Пад Баранавічамі казакі самавольна паставілі антыўніяцкія крыжы

У першай палове студзеня ля вёсачкі Колбавічы Баранавіцкага раёна актывістамі арганізацыі «Казацкі Спас» былі ўсталяваныя два крыжы.

На адным дубовым крыжы выкананы надпіс па-руску: «Адрынутыя гвалтам (1596)», на другім — «Уз’яднаныя любоўю (1839)».

Гэта падзеі звязаныя з уніяцтвам. 1596 — год падпісання Брэсцкай уніі. 1839 — год скасавання уніі ў Расійскай Імперыі. З апошнім надпісам выпускаўся медаль у Расійскай Імперыі.

Цікава, што казакі вырашылі не апублічваць месца, дзе былі ўсталяваныя гэтыя крыжы. Затое праілюстравалі гэта цытатай біскупа Сямашкі аб неабходнасці скасавання уніі.

Побач з Колбавічамі на ўзбярэжжы Шчары пабудаваны турыстычны комплекс. Будавалі яго з удзелам расійскага капіталу. Найперш на гэтым месцы была ўзведзеная каплічка ў гонар Маці Божай «Жываносная крыніца».

За каплічку адказвае настаяцель царквы Святога Антонія ў вёсцы Падгорная айцец Анатоль Пашкевіч. Менавіта ён удзельнічаў у асвячэнні тых крыжоў. «Мяне папрасілі — я асвяціў, крыжы ж нашы, праваслаўныя. Людзі з горада прасілі, яны звязаныя з маскоўскім казацтвам. Гэта знак таго, што ўніяты вярнуліся ў праваслаўе».

Калі “Наша Ніва” спытала ў бацюшкі, ці не лічыць ён, што крыжы могуць пакрыўдзіць уніяцкіх вернікаў, то святар адказаў: «Дзякуй, што звярнулі ўвагу, я падумаю пра гэта».

Па словах Анатоля Пашкевіча, баранавіцкія казакі аблюбавалі гэтае месца ў Колбавічах. «Яны туды часта прыязджаюць, акунаюцца, ваду набіраюць, у грыбы ходзяць».

Зміцер Панкавец, nn.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!