Бараўляны: чарговая забудова. Людзі патрабуюць школу і садок

У планах Бараўлян — забудова поля каля вуліцы «40 гадоў Перамогі». Мясцовыя жыхары патрабуюць вырашыць праблему ўшчыльнення з адначасовым будаўніцтвам дзіцячых садкоў і школ.
Генеральны план забудовы

Генеральны план забудовы

У вёсцы Бараўляны будуць узведзеныя жылыя дамы ў раёне вуліцы «40 гадоў Перамогі». Ужо адбылася прэзентацыя праекта сямі дамоў (811 кватэр). Раней было грамадскае абмеркаванне яшчэ двух дамоў. Разам усё поле забудоўваецца шматпавярховым жыллём. Заказчыкам выступае Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінскага раёна.

Цяпер у Бараўлянах (як звычайна агулам называюць усю агламерацыю з іншымі пасёлкамі-мікрараёнамі) — 60 тысяч насельніцтва.

«І тут усяго 3 школы і адна гімназія, — патлумачыў праблему Юрый Філіпаў, стараста пасёлка Вопытны. — То-бок, на 15 тысяч чалавек прыходзіцца ўсяго адна школа. У Мінску адна школа прыходзіцца на 8 тысяч чалавек. Пра праблему гэту вядома ўсім і ўсюды. У Бараўлянах 5 тысяч чаргавікоў-дзяцей — якія маюць патрэбу ў садках. Сам праект адносна нядрэнны. Галоўная просьба, патрабаванне, ну, я не ведаю, як назваць, прэтэнзія — не пачынаць гэта будаўніцтва без паралельнага будаўніцтва школы. Дзіцячы садок таксама праблема. У нас абавязковая агульная адукацыя. Як можна гэта выконваць, калі дзяцей вучыць няма дзе?»

Як зазначыў Юрый Філіпаў, фінансаванне на школу і садок на сёння не прадугледжана. «Пра школу задавалася прамое пытанне.Тут наогул адказу пра перспектывы не прагучала. Пра дзіцячы садок сказалі: ну, можа быць, будзем думаць, абмяркоўваць, вырашаць».

Жыхары прапануюць варыянт вырашэння. Нагадваюць, што крыху далей, не адносячыся да гэтага кварталу, ёсць адыёзны план пабудовы школы-садка замест лесу. Збіраліся вырубіць пяць гектараў. Аднак людзі паўсталі на абарону зялёнай зоны.

«Яшчэ там атрымалася цікавая рэч: паднялі каштарысную дакументацыю, і школа-садок абышліся б у 50 мільёнаў беларускіх рублёў, — паведаміў Юрый Філіпаў. — Для даведкі: у Мінску самая дарагая школа каштавала ўсяго 10 мільёнаў долараў (20 мільёнаў рублёў). Дзіцячы садок, самы дарагі, які мне вядомы, коштам 5 мільёнаў беларускіх рублёў. А там кошт будаўніцтва ў два разы завышаны! І гэта праблемная зона. Супраць будаўніцтва гэтай школы-садка, супраць вырубкі сабрана каласальная колькасць подпісаў. Дык вось, там грошы «стаяць» — вазьміце, перанясіце фінансаванне адтуль сюды. І грошай там яшчэ застанецца. Калі рэальна, за гэтыя грошы можна пабудаваць дзве школы і два дзіцячых садка лёгка. Альбо школу, дзіцячы садок і яшчэ на паліклініку дзіцячую хопіць!»

Як мяркуе Юрый Філіпаў, ёсць усе магчымасці задаволіць такую прапанову. «Бараўляны, можа быць, нарэшце за доўгі час супакояцца. Хоць нямнога, хоць атрымаюць перадышку. Праблемы, якіх вельмі шмат, трымаюць людзей у стрэсе. Інакш будзе выбух, і ён можа атрымацца вельмі моцны».

Бараўляны разрастаюцца імкліва. У 2008 годзе там было 13 тысяч жыхароў. З таго часу з’явілася яшчэ 47 тысяч чалавек. Каласальны рост — факт. «Будаваць трэба, але будаваць як — узнікае пытанне», — зазначаюць жыхары. Зараз будаўніцтва адбываецца кавалкамі, комплекснага падыходу ва ўладаў няма. Такая сітуацыя і з новым праектам: «Яны ж не прадстаўляюць яго цалкам. Яны прадстаўляюць яго кавалкамі. Вось тут сем дамоў, тут два домікі, тут ужо домік».

«Мы не хочам паўтарэння сітуацыі з Зялёным Борам, — кажа Юрый Філіпаў. — Пабудавалі 10-тысячнік, і далі ўсяго адзін дзіцячы садок на 150 месцаў. Бараўляны задыхнуліся — адразу ж. Задыхнуліся школы, усе дзіцячыя садкі, паліклініка. Як толькі сюды ідзе магутны паток людзей — сацыялка кладзецца начыста. Яна тут ужо і так палеглая. Вось цяпер яшчэ 5 тысяч сюды ахнеце людзей — і тут ляжа наогул усё. Проста ляжа».

Жыхары маюць намер дамагацца будаўніцтва садка і школы ў запланаваным квартале.

Юрый Філіпаў адзначыў, што, калі актывісты пачалі звяртацца да ўладаў па праблемных пытаннях, якія ўзніклі па Генплане, то вельмі хутка пачалі атрымліваць лісты, што перапіска з імі скончана. «Вы не хочаце з намі перапісвацца? Не пытанне. Мы пачнем з вамі перапісвацца ў прэсе. Мы пачнем з вамі размаўляць мовай ютуба. Мы пачнем размаўляць усімі даступнымі адкрытаму грамадству мовамі. Вы нас пачуеце. Таму што пра гэта будуць казаць усе і ўсюды. Мы яшчэ сваё слова не сказалі», — заявіў ён.

Жыхары Бараўлян распачалі збор подпісаў пад патрабаваннем вырашыць праблему будаўніцтва ў вёсцы. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: