Балонскі працэс: Беларусь — у аўтсайдарах

Доля беспрацоўных з вышэйшай адукацыяй у Беларусі з 2000 па 2017 год павялічылася ўдвая. Гэта сведчыць пра тое, што кампетэнцыі выпускнікоў беларускіх ВНУ не запатрабаваныя на рынку працы. Планавалася, што гэтая і іншыя адукацыйныя праблемы вырашацца з далучэннем нашай краіны да Балонскага працэсу. Але пакуль мы не спяшаемся з рэформамі.

Няма грошай — няма якасці

Грамадскі Балонскі камітэт 5 лютага прэзентаваў у Мінску комплекснае даследаванне «Белая кніга 2018. Еўрапейскія перспектывы беларускай вышэйшай адукацыі». У ёй падрабязна разглядаецца стан вышэйшай адукацыі ў Беларусі, выяўляюцца тэндэнцыі адукацыйнай палітыкі, аналізуецца выкананне нашай краінай абавязацельстваў, якія яна ўзяла на сябе, далучыўшыся да Балонскага працэсу ў 2015 годзе.

Чытайце таксама:

Дунаеў: Беларускі бок ухіляецца ад канкрэтыкі ў Балонскім працэсе


Летась Беларусь давала першую справаздачу па імплементацыі дарожнай карты Балонскага працэсу, дзе прапісаны канкрэтныя патрабаванні, якія нам неабходна выканаць, а таксама дэдлайны іх выканання. Але гэтая справаздача паказала, наколькі нетранспарэнтная наша сістэма вышэйшай адукацыі. У «Белай кнізе 2018» эксперты Грамадскага Балонскага камітэта паспрабавалі папоўніць гэты дэфіцыт інфармацыі і паказаць, як магла б выглядаць імплементацыйная справаздача Беларусі, калі б яна была поўнай.  

Па словах сябра ГБК Уладзіміра Дунаева, адукацыйная палітыка грунтуецца на трох паказчыках: даступнасць, якасць і выдаткі. Эксперты ў «Белай кнізе 2018» паспрабавалі прааналізаваць гэтыя паказчыкі і выявілі, што з 2014 года ў Беларусі на 36% зменшылася колькасць студэнтаў, фінансаванне вышэйшай адукацыі скарацілася на 44%, а расходы бюджэта на аднаго студэнта сталі меншымі на 25%. Гэтых лічбаў, вядома, у афіцыйнай справаздачы Беларусі няма.

«Як бы мы ні ставілі пытанні аб якасці адукацыі, калі няма фінансавання, ніякай якасці быць не можа»,— канстатуе прафесар Дунаеў.

Па словах экспертаў, з 2000 па 2017 год доля беспрацоўных з вышэйшай адукацыяй у нас павялічылася ўдвая. Гэта сведчыць пра тое, што кампетэнцыі выпускнікоў беларускіх ВНУ не запатрабаваныя на рынку працы.

Узровень даступнасці вышэйшай адукацыі таксама падае: калі ў 2011 годзе гэты паказчык быў на ўзроўні 82,3%, то ў 2016 годзе — 68,6%.

Новы функцыянал не працуе

Адзін з аўтараў даследавання Сяргей Вітохін засяродзіўся на праблеме ацэнкі якасці адукацыі. Сярод абавязацельстваў Беларусі ў Балонскім працэсе значыцца стварэнне незалежнага агенцтва кантроля якасці. У Беларусі гэтую функцыю выконвае дэпартамент Міністэрства адукацыі. Але гэтая структура не можа выносіць прадпісанні ведамству, у склад якога ўваходзіць. Прававыя асновы для стварэння незалежнага агенцтва кантроля якасці адукацыі Беларусь павінна была падрыхтаваць да 2018 года, але да гэтага часу нічога не зроблена.

Увогуле, у беларускай сістэме адукацыі знешні кантроль якасці амаль адсутнічае. Здавалася б, самы зацікаўлены ў гэтым сегмент — студэнты і іх бацькі. Але на справе яны рэдка выказваюць свае заўвагі ці незадавальненне. Маўчанне тлумачыцца нізкай матывацыяй беларускіх студэнтаў (значная колькасць студэнтаў ВНУ банальна стаяць у чарзе па дыплом) і страхам змагацца за свае правы.

Для забеспячэння акадэмічнай мабільнасці студэнтаў (магчымасці пераходзіць у розныя ўніверсітэты, на розныя праграмы, навучацца ў іншых краінах) Балонская сістэма прадугледжвае стварэнне заліковых крэдытаў. І ў гэтым пункце Беларусь прадэманстравала прагрэс: увяла сістэму заліковых адзінак. Але на справе ў нас гэта пакуль непатрэбная графа: калі студэнт з Беларусі з’язджае вучыцца ў іншую краіну, па вяртанні ён па-ранейшаму мусіць пераздаваць экзамены па ўсіх прадметах, каб пацвердзіць сваю кваліфікацыю.

Дадатак да дыплома еўрапейскага ўзору, неабходны для прызнання беларускіх дыпломаў за мяжой, у Беларусі таксама ўжо распрацаваны і кажуць, што дзесьці нават выдаваўся. Але масавай гэтая практыка пакуль не стала.

Па словах аўтараў даследавання, сёння працадаўцаў ва ўсім свеце цікавіць не дыплом работніка, а яго кампетэнцыі. Але ў Беларусі ў аддзелах кадраў найперш патрабуюць дыплом.

Апроч таго ў нашай краіне ўсё яшчэ няма нацыянальных рамак кваліфікацый. Мы жывем па савецкіх тарыфна-кваліфікацыйных даведніках, якія прадпісваюць, каму якую зарплату плаціць. І кампетэнцыі выпускнікоў на гэта ніякім чынам не ўплываюць.

Замежжа нам дапаможа?

На думку сябра ГБК Паўла Церашковіча, драйверам рэформы вышэйшай адукацыі ў нашай краіне выступае хіба што жаданне зарабіць грошы на замежных студэнтах. З 2010 па 2017 год колькасць замежных студэнтаў у Беларусі павялічылася на 56%. Але ў суседняй Літве гэты паказчык склаў 170%, а ў Грузіі 300%.

Цяпер доля Беларусі на сусветным рынку вышэйшай адукацыі — 15 000 замежных студэнтаў. Большую частку з іх складаюць студэнты з Туркменістана, далей ідуць Кітай і Расія. Але іх колькасць цяпер меншая, чым была некалькі год таму. Затое з’явілася больш студэнтаў з Нігерыі, ірану, Іраку, Індыі.

Пры гэтым у замежных універсітэтах на сённяшні дзень вучацца 25 000 беларусаў. Адметна, што колькасць нашых суайчыннікаў, якія вучацца ў Расіі, за апошнія 7 гадоў скарацілася ўдвая. Цяпер Беларусы часцей едуць вучыцца ў Еўропу, у прыватнасці, вырасла доля ўніверсітэтаў Польшчы.

Такім чынам, у плане інтэрнацыяналізацыі адукацыі ёсць пазітыўныя крокі, але ў цэлым на міжнародным рынку мы застаемся ў аўтсайдарах. Як і ў плане выканання абавязацельстваў па Балонскім працэсе агулам.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: