Аўтараў Regnum асудзілі за распальванне міжнацыянальнай варожасці з адтэрміноўкай

Аўтары Regnum асуджаныя на 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай 3 гады. Іх вызвалілі ў залі суду пад падпіску аб нявыездзе і прафілактычны нагляд, паведамляе Радыё Свабода.

У Мінскім гарадскім судзе 2 лютага пастаўленая кропка ў справе аўтараў пракрамлёўскага агенства Regnum, якіх судзілі за распальванне міжнацыянальнай варожасці ў складзе групы.

Выкладчык БДУІР Юры Паўлавец, былы школьны вартаўнік з Берасьця Дзмітры Алімкін і рэдактар часопісу «Новая эканоміка» Сяргей Шыптэнка прызнаныя вінаватымі і асуджаныя на 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай 3 гады. Іх вызвалілі ў залі суду пад падпіску аб нявыездзе і прафілактычны нагляд. З іхных рахункаў і іхнай маёмасці зняты арышт.

Міліцыянт у залі суду заклікаў трымаць цішыню, пакуль суддзя зачытвае, што рабіць з доказамі ў справе.

***

Пракурор на пачатку судовых спрэчак прасіў для падсудных 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай 3 гады, а абарона патрабавала апраўдання.

Самі асуджаныя так і не прызналі сваёй віны, у апошнім слове называлі працэс палітычным і пасля суду заявілі, што будуць абскарджваць прысуд.

Абвінавачанне Паўлаўца і Шыптэнкі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці падчас працэсу было з іх знятае. Пры гэтым Паўлавец на судзе прызнаў, што атрымліваў грошы за свае артыкулы ў амбасадзе Расіі ў Беларусі.

За кратамі аўтары Regnum правялі амаль 14 месяцаў, якія суд ім залічыў як адбытыя. Падчас следства і суду аўтараў Regnum трымалі ў Мінскім следчым ізалятары № 1, што на вуліцы Валадарскага.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-02-02 16:08:27
Бязглузды прысуд - хаця б таму, што не даказаны факт дзейнасці кожнага з публіцыстаў у складзе групы. І няўжо кожны з асуджаных "грашыў" аднолькава? Тут: http://belisrael.info/?p=13523 расказана, што гэта не так. Зыходзячы з фактаў, Алімкін заслужыў штраф па арт. КоАП (абраза мовы), двое другіх заслужылі толькі тое, каб з імі жорстка спрачаліся ў СМІ.