Барацьба з ялінкамі, маскі меншавікоў і шэсце з паходнямі

Пра тое, як у Беларусі ваявалі з Калядамі, распавядае "Радыё Свабода".
Ірына Махоўская

Ірына Махоўская



З народным святкаваннем Калядаў яшчэ ў Сярэднявеччы змагалася царква. Амаль тысячагадовая барацьба не дала плёну. Пасля бальшавіцкага перавароту, у рамках змагання з забабонамі і рэлігіяй, з Калядамі спрабавалі змагацца камуністы.

«Бесаўство» і «элінства»


Каляды маюць дахрысціянскія карані. Свята, прысвечанае зімоваму сонцавароту, павароту сонца з зімы да лета, — галоўнае ў гадавым коле. У архаічнай культуры ў гэты час святкаваўся ня толькі Новы год, а ў шырэйшым сэнсе — стварэнне новага сусвету.

Царква жорстка выступала супраць абрадавага пераапранання калядоўшчыкаў. Галоўная рыса гэтага абраду — ужыванне рэчаў наадварот і не па прызначэнні. Мяняліся месцамі верх і ніз, правае і левае, мужчынскае і жаночае, што выкрывалася царкоўнікамі як «бесаўство і элінства». Маскі сустракаліся самыя розныя, але заўсёды пераапраналіся ў «чужых», то бок людзей, якія статусна, прафесійна, этнічна ці канфесійна адрозніваліся ад «сваіх» — сялян-беларусаў. Барацьба царквы супраць традыцыйных Калядаў працягваецца ад з’яўлення хрысціянства на беларускіх землях.


Пасля бальшавіцкага перавароту 1917 году знішчыць народную і рэлігійную традыцыі святкавання Калядаў у Беларусі паспрабавалі бальшавікі. Пра гэта Свабодзе распавядае антраполяг, выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ірына Махоўская.

Каляндар і замена святаў



З прыходам да ўлады бальшавікоў з’яўляюцца і новыя тэндэнцыі ў святкаванні Калядаў. 24 снежня 1918 году быў зацверджаны «Дэкрэт аб увядзенні заходнееўрапейскага календара». Замест юліянскага ўводзіўся грыгарыянскі.

«У каляднай двухтыднёвай абраднасці вылучаюцца тры кульмінацыйныя моманты — тры куцці, якія маркіравалі пачатак, сярэдзіну і заканчэнне святочнага пэрыяду. Першая — Посная, Бедная, Галодная ці Вялікая куцця — адзначалася напярэдадні Раства Хрыстовага 24 снежня/6 лютага. Другая — Шчодрая, Багатая, Тоўстая куцця, адзначалася напярэдадні Новага году 31 снежня/13 студзеня. І трэцяя — Вадапосная, Галодная, Хрышчэнская куцця, адзначалася напярэдадні Вадохрышча», — кажа Ірына Махоўская.
Каляды разам з іншымі абрадамі былі абвешчаныя царкоўнымі забабонамі, перажыткам цёмнага мінулага, з якім трэба змагацца.

«Гэта быў вельмі важны крок у вынішчэнні рэлігійнасці, які паўплываў на трансфармацыю святаў. Былі адмененыя выходныя дні на Вадохрышча, на Тры каралі ў каталіцкай традыцыі. Замест гэтага быў уведзены выходны дзень 8 лістапада. Дэкрэт Савету народных камісараў 2 снежня 1918 году ўсталёўваў савецкія святы, у тым ліку — Новы год 1 студзеня», — кажа антраполаг.

Царкоўныя святы наўпрост не забараняліся, бо, па-першае, асноўную масу насельніцтва складалі вернікі, а па-другое, не было сфармаваных ідэяў, чым іх замяніць.

«Чырвоныя каляды»


У 1920-я гады пачынаецца барацьба з рэлігійнасцю. Пад агульную плынь трапілі і Каляды.
Мэтай прапаганды была замена царкоўных святаў «чырвоным рытуалам». Выдаваліся шматлікія цыркуляры і брашуры са сцэнарамі новых святаў. Новыя формы абраднасці рэкамендавалася шукаць у старажытнай Грэцыі.
Кадр з савецкага фільм "Суровы юнак" 


«На пачатку 1920-х гадоў пачалі ладзіць „чырвоныя Каляды“ ці камсвяткі (камсамольскія святкі). Такія святы ўключалі, сярод іншага, чытанне дакладаў і прамоў, якія выкрывалі эканамічныя карані буржуазных калядных святаў. Ставіліся спектаклі, сатырычныя палітычныя інсцэніроўкі, ладзіліся вулічныя шэсці, а на царкоўныя матывы спяваліся камсамольскія песні», — кажа Ірына Махоўская.

Як і ў традыцыйных калядах, у «чырвоных» ладзілі карнавал з пераапрананнем, але тут замест традыцыйных «чужых» сустракаліся строі Антанты, Калчака, нэпмана, эсэра, меншавіка ды іншых.

Адно з такіх святаў, паводле Махоўскай, ладзілася ў менскім клубе «Чырвоны шлях». Там інсцэніравалася падрыхтоўка да антырэлігійнага карнавалу і бойка з эсэрамі і меншавікамі, якія нібыта перашкаджалі святу. Далей былі танцы вакол зрынутых багоў і касцюмаванае шэсце з паходнямі ў кірунку плошчы Свабоды. Аналагічным чынам праводзіліся святы і ў іншых гарадах.

«Чырвоныя каляды» былі замацаваныя за камсамольскімі ячэйкамі. Але праіснавалі яны нядоўга. Праз некалькі год пачала гучаць крытыка іх вузкай «антыпапоўскай» скіраванасці і адсутнасці раскрыцця «класавай сутнасці і контрарэвалюцыйнасці рэлігіі». Пры гэтым працягваўся наступ на рэлігію і барацьба з царкоўнымі святамі.

Рэпрэсаваная ялінка


Разам з Калядамі пад фактычную забарону да канца 1920-х гадоў трапляе навагодняя ялінка. Прапаганда сцвярджала, што ў краіне ўсё больш свядомых людзей, і яны амаль не набываюць ялінкі на кірмашах. Маўляў, людзі адышлі ад цемрашальства і цалкам свядома святкуюць правільныя камуністычныя святы.

«Наўпрост забароны не было. Але не было, напрыклад, ранішнікаў для дзяцей з ялінкай. Трэба сказаць, што ялінка — гэта была абсалютная гарадская традыцыя. А на беларускай вёсцы людзі вешалі пад столь саламянага павука. Ад цёплага духу печкі або скразняку ён круціўся. Было вельмі шмат спосабаў пляцення, і яны былі вельмі прыгожыя. Таму на Каляды ставілі павука», — кажа Ірына Махоўская.

Паводле Ірыны Махоўскай, «рэабілітуюць» ялінку толькі ў 1935 годзе, калі ў газеце «Праўда» з’яўляецца артыкул з асуджэннем «левых загібшчыкаў», якія няправільна інтэрпрэтавалі дзіцячую забаву як буржуазную традыцыю. Вяртанне ялінкі адбылося пасля заявы Сталіна на нарадзе стаханаўцаў пра тое, што «жыць стала лепей, жыць стала весялей». Менавіта ялінка была пакліканая праілюстраваць заяўленую весялосць.
«Было рэкамендавана тэрмінова арганізаваць калектыўныя ялінкі для дзяцей. Замест віфлеемскай на ёй была ўжо чырвоная зорка. Гэта ўжо быў ідэалагічна пастаўлены карнавал. У конкурсе строяў перамагалі ідэалагічна правільныя. Галоўнай была ідэалогія», — кажа антраполаг.

Але палітычныя падзеі збольшага тычыліся гарадскіх Калядаў. На вёсцы гэты ўплыў быў значна меней заўважны, і свята яшчэ доўгі час захоўвала традыцыйныя рысы — такія, як куцця, калядаванне, памінанне продкаў.
Гэтак выглядае беларускі “павук” 


Нягледзячы на дзеянні ўлады, народная традыцыя аказалася вельмі ўстойлівай. Змяняцца Каляды пачалі тады, калі ў беларускую вёску прыйшла мадэрнасць. Калі ва ўмовах урбанізацыі і развіцця індустрыі знікла малая і замкнёная сельская грамада як асноўная сацыяльная адзінка традыцыйнага грамадства. Калі моладзь пачала з’яжджаць у гарады, змянілася глеба, на якой базавалася традыцыйная культура, а разам з ёю і традыцыйныя Каляды.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: