Бацька загінулага міліцыянта знайшоў нестыкоўкі ў высновах следства, патрабуе эксгумацыі

Уладзімір Патаповіч, бацька магілёўскага інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча, які загадкава загінуў 16 траўня, заявіў Свабодзе, што не верыць высновам следства, агучаным старшынём Следчага камітэту Іванам Наскевічам.
На пахаванні інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча ў Магілёве. 18 траўня 2019 года

На пахаванні інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча ў Магілёве. 18 траўня 2019 года

Уладзімір Патаповіч кажа, што пераканацца ў слушнасці высноваў Следчага камітэту ён зможа, калі сам азнаёміцца з матэрыяламі справы. Але гэтага яму пакуль не даюць. Днямі са Следчага камітэту яму напісалі, што справа цяпер знаходзіцца ў Генеральнай пракуратуры, і параілі зноў звярнуцца з заявай праз месяц.

Кіраўнік СК: «Мела месца самагубства, і доказаў гэтага шмат»

13 жніўня старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч даклаў Лукашэнку, што ў следства няма сумневу наконт смерці супрацоўніка міліцыі Патаповіча. Паводле яго, «мела месца самагубства, і доказаў гэтаму шмат».

Наскевіч паведаміў, што Патаповіч падчас дзяжурства з надуманай прычыны пакінуў маршрут нясення службы, пераапрануўся ў цывільнае і на таксі паехаў у лес. Паводле экспертызы, «ён сам сабе мог прычыніць тое агнястрэльнае раненне, якое стала прычынай смерці».

Цяпер крымінальная справа спыненая і знаходзіцца ў Генеральнай пракуратуры, якая мае даць ацэнку законнасці рашэння, ухваленага следствам.

Бацька міліцыянта: «Довады следства супярэчаць здымкам»

Уладзімір Патаповіч заяўляе, што довады, агучаныя Іванам Наскевічам, супярэчаць таму, што зафіксавана на фатаздымках, зробленых на месцы, дзе знайшлі цела. Ён звяртае ўвагу, што сын на іх быў у міліцэйскай форме. Са слоў жа Наскевіча вынікае, што ён «пераапрануўся ў цывільную вопратку і на таксі паехаў у лес», дзе яго і знайшлі забітым.

Уладзімір Патаповіч кажа, што для яго застаецца няясным, як кроў трапіла на пахвінную частку цела, калі сын, паводле следства, стрэліў сабе ў галаву. Таксама ён звяртае ўвагу на тое, як ляжыць пісталет. На фатаздымках ён зафіксаваны «магазінам» дагары. Уладзімер Патаповіч, абапіраючыся на свой досвед абыходжання са зброяй, лічыць, што пісталет пад сваім цяжарам меўся «легчы плазам».

Бацька Яўгена Патаповіча на пахаванні сына. 18 траўня 2019 года

Бацька Яўгена Патаповіча на пахаванні сына. 18 траўня 2019 года


Чаму бацьку не паказваюць справу

Паколькі Уладзімір Патаповіч не прызнаны пацярпелай асобай па справе, то паводле закону ён не мае права знаёміцца з матэрыяламі справы. Але ён спадзяецца, што яму дадуць такую магчымасьць.

Пра спыненне справы Уладзіміру Патаповічу паведамілі. У лісце са Следчага камітэту не было згадкі пра самагубства, але адзначалася, што расследаванне завершана ў сувязі з тым, што супраць сына не было ўчынена грамадскага небяспечнага дзеяння, прадугледжанага Крымінальным кодэксам.

Уладзімір Патаповіч не верыць у самагубства сына. Настойвае, што яго забілі. Яўгенаву смерць не гатовы звязваць з прафесійнай дзейнасцю.

Раней ён звяртаўся ў следчыя органы і Генеральную пракуратуру з заявай аб эксгумацыі сынава цела, але яму адказалі, што падстаў для гэтага няма. Патаповіч звярнуўся з такой просьбай у Адміністрацыю прэзідэнта. Мінула два месяцы, але адказу адтуль пакуль няма.

Яўген Патаповіч быў адзіным сынам у сям’і. Паводле бацькі, калегі па працы не забываюць сына, які загадкава загінуў, выказваюць падтрымку. Уладзімір Патаповіч сам у мінулым супрацоўнік ДАІ. Цяпер жыве ў райцэнтры Кіраўску Магілёўскай вобласці. З Яўгенавай маці ён у разводзе, яна жыве ў Магілёве.

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!