Асноўны маршрут «Дарогі смерці» да Курапатаў складае амаль 13 км

Студэнт-архітэктар, актывіст грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» Аляксей Зянько палічыў працягласць асноўнага маршруту «Дарогі смерці» да Курапатаў, якая складае амаль 13 км.


Нагадаем, што ў выніку ранейшых даследаванняў з дапамогай архітэктараў Вадзіма Глінніка і Рамана Забелы стала вядомая ўся траса мінскай “Дарогі смерці” — ад сутарэнняў будынку НКУС БССР і яго унутранай турмы „Амерыканкі“ да расстрэльных ямаў у Курапатах.

Гэты апошні шлях бязвінных людзей на пагібель у 1930–1940-я гады пралягаў па цэнтральнай вуліцы беларускай сталіцы — Савецкай — да Камароўкі, ішоў па Лагойскай шашы да цяперашняга перакрыжавання Лагойскага тракту з вуліцай Гамарніка, дзе да вайны ў вёсцы Зялёны Луг знаходзіўся аднайменны саўгас. У Зялёным Лузе „Дарога смерці“ разыходзілася двума маршрутамі: асноўным — па брукаванай Лагойскай шашы і дадатковым — троху на захад — палявой грунтоўкай на Дроздава.


Па падліках Рамана Забелы даўжыня дадатковага маршруту “Дарогі смерці” складае 10.555 метраў. Днямі будучы архітэктар Аляксей Зянько палічыў працягласць асноўнага маршруту “Дарогі смерці” па брукаванай Лагойскай шашы.

Студэнт так патлумачыў свае разлікі: калі, паводле Рамана Забелы, зрэзаны праз поле шлях складаў 10км 555м, дык поўны — 12км 904м. На мапе зялёным і чырвоным пазначаныя адрэзкі шляху ад пункту разыходжання да кропкі сустрэчы. Даўжыня зялёнага адрэзку — 1км 513м, а чырвонага — 3км 862м. Розніца паміж двума адрэзкамі шляху складае 2.349м (3862-1513). У гэтым выпадку працягласць поўнага маршруту “Дарогі смерці” — 12.904м (10.555+2.349).

Талака ў Курапатах 10 чэрвеня 2017-га. Аляксей Зянько з сябрам студэнтам-архітэктарам Кірылай Мальцавым размаўляюць з сябрам ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”, грамадскім дзеячам і мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам


На гравійцы Заслаўе–Калодзішчы абодва маршруты сыходзіліся, і „Дарога смерці“ ішла да варотаў праз плот, які агароджваў месца расстрэлаў. За 194 м ад перасячэння лініі паўднёва-усходняй мяжы рэстаранна-забаўляльнага комплексу (былая назва “Бульбаш-хол”) з Заслаўскай шашой „Дарога смерці“ збочвала ўлева пад кутом каля 30° ад гравійкі ў паўднёва-заходнім кірунку. Менавіта каля варотаў і пачынаўся апошні грунтавы ўчастак „Дарогі смерці“ працягласцю 485 м, які складаўся з трох адрэзкаў у 125, 160 і 200 м. Праз 125 м ад пачатку былая грунтоўка збочвала ўлева і ішла па трасе дзейнай і цяпер лясной дарогі да Курапацкай гары (вышыня 235 м).

Такім чынам, дзякуючы высілкам грамадскасці сёння вядомыя трасы і працягласць абодвух маршрутаў “Дарогі смерці” — асноўнага (12.904 м) і дадатковага (10.555 м).

Бліжэйшым часам будзе дакладна падлічана плошча расстрэльнага палігону ў Курапатах і даўжыня плоту, які выгароджваў расстрэльны палігон.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!