Аўтуховіч з няволі: «Падтрымка простых беларусаў надае веру, што ў нашай краіне наступіць новае жыццё»

Сяброўка Мікалая Аксана Сцяпанава падзялілася лістамі, якія атрымлівае ад Аўтуховіча. З яе згоды «Салідарнасць» апублікавала ўрыўкі з лістоў.

Адзін з апошніх лістоў датаваны 27 мая.

«Ты ж ведаеш, што мне прыходзяць лісты ад вузкага круга асоб, але чамусьці мне здаецца, што я змагу прачытаць ўсе лісты, якія да мяне не дайшлі, таму няхай пішуць!

...Я ніколькі не сумняваюся, што ўсё будзе добра. Дзякуй за падтрымку!

Можна нават не ведаць усіх тонкасцяў, але і так відавочна, што любыя наступныя целазрухі толькі пагаршаюць сітуацыю. Таму не варта загружаць сябе. Усё ідзе да лагічнага канца. Вы самі там не сумуйце і трымайцеся! Беражыце здароўе — гэта галоўнае.

...Я і не думаю сумаваць. Я, наадварот, радуюся, калі гляджу тэлевізар, бо паміж радкоў усё і так зразумела». 

«...не перажывайце за мяне. Я не пачатковец і ўжо знаёмы з усімі выпрабаваннямі. Гатовы да любых новых цяжкасцяў».

«...Атрымаў два нумары газеты, судоку і часопіс. Нават не ведаў, што Андрэй Дынько выпускае яго. Часопіс, дарэчы, цікавы і пазнавальны. Дзякуй табе вялікае!»

«...Хачу пацікавіцца ў цябе. Другі аркуш ліста быў у плямах. Ты, напэўна, хацела парадаваць мяне смачным пахам з волі? Неяк ужо прыходзілі ад цябе такія лісты з прыемным пахам свабоды, але ў гэты раз ніякага густу волі не адчувалася. Напэўна, выветрылася па дарозе. Дзякуй яшчэ раз, што адчуваеш патрэбы людзей у няволі. Як ты дадумалася да гэтага?

І дзякуй за віншаванне са святам. Думаю, Бог заўсёды са мной, і гэтыя выпрабаванні не проста так. Таму я спакойна стаўлюся да ўсяго і ў гэтым мне дапамагае яшчэ і ваша падтрымка. Ведаю вельмі шмат неабыякавых людзей, дзякуючы якім не памірае надзея на справядлівую будучыню, і ты ў іх ліку».

«...Не хвалюйся моцна за мяне. Колькі я ўжо перажыў усяго на гэтым шляху да справядлівасці. Наколькі хопіць здароўя, залежыць не ад мяне. Але ўпэўнены, што падтрымка простых беларусаў надае сілы і веру ў тое, што ў нашай краіне наступіць новае жыццё, жыццё без хлусні. І дзякуй усім, хто моліцца за ўсіх вязняў, гэта не можа застацца незаўважаным».

«...Атрымаў ад цябе ліст, які ты пісала 25 сакавіка. Дзякуй табе за віншаванні! У гэты дзень было выдатнае надвор'е. Я таксама гуляў па вуліцы па прагулачным дворыку».

«...Кнігі дасылаць сюды нельга, як і іншую друкаваную прадукцыю. Але мы можам купіць яе самі пры наяўнасці грошай на рахунку і наяўнасці гэтай кнігі ў краме, пра якую я табе пісаў. Накшталт яна называецца «Цэнтральная кнігарня», што знаходзіцца недалёка ад нас.

Таму папрашу цябе зазіраць на сайт гэтай крамы, можа, у каталогу з'явіцца гэтая кніга («Запіскі афіцэра Чырвонай арміі» Сяргея Песецкага). Ці можна проста ім патэлефанаваць і пацікавіцца, ці могуць яны яе прывезці. Калі з'явіцца гэтая кніга ў іх, то адразу напішы і цану пакажы. Сам я гэтую кнігу чытаў, хачу, каб іншыя прачыталі, вельмі за душу кранула…»

«...Што тычыцца светлага будучага, я, вядома ж, уяўляю, колькі людзей гэтага хочуць. Але ёсць і тыя, хто не вельмі хоча гэтага. Таму проста не будзе. Але тое, што гэта здарыцца, няма ніякага сумневу».

Пра арышт Мікалая Аўтуховіча стала вядома ў пачатку снежня. У эфіры тэлеканала «Беларусь 1» яго назвалі «верхаводам тэрарыстычнай групы». Аўтуховічу прад'явілі абвінавачванне па частцы 2 артыкула 289 КК (акт тэрарызму, учынены групай асоб па папярэдняй змове).

Напісаць Мікалаю Аўтуховічу можна па адрасе: 220050 Мінск, Галоўпаштамт, а/с 8.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: