Аўтамабіль актывіста Леаніда Кулакова выстаўляюць на аўкцыён за штрафы

Паводле актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова, ягоны аўтамабіль арыштавалі і праз 10 дзён выставяць на аўкцыён за нявыплачаныя штрафы, паведамляе svaboda.org.

«Сёння да мяне прыйшоў судовы выканаўца з Першамайскага раёну, апісаў аўтамабіль і сказаў, што гэта канчатковае рашэнне: праз 10 дзён аўтамабіль выставяць на аўкцыён. На мне „вісіць“ штрафаў на 150 базавых велічынь. Выканаўцу паспеў адказаць, каб пазначылі, што маю машыну адабралі за штрафы, прызначаныя за акцыі пратэсту. А гэта значыць, што новаму ўласніку майго аўтамабіля давядзецца яго вярнуць, калі ўлада зменіцца», — расказаў карэспандэнту Свабоды Леанід Кулакоў.

Леанід Кулакоў — былы таксіст, актывіст «Еўрапейскай Беларусі», удзельнік абароны Курапатаў і пікетавання рэстарацыі «Поедем поедим». Першы раз у Кулакова апісалі ягоны «Фольксваген» яшчэ ў 2017 годзе, пасля ўдзелу ў мітынгах пратэсту недармаедаў, потым яго абмяжоўвалі ў правах на абыходжанне аўтамабілем. Некалькі разоў Леаніду Кулакову ўдавалася выплаціць накладзеныя на яго штрафы і аднавіць працу таксістам, але яго зноў затрымлівалі і штрафавалі. Напярэдадні выбараў 9 жніўня Леаніда Кулакова чарговы раз затрымалі, ён адбыў 10 дзён у ізалятары на Акрэсьціна.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: