Аўстрыйскія і беларускія эколагі абмеркавалі магчымасці ўстойлівай эканомікі і «зялёных» інвестыцый

8 жніўня ў Мінску прайшла сустрэча аўcтрыйскага інжынера Фабіяна Хільперта з прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў, дзяржаўных арганізацый, НДА і прэсы, падчас якой ішла гаворка пра распрацоўку канцэпцый устойлівай эканомікі ў глабальнай сетцы.
Мерапрыемства было арганізавана пасольствам Аўстрыі ў Мінску як працяг кліматычных ініцыятыў прэзідэнта Аўстрыі Аляксандра Ван дэр Бэлена.

Змяненне клімату з’яўляецца ключавой праблемай сучаснасці. Сённяшняе пакаленне першым адчула на сабе імклівае павышэнне тэмператур па ўсім свеце і, верагодна, з’яўляецца апошнім пакаленнем, якое яшчэ можа эфектыўна змагацца з глабальным кліматычным крызісам, які набліжаецца.

У сваім дакладзе Фабіян Хільперт пазнаёміў прысутных з праектам па альтэрнатыўных крыніцах энергіі і «зялёных» інвестыцыях, заснаваных на ўласных даследаваннях ва ўніверсітэтах Вены і Пекіна.

У прыватнасці эксперт апісаў феномен «лічбавага качэўніцтва» – калі з дапамогай інтэрнэту можна працаваць аддалена з любой краіны свету, здымаючы часовае жыллё і выкарыстоўваючы «сумеснае спажыванне» (UBER, eBay, AirBnB і г.д.)

Дакладчык акрэсліў праблемы, звязаныя з павелічэннем колькасці вуглякіслага газу на планеце і назваў асноўныя формы кампенсацыі такіх выкідаў – будаўніцтва сонечных паркаў і пасадку новых лясоў.
Заключная частка дакладу была прысвечана прыкладам «зялёных» інвестыцый: развіццю экалагічных стартапаў, спалучэнні навукі і прадпрымальніцтва.

Падчас дыскусіі былі праведзеныя важныя паралелі паміж кліматычнымі умовамі абедзвюх краін – падобных паміж сабой – з моцным аграрным патэнцыялам і зацікаўленасцю ў біярэсурсах.

У сваю чаргу пасол Аўстрыі Алойзія Вёргетэр праанансавала візіт у Беларусь аўстрыйскіх экспертаў у галіне сельскай гаспадаркі. Візіт плануецца на восень 2019 года і стане пляцоўкай для абмену вопытам з беларускімі калегамі.

Даведка:
Фабіян Хільперт – інжынер і прадпрымальнік, вывучаў экалогію і інжынерыю ва Універсітэце прыродных рэсурсаў і грамадазнаўчых навук у Вене і Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя К. Ціміразева, стажыраваўся ў Пекіне.



Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!