Бабруйск: расстрэльвалі і ўдзень і ўначы, не саромеліся

1937 год не абмінуў на беларускіх землях ніводнага або амаль ніводнага рэгіёна. Адносна буйныя гарады усе як адзін маюць уласныя мартыралогі, і Бабруйск – не выключэнне. Крочым па гэтым горадзе ў праекце «Будзьма памятаць».

Краязнаўца і выкладчык з Бабруйску Аляксей Ненадавец у 90-х зрабіў немалую працу, каб даследаваць месцы, дзе канкрэтна ў горадзе на Бярэзіне катавалі людзей, дзе адбыліся растрэлы, па-за горадам ці на месцы. Амаль дакладна — другое. Людзі называлі два месцы: першае — там, дзе цяпер аўташкола.

У трыццатыя там быў будынак, які займаў НКУС. У падвальных памяшканнях менавіта гэтага будынка і трымалі «ворагаў народа», а у суседнім сутарэнні — расстрэльвалі. Каб стрэлы не былі чутныя, карысталіся старым правераным метадам — заводзілі паблізу аўтамабіль. Трупы вывозілі начамі.

Другое месца, дзе адбываліся расстрэлы, — «вежа Опермана», дзе тады, як і да рэвалюцыі, знаходзілася гарадская турма. Тут машыны заводзіць не патрабавалася: за тоўстымі сценамі турмы і камер і без таго нічога не было чуваць. Асуджаных «тройкамі», як распавядаюць, тут расстрэльвалі і ўдзень і ўначы, не саромеліся. Тых, каму «пашанцавала» не быць расстраляным у Бабруйску, везлі ў Магілёў ці Мінск, у сталіцу — у вагонах са станцыі Бярэзіна.

Месца пахавання забітых — не ў горадзе. Называюць два, першае — ля вёскі Яловікі. Вяскоўцы распавядаюць, што ў асноўным прывозілі ўжо забітых. Ёсць сведчанні, што часткова расстрэльвалі тут, трупы скідвалі ў кар’еры з пяском. Праверыць цяпер месца не атрымаецца: усё наваколле займае прамаб’яднанне «Белшына».

Другое найбольш імавернае месца пахавання ахвяр рэжыму — вайсковыя могілкі непадалёк ад згаданай «вежы Опермана», раней побач была тэрыторыя Нагорнага ўмацавання Фрыдрыха Вільгельма.

Пра знішчэнне людзей у горадзе, якое працягвалася і напачатку Вялікай Айчыннай вайны, паведаміў газеце «Бабруйскае жыццё» Віктар Храмкоў. Яшчэ хлопчыкам ён пасвіў карову непадалёк ад Бабруйскай крэпасці і раптам пачуў паблізу стрэлы ды чалавечыя енкі. Спачатку спужаўся, але перасіліў страх і падпоўз бліжэй. Стралялі людзі ў незнаёмай форме, размаўлялі па-руску. З вінтовак і рэвальвераў, па групах з 5-6 чалавек, якія стаялі на краі крапаснога рова. Сярод тых, каго забівалі, былі і людзі і ў цывільным, і ў вайсковай форме. Засыпаць забітых асабліва не імкнуліся, крыху прыкідалі зямлёй. Усяго расстралялі 15-18 чалавек.

Можна сказаць, канечне, што стралялі немцы, якія ўвайшлі ў горад 28 чэрвеня. Але чаму па-руску? Ці расстрэльныя каманды аператыўна стваралі з калабарацыяністаў, якія прыжыліся ў вермахце за некалькі дзён вайны? Брытва Окама заклікае не множыць існасці. І Віктар Пятровіч згадвае, што ў горад немцы ўвайшлі пазней, на танках і машынах, а канцлагер з’явіўся яшчэ пазней. Сумнеўна, што перад сабой яны адправілі ў Бабруйск рускамоўную расстрэльную каманду…

Аляксей Ненадавец разам з Храмковым пабывалі на тым месцы: роў даўно засыпаны, перакапаны, апошні раз — калі пракладалі цеплатрасу…

Пакуль адзіны помнік ахвярам рэпрэсій знаходзіцца на бабруйскай плошчы Перамогі. Ці не варта даследаваць тэму больш глыбока і ўсталяваць памятныя знакі непасрэдна на месцах расстрэлаў?

 Паводле Будзьма беларусамі!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: