«Атрымаў моцны ўдар ззаду ў патыліцу. Апрытомнеў на падлозе камеры»

У Кобрыне 9 верасня суддзя Аляксей Кміта аштрафаваў на 20 базавых велічынь дырэктара турыстычнай фірмы «Цэнтр-Тур» Алеся Брыштэна. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў вечарам 10 жніўня ў цэнтры горада на пляцы Леніна.

Як распавёў на судзе Алесь Брыштэн, прыкладна а 22.30 разам з сябрам ён рухаўся дахаты праз цэнтральны пляц Кобрына, дзе сабралася не менш за 500 гараджанаў, якія скандавалі «Міліцыя з народам!» і «Жыве Беларусь!» Паводле спадара Алеся, ён сустрэў на пляцы шмат сяброў і знаёмых, размаўляў з імі, паводзіў сябе абсалютна мірна і прыстойна, пры сабе меў толькі мабільнік і ключы ад кватэры і службовага офісу. З-за гоману на пляцы ад вялікай колькасці прысутных не чуў аніякіх папярэджванняў міліцыянтаў аб тым, што мерапрыемства несанкцыянаванае і яго ўдзельнікам пагражае адміністрацыйная адказнасць.

«Потым недалёка ад мяне выбухнула адна святлошумавая граната, праз нейкі час — яшчэ дзве. Я атрымаў кантузію, людзі ў масках і балаклавах у чорнай форме без знакаў адрознення жорстка затрымалі мяне і кінулі ў аўтазак. Там лупцавалі дручкамі ўсіх затрыманых, у тым ліку і мяне. Атрымаў моцны ўдар ззаду ў патыліцу. Ужо ў РАУС, дзе збіццё працягвалася, страціў прытомнасць. Апрытомнеў на падлозе камеры, забітай людзьмі, толькі пасля таго, як мяне адлілі вадой… Адчуў моцны боль у руцэ, якая стала пухнуць. Пасля таго, як сукамернікі пачалі гучна патрабаваць, каб мне аказалі медычную дапамогу, мяне вывелі з камеры. За тое, што не выканаў каманду “Паднімі руку!” зноўку быў збіты. Усе дакументы вымушаны быў падпісаць пад пагрозай, што зробяць левую руку такой, як правая. Пратаколы на мяне складалі не тыя міліцыянты, што збівалі, а іншыя. Адрозніваў іх толькі па галасах. Усе, каго памятаю, былі ў масках і балаклавах, не мелі знакаў адрознення. Хуткая мяне забрала ў лякарню, дзе паставілі дыягназ “вывіх правай рукі са змяшчэннем», — сказаў Алесь Брыштэн.

Ён звярнуўся ў Кобрынскі раённы аддзел Следчага камітэту краіны з заявай на незаконнае затрыманне і нанясенне цялесных пашкоджанняў. Аднак праверка па ягонай заяве прыпынена ў сувязі з правядзеннем судова-медычнай экспертызы.

У якасці сведкі на судзе выступаў участковы, старшы лейтэнант міліцыі Аляксей Лабай.

Адвакатка абвінавачанага Наталля Піваварава звярнула ўвагу суда на тое, што сведчанні ўчастковага супярэчаць паказанням Алеся Брыштэна і ягонага сябра, а таксама матэрыялам відэазапісу падзеяў вечарам 10 жніўня на пляцы імя Леніна. «Такім чынам, у суда няма дакументаў, што пацвярджаюць удзел майго падабароннага ў несанкцыянаваным мерапрыемстве», — зазначыла Наталля Піваварава.  

Яна падкрэсліла, што Закон аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь патрабуе дапрацоўкі, бо не адпавядае асноўнаму закону краіны і міжнародным юрыдычным дакументам, у тым ліку Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека. «А ўвогуле за ўсе гады сваёй працы адвакаткай я ўпершыню сутыкнулася з такой неабмежаванай жорсткасцю сілавікоў у дачыненні да грамадзянаў», — заявіла Наталля Піваварава.

Каля 35 кобрынцаў прысутнічалі ў зале судовых паседжанняў, каб падтрымаць свайго земляка.

У гэты ж дзень 9 верасня на 11.00 у РАУС для складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні за ўдзел у маршы 30 жніўня быў выкліканы кобрынскі прадпрымальнік Віктар Гарбачэўскі. Аднак дахаты ён не вярнуўся. Спадар Віктар паведаміў жонцы, што затрыманы да суда, які адбудзецца ў пятніцу 11 верасня.

Нагадаю, што 7 верасня суддзя Аляксандар Бабаскін аштрафаваў Віктара Гарбачэўскага на 10 базавых велічынь.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: