БагатаДата: 21-25 студзеня

Вы ведаеце, калі адзначаецца Міжнародны дзень абдымкаў? А калі адкрыўся Дзяржаўны мастацкі музей? Знаёмім вас з найбольш цікавымі каляндарнымі падзеямі.

21 студзеня

Міжнародны дзень абдымкаў. Паводле адной з версій, свята прыдумалі амерыканскія студэнты. Паводле іншай, хлопец Хуан чакаў у сіднейскім аэрапорце: ён самотна глядзеў на людзей, што абдымаліся пры сустрэчы, а потым напісаў на кардонцы: «Абдыму задарма».

85 гадоў таму нарадзіўся архітэктар Алег Стаховіч. Яго праекты разам з іншым аўтарамі — Курган Славы, галоўны ўваход у выглядзе зоркі ў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой».


22 студзеня

75 гадоў таму загінуў падлетак-партызан з вёскі Байкі Пружанскага раёна Ціхан Баран. У гэты дзень немцы абкружылі вёску, спалілі амаль тысячу яе жыхароў, а схопленаму Ціхану загадалі адвесці іх да партызанскага атрада. Але 11-гадовы юнак скіраваў ворагаў у балота. Хлопца застрэлілі, але з 200 акупантаў уратаваўся толькі адзін.

5 гадоў таму падчас Еўрамайдану ў Кіеве быў забіты беларускі хлопец з Гомеля Міхаіл Жызнеўскі. Куля трапіла яму ў сэрца. Пасмяротна ён стаў кавалерам ордэна Нябеснай сотні, Героем Украіны — «за асабістую мужнасць і гераічнае адстойванне прынцыпаў дэмакратыі, правоў і свабодаў чалавека, самаадданае служэнне ўкраінскаму народу, выяўленыя падчас Рэвалюцыі Годнасці».


23 студзеня

60 гадоў таму ў Оршы нара­дзіўся плывец (вольны стыль) Сяргей Каплякоў, які на Алімпіядзе–1980 у Маскве атрымаў два залатыя медалі і адно «срэбра». Другое месца ў яго было і на Алімпіядзе–1976 у Манрэалі — у 17 гадоў. Дарэчы, майстрам спорту СССР Каплякоў стаў у 8-м класе!

Медалёў у Сяргея Каплякова магло б быць і болей, але ў 23 гады ён пакінуў вялікі спорт пасля вываду з савецкай зборнай — маўляў, ужо не такі малады і перспектыўны. Зрэшты, на Алімпіядзе–1984 ён бы нічога і не заваяваў: савецкія спартоўцы ў Лос-Анджэлес не паехалі.


24 студзеня

80 гадоў таму ў Мінску адкрылася Дзяржаўная карцінная галерэя — цяпер Нацыянальны мастацкі музей. Яго сучасны будынак адмыслова ўзведзены ў 1957 годзе.

 Будынак Нацыянальнага мастацкага музэя Беларусі. Фота wikimedia.org

25 студзеня

150 гадоў таму ў фальварку Кавалі Мядзельскага раёна нарадзіўся паэт, фалькларыст і рэвалюцыянер Адам Гурыновіч. Сям’я была шляхетная, мела некалькі фальваркаў. Але рана памёр бацька, пакінуўшы ўдаву ажно з шасцю дзецьмі.

Адам скончыў рэальную вучэльню ў Вільні, дзе сям’я купіла дом. Пасля вучыўся ў Пецярбургскім тэхналагічным універсітэце. Цікавіўся паравозамі, фальклорам і рэвалюцыйнымі арганізацыямі. У 1893 годзе паліцыя арыштавала яго ў віленскім доме, дзе знайшла шмат забароненай літаратуры, у тым ліку нататкі пра паўстанне Каліноўскага. Хлопца пасадзілі ў турму, але неўзабаве выпусцілі праз хваробу да бацькоўскага фальварка. Там Гурыновіч памёр ад чорнай воспы. Можа, памятаеце са школьнай праграмы яго верш:

Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею,

За тое, што ў сэрцы збудзіў ты надзею…

95 гадоў таму ў Адэсе з’явіўся на свет слынны беларускі мовазнавец Віктар Мартынаў. Даследнік у галіне славістыкі і лінгвістычных аспектаў праблемы штучнага інтэлекту. Стваральнік Універсальнага семантычнага коду. У 1989 го­дзе занесены ў «Кнігу пашаны» ЗША. А Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы ацаніў яго навуковыя працы як «дасягненне ХХ стагоддзя».




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: