна, рэдактарка анлайн-часопіса пра падарожжы 34travel і 34travel.me

Што такое адказны турызм, якія ёсць прыклады ўдалых экатурыстычных праектаў у свеце, які патэнцыял экатурызму ў Беларусі і ці можна падарожнічаць так, каб нікому і нічому не нашкодзіць?

Трансляцыя пройдзе на YouTube-канале Асамблеі НДА. Каб атрымаць нагаданне пра старт любой з лекцыяў, можна зарэгістравацца.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: