Аўтуховіч: Улады баяцца выходзіць з балота на дакладны бераг

З прадпрымальнікам, палітвязнем гарадзенскай турмы Мікалаем Аўтуховічам паўтара гады лістуецца грамадская актывістка з Мінску Інэса Яхліель. Актывістка кажа, што атрымлівае па 3–4 лісты на месяц, сабраўся ўжо цэлы пачак.



«Лісты вельмі разумныя, пранізьлівыя, іх варта было б надрукаваць», — кажа Інэса Яхліель.
 

Вытрымкі з сакавіцкага ліста: «Зараз мы можам аналізаваць, рабіць высновы, каб не рабіць памылак, пра якія нават не хочацца і згадваць. Камусьці вельмі хочацца, каб народ зараз, як і пры камуністах, нічога не вырашаў, а толькі ківаў галавой і пагаджаўся. Мы адышлі ад таго стагоддзя, ад нязбыўных ідэй камуністаў, але і прыйсці ў новае жыццё не змаглі. Захраслі ў пастцы, у дрыгве ілюзій і настальгіі па савецкім часе. Тыя, што завёў нас ў гэтае балота, самі добра разумеюць, што трэба выходзіць да берага, на сушу, але да якога берага, самі не ведаюць. Дакладней, ведаюць, але баяцца выходзіць да дакладнага берага. А да таго берагу, што насупраць ісці — гэта глупства. Час даказаў, што абраны кірунак не зрабіў жыццё нашых людзей лепшым. І гэтак будзе яшчэ доўга, пакуль мы будзем ківаць галовамі і вітаць тое, што адбываецца».
 

Інэса Яхліель кажа, што сам Мікалай Аўтуховіч ніколі не скардзіцца на ўмовы ўтрымання. Між тым паводле некаторых выказванняў яна зразумела, што яму вельмі цяжка ў той адзіночнай камеры, дзе ён знаходзіцца ўжо больш за год.
 

Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў за незаконнае захоўванне патронаў. Праваабаронцы мяркуюць, што з ім паквіталіся за антыкарупцыйную барацьбу.

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: