Баец украінскага дабрабату «Азоў» Ганчароў — герой ці злачынца?

Чаму ўлады актыўна пачалі раскручваць справы беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на ўкраінскім баку ў Данбасе?

Станіслаў Ганчароў, беларускі баец украінскага батальёну «Азоў» з пазыўным «Беларус».


Дракахруст: Беларускія праваахоўныя органы затрымалі Станіслава Ганчарова, жыхара Віцебску, байца добраахвотніцкага ўкраінскага батальёну «Азоў», які ваяваў у Данбасе. Яго абвінавачваюць у здзеках з падлеткаў, якіх ён некалькі гадоў таму прымушаў рабіць нацысцкае вітанне, так званыя «зігі». Як высьветлілася, Ганчароў мае выразныя нацысцкія погляды — пра гэта сведчыць і змест ягонай старонкі ў сацыяльнай сетцы, і татуіроўкі на ягоным целе.


Справа Ганчарова — другая гучная справа ўдзельніка баявых дзеянняў у Данбасе на ўкраінскім баку. Першая — працэс Тараса Аватарава, які працягваецца ў Фрунзенскім судзе Менску.


У выбары спраў назіраецца добры палітычны разлік, скіраваны на дыскрэдытацыю беларусаў — удзельнікаў украінскіх добрабатаў. Адзін — Аватараў — прывёз у Беларусь зброю, другі — Ганчароў — нацыст па перакананнях, які гвалтам навязваў сваю ідэалогію падлеткам.


Яны там усе такія — такое зашыфраванае пасланне ўтрымліваюць абедзве справы.


Варта сказаць, што частка карыстальнікаў Байнэту заглынулі гэтую нажыўку. Яны пачалі абараняць Ганчарова, тлумачыць, што нацысцкія сымбалі, дый перакананні, — гэта такая бяскрыўдная юнацкая гульня, галоўнае, што чалавек са зброяй у руках абараняў святую справу.


Калі казаць змястоўна, то варта адзначыць, што ў свеце стаўленне да гэтых сімвалічных гульняў не такое філасофскае. У Нямеччыне можна і ў турму загрымець за такую бяскрыўднасць, у той жа Ўкраіне нацысцкая сімволіка забароненая нароўні з савецкай.


Калі некалькі гадоў таму брытанскі спадкаемца трону прынц Гары прыйшоў на вячэру ў нацысцкім строі, дык у Англіі ўзнялася хваля абурэння, і прынц папрасіў прабачэння.


Тым больш дзіка талеранцыя да ўжываньня падобных сымбаляў выглядае ў Беларусі з яе жахлівым досведам Другой сусьветнай.


Зразумела, для пэўнай часткі грамадзтва працуе логіка — «нашых б’юць». А нашы, маўляў, заўсёды маюць рацыю.


Па-першае, не заўсёды. Па-другое, калі разважаць з палітычнага пункту гледжання, адэпты падобных поглядаў, самадзейныя адвакаты Ганчарова выконваюць менавіта тую ролю, якая прызначаная ім сцэнарыстамі гэтай справы. Сцэнарыстам трэба даказаць, што яны ўсе там такія — і ў Данбасе, хто ваюе на ўкраінскім баку, і ў Беларусі, хто іх падтрымлівае. Нацысты падтрымліваюць нацыстаў, свае — сваіх.


Зразумела, людзі могуць мець любыя погляды, Байнэт — зона свабоды. Але мне здаецца, што дэмакратычным арганізацыям варта было б дыстанцыявацца ад Ганчарова, прынамсі не даць уладам магчымасьці начапіць на сябе эсэсаўскія руны, якія набіваў на сваім целе беларускі баец «Азову».


Карбалевіч: Беларускія ўлады сёння найбольш пераследуюць тых, хто ваяваў на баку Ўкраіны. А на баку ДНР і ЛНР ваявала больш беларусаў, па інфармацыі саміх уладных структураў. Чаму менавіта так? Думаю, гэта свядомая палітыка. Улада хоча звязаць гэтых людзей з нацыстамі, нацыяналістамі, і тут іх ужо лёгка атаясамліваць зь беларускай апазыцыяй. А пераслед тых, хто ваяваў на баку ДНР і ЛНР, можа выклікаць пэўныя канфлікты і непаразуменні з Расіяй.


Што тычыцца пастаўленага пытання, трэба глядзець на палітычны кантэкст, каб зразумець яго палітычную сутнасць. Справа ў тым, што ў расійскіх медыях з пачаткам украінскага крызісу вельмі моцна і даволі цвёрда сталі атаясамліваць нацыяналізм з фашызмам. То бок паміж імі пастаўлены знак роўнасці. І таму любыя нацыянальныя рухі ва Ўкраіне, ну і, мусіць, ва ўсёй постсавецкай прасторы, моцна атаясамліваюцца з фашызмам.


Такую прапагандысцкую лінію доўгі час праводзілі і беларускія ўлады — у 90-я гады, калі адбываліся найбольш жорсткія палітычныя канфлікты, калі трэба было дыскрэдытаваць Беларускі Народны Фронт. І такія агіткі, якія ішлі па дзяржаўных тэлеканалах, ставілі такім чынам кляймо. Мы памятаем, што на нацыянальныя сімвалы — і на Пагоню, і на бел-чырвона-белы сцяг — ставілі кляймо, што гэта фашысцкія сімвалы.


Вось у такім кантэксце адбываюцца гэтыя працэсы. Беларускія ўлады актыўна спрабуюць паказваць тыя палітычныя сілы, якія выступаюць з нацыянальных пазіцый ва Ўкраіне, як фашысцкія. Узгадаем, які вэрхал на беларускіх тэлеканалах узняўся, калі ў мінулым годзе Малады Фронт выйшаў на адну з акцыяў з партрэтамі Бандэры і Шухевіча. І таму цяперашні судовы пераслед — гэта працяг мінулай лініі.


Цыганкоў: Я не згодны, што беларускія апазіцыйныя сілы павінны хутка прыняць нейкую заяву, адгарадзіцца ад Ганчарова. Мне здаецца, трэба было б разабрацца, не спяшацца з гэтым, бо толькі той кароткі ролік яшчэ нічога не кажа пра гэтага чалавека. Магчыма, нейкія юнацкія захапленні, крайнія правыя ці фашысцкія, зусім не адпавядаюць настроям яго апошніх гадоў. Мы ведаем, колькі разоў людзі робяць, напрыклад, татуіроўкі, якія потым ня ведаюць як знішчыць, калі праходзіць некалькі гадоў і погляды мяняюцца.


Варта пагаварыць пра дзяржаўную палітыку. Апошнія месяцы мы назіраем прыкметы нейкай кампаніі, атакі на беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі ў Данбасе за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.


Знайсці людзей з самымі радыкальнымі поглядамі вельмі лёгка з абодвух бакоў. Сацсеткі стракацяць паведамленнямі пра прарасійскіх ваяроў на Данбасе, іх старонкі зьмяшчаюць фатаграфіі іх са свастыкамі, «зігамі» і гэтак далей, іхнія выказванні. З украінскіх добраахвотнікаў менавіта батальён «Азоў» найбольш часта абвінавачваецца ў правым радыкалізме. Цалкам магчыма, што там могуць сапраўды быць добраахвотнікі з нацыяналістычнымі, крайнімі правымі поглядамі.


То бок самых розных людзей хапае і з таго, і з таго боку. Але выбар уладаў у тым, якога чалавека знайсці і што вынесці на суд грамадскасці. Неаднаразова на Свабодзе былі інтэрвію з прарасійскімі наёмнікамі, якія свабодна прыяжджалі ў Беларусь, якія нават паведамляюць, што размаўлялі са следчымі спакойна, па-братэрску, і ніхто іх не збіраецца судзіць. То бок мы маем такую кампанію беларускіх уладаў, падтрыманую ідэалагічна, менавіта супраць добраахвотнікаў, якія ваявалі на ўкраінскім баку.


Паводле Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!