Бачыць усё і харчавацца правільна

У Беларусі з'явілася новая сацыяльная рэклама па прафілактыцы парушэнняў зроку.

Кампанія стартавала ў Мінску і гарадах Брэсцкай вобласці з пачаткам новага этапу дабрачыннага праекта Беларускага дзіцячага фонду і кампаніі velcom «Я бачу!». Яго мэтай з'яўляецца дыягностыка органаў зроку ў дзяцей з сельскай мясцовасці. У 2018 годзе праект «Я бачу!» працуе ў Брэсцкай вобласці, дзе было абследавана ўжо больш за 5 тысяч дзяцей.

Праект «Я бачу!» рэалізуецца Беларускім дзіцячым фондам і кампаніяй velcom пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Брэсцкага аблвыканкама. Другі этап праекта стартаваў 3 верасня: мабільныя брыгады афтальмолагаў пачалі сваю працу ў Жабінкаўскім раёне. Пасля гэтага эстафету прыме Пружанскі раён — там агляды пройдуць з 12 па 28 верасня, а з 1 кастрычніка брыгады лекараў-афтальмолагаў працягнуць агляды, стартаваўшы адначасова з Брэста і з Баранавічаў. Спецыяльна да пачатку новага навучальнага года і новага этапу праекта «Я бачу!» арганізатары запусцілі сацыяльную інфармацыйную кампанію ў Мінску і гарадах Брэсцкай вобласці.

Новую сацыяльную рэкламу можна ўбачыць на білбордах і сiцiлайтах горада. Выканана яна ў двух серыях. «Я бачу ўсё, таму што харчуюся правільна!» — гэта яркія постэры, якія распавядаюць гараджанам пра ўзаемасувязь правільнага харчавання і добрага зроку.


 Прычым на іх не проста дэманструюцца прадукты, якія павінны утрымлівацца ў рацыёне. Плакаты дапамагаюць скласці з іх смачныя і максімальна карысныя спалучэнні і сфарміраваць сваё меню так, каб усе патрэбныя для здароўя вачэй мікраэлементы і вітаміны засвойвалiся найбольш поўна.


Серыя «Знайдзі ўсе пары вачэй!» — гэта адначасова і гульня на ўважлівасць, і нескладаная гімнастыка для вачэй.

«Я бачу!» — гэта асаблівы дабрачынны праект, які кампанія velcom падтрымлівае ўжо трэці год. Колькасць дзяцей з сельскай мясцовасці, якія атрымалі за гэты час афтальмалагічную дапамогу, набліжаецца да 30 тысяч, і мы не плануем змяншаць абароты. З дапамогай сацыяльнай рэкламнай кампаніі мы хочам нагадаць, наколькі важна беражліва ставіцца да свайго зроку, своечасова праходзіць агляды і клапаціцца пра здароўе вачэй. Дзякуючы гульнявым постэрам яшчэ больш дзяцей змогуць даведацца пра простую зарадку, якую можна выконваць нават па дарозе ў школу або ў дзіцячы сад», — распавёў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Мікалай Брэдзелеў.

У рамках гэтай сацыяльнай кампаніі праекту «Я бачу!» ў Мінску плануецца ўстанавіць 15 білбордаў і 15 сiцiлайтаў. Яшчэ 13 білбордаў і 7 сiцiлайтаў з'явяцца ў Брэсце, Баранавічах, Кобрыне, Ганцавічах і Пружанах.

«Праект «Я бачу!» робіць дыягнастычную дапамогу лекараў-афтальмолагаў больш даступнай для дзяцей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці: лекары прыязджаюць непасрэдна ў тыя населеныя пункты, дзе дзеці жывуць і вучацца. Лекары мабільных брыгад абследуюць дзяцей, прызначаюць лячэнне і выпісваюць акуляры, калі гэта неабходна. Але яшчэ адным важным складнікам праекта з'яўляецца асветніцкая праца па прафілактыцы парушэнняў зроку. Важна разумець і дарослым, і дзецям, што некаторыя захворванні органаў зроку можна не дапусціць, выконваючы нескладаныя правілы харчавання і робячы рэгулярна зарадку для вачэй. Менавіта гэтаму прысвечана сацыяльная рэклама ў гарадах Брэсцкай вобласці і ў Мінску», — адзначыў дырэктар «Беларускага дзіцячага фонду» Аляксандр Трухан.

За тры месяцы 2018 года выязнымі брыгадамі афтальмолагаў праекта «Я бачу!» былі абследаваны 5835 навучэнцаў 66 сярэдніх школ Брэсцкай вобласці — у Маларыцкім, Камянецкім і Кобрынскім раёнах. У 2373 дзяцей былі выяўлены паталогіі зроку, 665 дзяцям патрабавалася карэкцыя пры дапамозе акуляраў, 16 школьнікаў былі накіраваны на лячэнне ў стацыянар, 60 атрымалі накіраванні на дадатковае абследаванне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!