Бамжы, смурод, вошы — так Пётр Маркелаў сядзіць на сутках у Акрэсціна

Адвакатка Альвіна Мінгазава сёння так і не здолела сустрэцца з Пятром Маркелавым. За 6 гадзін пакой для сустрэчы затрыманага з адвакатам так і не знайшоўся.


За 6 гадзін адвакатка так і не здолела сустрэцца з актывістам Пятром Маркелавым у ЦІП на Акрэсціна. Свабодныя пакоі для сустрэчы, калі верць адміністрацыі, так і не з’явіліся.

На пытанне адвакаткі пра прычыны адсутнасці пакояў для сустрэчы, яна атрымала традыцыйную ўжо для Беларусі прычыну адмовы: «Ну вы ж самі ўсё разумееце». Пра гэта паведамляе «Прававая ініцыятыва» ў сваім фэйсбуку.

Вікторыя Фёдарава, старшыня «Прававой ініцыятывы», тэлефанавала на гарачыя лініі МУС і ГУУС Мінгарвыканкама, у Мінскую гарадскую і Генеральную пракуратуры. Як толькі стала зразумела, што спробы датэлефанавацца бессэнсоўныя, Вікторыя паехала ў пракуратуру Маскоўскага раёна, але намеснік пракурора Ігар Жыбуль заявіў, што ён не абавязаны тэлефанаваць у ЦІП, а будзе разглядаць яе пісьмовую скаргу ў адпаведнасці з заканадаўствам — 15 дзён.

Між тым, актывіст Пётр Маркелаў, які адбывае 14 сутак арышту на Акрэсціна, заяўляе, што яму створаны жахлівыя ўмовы ўтрымання ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Маці Пятра Ірына Маркелава распавяла БелаПАН, што напярэдадні ўвечары ёй патэлефанаваў чалавек, які некалькі гадзін правёў з Пятром у адной камеры.

«Ад імя майго сына ён папрасіў тэрміновай дапамогі адваката, таму што ўмовы ўтрымання ў камеры жудасныя, — сказала Ірына Маркелава. — Той, хто тэлефанаваў, пацвердзіў, што сапраўды ў ёй немагчыма знаходзіцца. Сядзяць разам з Пятром два бамжы, стаіць такі смурод, што няма чым дыхаць. Вошы».

Пётр Маркелаў спрабаваў звярнуцца з гэтым пытаннем да адміністрацыі ізалятара, але, як паведамляе «Вясна», ніхто на яго скаргі не адрэагаваў.

«Учора я адразу пагутарыла з сябрамі сына, мы дамовіліся, што сёння да яго прыйдзе адвакат, наняты з дапамогай «Прававой ініцыятывы». Пётр хоча падаць скаргу на ўмовы ўтрымання», — распавяла Ірына Маркелава.

Чытайце таксама:

Назіральніка, які здымаў на відэа падлік галасоў, арыштавалі на 14 сутак

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: