Бацька Мікалая Дзядка падаў у Следчы камітэт заяву па факце збіцця і катаванняў сына

Блогеру, журналісту і былому палітвязню Мікалаю Дзядку прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Сам актывіст не прызнае сябе вінаватым.

Бацька Мікалая падаў у Следчы камітэт заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця сына, інфармуе «Вясна». Аляксандр Дзядок патрабуе прыцягнення да адказнасці ўсіх, хто «ажыццяўляў незаконнае затрыманне Мікалая, збіваючы яго і ўжываючы да яго катаванні, як у кватэры, так і ў будынку ГУБАЗіКа, прымушаючы яго гаварыць на камеру прызнальныя паказанні пад сцягам».
Аляксандр Дзядок распавёў падрабязнасці, па факце якіх катаванняў у дачыненні да Мікалая ён падаў заяву ў Следчы камітэт і што патрабуе ад ведамства.

Пасля затрымання Мікалая Дзядка 12 лістапада МУС паведамляла, што ён «публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках і здзяйснення акцый «прамога дзеяння». Прэс-служба ведамства апублікавала відэа, на якім Мікалай Дзядок выглядае моцна збітым. Яго адвакатка ўжо заявіла хадайніцтва аб прызначэнні судова-медыцынскай экспертызы ў дачыненні да Дзядка.

Паводле слоў бацькі Мікалая, вечарам 12 лістапада да яго ў кватэру ўварваліся сем супрацоўнікаў ГУБАЗіК, пасля чаго здарыліся збіццё, пагрозы і катаванні над ім:

— Нягледзячы на тое, што ён быў адзін у кватэры, не аказваў ім ніякага супраціву, быў бяззбройны і зусім неагрэсіўны, яго сталі збіваць, патрабуючы нейкіх прызнанняў і паролі да кампутара і тэлеграму. Да яго ўжываліся катаванні з мэтай падаўлення волі, у тым ліку пагрозы больш жорсткага фізічнага гвалту. Да яго былі ўжытыя катаванні ў выглядзе газу, распыленага ў твар, пры гэтым яго рукі былі скаваныя ззаду.

Аляксандр Дзядок кажа, што блізкія і адвакат Мікалая маюць намер выкарыстаць усе магчымыя спосабы адстойвання і абароны яго правоў:

— Што тычыцца далейшага, магу толькі сказаць, што мой сын — не злачынец, а адзін з лепшых прадстаўнікоў нашага грамадства. Па-за залежнасці ад рашэння, якое будзе прынята па маёй заяве, гэта значыць калі не будзе ўзбуджаная крымінальная справа і бандыты з ГУБАЗіКа не будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, мы не спынімся ў барацьбе за жыццё і здароўе Мікалая.

Нагадаем, блогера і актывіста анархісцкага руху затрымалі 12 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК у пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна. Паводле звестак МУС, дома ў блогера знайшлі замежныя банкаўскія аплатныя карткі і буйныя сумы грошай у рознай валюце, «прызначаныя для фінансавання ўдзельнікаў пратэстаў», а таксама «шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі (кактэйлі Молатава), улёткі, налепкі». Таксама пасля затрымання блогера быў узламаны яго Telegram-канал «Mikola», дзе налічвалася каля 15 тысяч падпісчыкаў. Цяпер ён знаходзіцца пад кантролем сілавікоў.

Мікалая Дзядка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску, цяпер ён знаходзіцца ў карантыннай камеры.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: