Барыс Хамайда: Я ўжо магу проста паставіць крэсла, і людзі будуць разумець, чаму я тут сяджу

Апазіцыянер, дысідэнт, актывіст, грамадскі дзеяч, юрыст і выдавец – так вызначаюць Барыса Хамайду. Нядаўна ён адседзеў 8 сутак, якія яму прысудзілі за бел-чырвона-белы парасон і такую ж стужку. Спадар Барыс прынцыпова іх сам не прыбіраў, хоць разумеў небяспеку. Пра шлях у апазіцыю, пра стаўленне да Лукашэнкі і Ціханоўскай, а таксама пра падзеі 2020 года «Белсат» паразмаўляў з віцебскай легендай.
Віцебскі актывіст Барыс Хамайда. Фота: «Белсат»

Віцебскі актывіст Барыс Хамайда. Фота: «Белсат»

«ЗАПРАШАЛІ НА ПАСАДУ СУДДЗІ, АЛЕ Я НЕ ЗГАДЗІЎСЯ»

— Сёлета вам споўнілася 73 гады, пераважную большасць з якіх вы пражылі ў Віцебску. Што для вас значыць гэты горад?

— Я карэнны віцяблянін. Гэта горад, у якім я нарадзіўся, лічу, што гэта найлепшы горад у свеце. Я верны яму. За ўсё жыццё я тут не быў толькі падчас войска — два з паловаю гады — і яшчэ тры гады працаваў у Цюмені, а так усё жыццё тут пражыў. І мае бацькі тут жылі.

— Для большасці віцяблянаў вы вядомыя як найстарэйшы апазіцыянер у горадзе, аднак не шмат хто ведае, што ў свой час вы каля 15 гадоў адпрацавалі ў дзяржаўных установах. Распавядзіце, калі ласка, пра гэты перыяд жыцця.

— Я заўсёды марыў стаць следчым. Двойчы паступаў на юрыдычны факультэт БДУ. Першы раз — да войска, але тады не прайшоў, і мяне забралі служыць. І ўжо пасля войска, каб было прасцей паступіць, я ўладкаваўся ў Чыгуначны суд судовым выканаўцам. І пасля гэтага ўжо паступіў на завочнае аддзяленне. То-бок я працаваў у судзе і шэсць гадоў вучыўся ва ўніверсітэце. Быў судовым выканаўцам і сакратаром судовага пасяджэння, і таму ўсю гэтую кухню ведаў добра, мне лёгка было вучыцца, я мог нават на лекцыі не хадзіць, але здаваць залікі і іспыты, бо ў мяне былі багатыя практычныя веды.

Віцебскі актывіст Барыс Хамайда. Фота: «Белсат»

Па заканчэнні вучобы мне прапанавалі працу ва Упраўленні юстыцыі аблвыканкама, і я пайшоў туды кансультантам па прававой прапагандзе. Яшчэ некалькі разоў я вяртаўся да працы ў судзе, мяне адтуль проста не хацелі адпускаць. У 1986 годзе я вырашыў паехаць на заробкі ў Сібір, дзе пачаў працаваць на станцыі Цюмень. Па вяртанні з заробкаў мяне нават запрашалі на пасаду суддзі, але я не згадзіўся, бо ўжо выбраў свой шлях — палітыку.

— Вы шмат гадоў адпрацавалі ў Чыгуначным судзе, але ў пазнейшыя часы менавіта гэты суд неаднаразова рэпрэсаваў вас. З апошняга — 8 сутак адміністрацыйнага арышту, якія вам прысудзілі ў пачатку гэтага месяца. Ці не крыўдна вам?

— Мне не крыўдна. Я раблю сваю справу, а яны робяць сваю. Я сумленны, бо змагаюся дзеля краіны. Але так, мне падаецца, што ў былыя часы мы ў судзе былі больш адказныя ў дачыненні да працы.

Безумоўна, у тыя часы я шмат чаго не ведаў, гэта былі савецкія гады, шмат прапаганды было, але мы працавалі на нашу вялікую радзіму — Савецкі саюз. 

«КАЛІ ПАЧАЎ ЗАЙМАЦЦА ПАЛІТЫКАЙ, АДЧУЎ, ШТО ГЭТА МАЁ»

— Вас часцяком называюць дысідэнтам, але з чаго ўвогуле пачалася ваша палітычная дзейнасць?

— Ведаеце, усё савецкае жыццё я не быў дысідэнтам, але я быў ва ўнутранай апазіцыі, я стараўся жыць па біблейскіх запаветах. Я многага не разумеў яшчэ тады, але гэтая ўнутраная апазіцыя была заўсёды ўва мне. У студзені 1990 года я пайшоў на мітынг на стадыёне «Дынама» ў Віцебску, які праводзіла гарадская арганізацыя БНФ. І пасля мітынгу нас заклікалі 18 студзеня сабрацца ў «Палацы чыгуначнікаў». Так быў створаны «Віцебскі гарадскі клуб за дэмакратычныя выбары». Калі абіралі яго кіраўніцтва, я патрапіў у лік трох сустаршыняў. Менавіта тут я зразумеў, што больш мне не дадуць працаваць у судовай сістэме, бо цяпер я ў апазіцыі. Увесну 1990 года я пакінуў працу і з таго часу ў дзяржаўных структурах больш не быў. Але калі я пачаў займацца палітыкай, я адчуў, што гэта маё. 

Віцебскі актывіст Барыс Хамайда. Фота: «Белсат»

«НАКАЗ НАМ ДАЎ ВАСІЛЬ БЫКАЎ, І ЯМУ МЫ НЕ ЗДРАДЗІЛІ»

— Старэйшае пакаленне віцяблянаў памятае вас і як стваральніка газеты «Выбар»…

— У 1989 годзе я вярнуўся з Цюмені, дзе адпрацаваў тры гады і зарабіў на тыя часы вялізныя грошы — больш за 7 тысяч рублёў. У тыя часы быў дэфіцыт усяго, а грошы я прывёз, таму вырашыў пусціць іх на палітычную дзейнасць. 2 тысячы рублёў аддаў на рэгістрацыю газеты «Выбар». Так, заплаціў з уласных грошай.

Цэлы год у нас не было магчымасці выпускаць газету: не было паперы, не было памяшкання, не было журналістаў. Было такое, што, калі цягам года друкаваны орган не выходзіць, скасоўваецца пасведчанне аб рэгістрацыі. Але мы паспелі. Першым рэдактарам стаў журналіст Леанід Цвіка, які тады працаваў у «Віцебскім рабочым». Там жа знайшлі яшчэ двух журналістаў, хаця гэта быў друкаваны орган віцебскага абкама партыі.

Тры журналісты і я як арганізатар фактычна пачалі выдаваць гэтую газету раз на два тыдні, а з 1992 года — і раз на тыдзень. Мы заключылі дамову з «Саюздрукам», таму выданне распаўсюджвалася праз кіёскі. Газета першапачаткова выходзіла на дзвюх мовах. Свае нумары мы высылалі поштай усім славутым беларускім пісьменнікам: Быкаву, Барадуліну, Бураўкіну, Гілевічу, Вярцінскаму. І калі аднойчы ў Віцебск прыехаў Васіль Быкаў, я папрасіў журналістку Яўгенію Мальчэўскую ўзяць у яго інтэрв’ю. 

Віцебскі актывіст Барыс Хамайда. Фота: «Белсат»

Калі Быкаў даведаўся, што мы выдаёмся на дзвюх мовах, ён сказаў, што варта рабіць газету цалкам беларускай. І пасля гэтага мы пачалі выходзіць выключна па-беларуску. Такі наказ нам даў Васіль Быкаў, і яму мы не здрадзілі.

Увесну 1994 года мы выпусцілі вялізны наклад у 63 тысячы асобнікаў і літаральна разнеслі іх па кватэрах. Фактычна, наша газета аказалася амаль у кожнай сям’і Віцебска. І ў тым нумары мы змясцілі праграму БНФ. Пасля гэтага нам зрабілі стоп — учынілі перарэгістрацыю, якой мы, зразумела, не прайшлі. Пасля мы працавалі без рэгістрацыі, апошні нумар «Выбару» выйшаў у 2005 годзе. 

«КОЖНЫ ДЗЕНЬ БЫЎ ЯК НА ФРОНЦЕ»

— Але для большасці жыхароў горада вы — чалавек, які амаль штодня стаіць ля Сіняга дома (так у Віцебску называюць будынак каля плошчы Свабоды, адзін бок якога доўгі час быў пафарбаваны ў сіні колер. — «Белсат») і распаўсюджвае незалежныя выданні. Раскажыце, калі і з чаго гэта пачалося.

— Вось на гэтым месцы каля Сіняга дома ў 1992 годзе стаяў Уладзімір Плешчанка, напачатку — старшыня Віцебскай рады БНФ, далей — кіраўнік абласной арганізацыі КХП БНФ, і збіраў подпісы за роспуск Вярхоўнага савета 12 склікання. Месца мне спадабалася, і з сакавіка 1997 года я пачаў тут распаўсюджваць газеты, стаяць з плакатамі супраць Лукашэнкі і дыктатуры. І да самай сваёй смерці ў 2006 годзе са мной побач стаяў Уладзімір Плешчанка. 

Віцебскі актывіст Барыс Хамайда. Фота: «Белсат»

У тыя часы было вельмі небяспечна стаяць. Шмат было старых прасавецкіх людзей, яны на нас навальваліся, абражалі і крычалі, лезлі ў бойку. Фактычна, кожны дзень быў як на фронце. Цяпер ужо людзі іншыя, асабліва ніхто не чапляецца. Змянілася цэлае пакаленне.

Калі я ў апошні раз сядзеў у ІЧУ, пры даглядзе адзін міліцыянт сказаў, што мяне ведаюць ужо тры пакаленні віцяблянаў. Я падумаў, што па гадах не атрымліваецца, але ён так сказаў мне.

Усе папярэднія гады, што я выходзіў, я думаў, што я сам па сабе. Але аказалася, што не. Людзі бачылі мяне. І калі былі такія моманты, што мяне не было на месцы, людзі пачыналі цікавіцца, дзе я, што са мной здарылася. Выходзіць так, што людзі мяне ўжо асацыююць з горадам. Вось я стаю — тады ўсё добра, калі мяне няма — яны пачынаюць хвалявацца.

Я ўжо дасягнуў таго моманту, што ўжо магу проста паставіць крэсла і сесці, і людзі будуць разумець, чаму я тут сяджу. Таму калі ў мяне забралі парасон і бел-чырвона-белую стужку, пасадзілі на 8 сутак, я сказаў сабе, што ўсё адно буду выходзіць. Людзі мяне зразумеюць. 

«ФАКТЫЧНА АДБЫЎСЯ ПАЛІТЫЧНЫ ФАЛЬСТАРТ»

— Якая ваша ацэнка рэжыму Лукашэнкі?

— Мне аднойчы задалі пытанне, ці хацеў бы я вярнуцца ў Савецкі саюз. Я адназначна сказаў, што не. Не. Тут ёсць вялікая перавага — у нас ёсць дэ-юрэ незалежная беларуская дзяржава. Але сам Лукашэнка для мяне — не кіраўнік дзяржавы, з ліпеня 1999 года ён проста грамадзянін (у гэтым годзе мусіў скончыцца першы прэзідэнцкі тэрмін Лукашэнкі, аднак па выніках рэферэндуму 1996 года адлік 5-гадовага тэрміну пачалі наноў. — «Белсат»). Яшчэ з 1996 года, калі адбыўся антыканстытуцыйны пераварот, я гаварыў, што нельга ўдзельнічаць у грамадска-палітычных мерапрыемствах гэтага рэжыму. Нельга ўдзельнічаць у гэтых псеўдавыбарах. І ні ў адных гэтых псеўдавыбарах я не ўдзельнічаў. Гэта такая пазіцыя — мы паказваем, што не прызнаём вось гэты рэжым і яго так званую канстытуцыю. Гэта пазіцыя маральная. Калі мы вернем легітымную Канстытуцыю 1994-га, а гэта абавязкова будзе, вось тады я буду браць удзел у выбарах. 

Віцебскі актывіст Барыс Хамайда. Фота: «Белсат»

— Як вы ўспрынялі выбары 2020 года і іх наступствы?

— Я добра памятаю 1994 год, і тады быў лозунг — «Абы не Кебіч». Абралі Лукашэнку. Гэты лозунг вельмі небяспечны для дзяржавы, так не павінна быць. Але гэта паўтарылася ў 2020 годзе.

Калі я ўбачыў чэргі, што ставяць подпісы за Бабарыку, за Ціханоўскую, за Цапкалу, я сказаў: «Слухайце, а хто яны такія? Што за імі стаіць? Дзе яны былі да 2020 года?» А мне гавораць, што абы не Лукашэнка. Увесну 2020 года я людзям казаў не хадзіць, што патрэбны байкот. Гэта было адзінае нармальнае выйсце. Але людзей заклікалі пайсці на гэтыя незаконныя выбары. Выходзіць, што выбараў не было, ніхто не лічыў галасоў, але потым пачалі казаць, што абралі Ціханоўскую, аднак для мяне яна таксама ніхто, бо, зноў жа, выбараў не было. І ніхто не можа даказаць, колькі за каго прагаласавала, гэта ўсё пустое.

І потым адбылася гэтая Плошча. Гэта ўвогуле драма. Я яе ўспрымаю вельмі балюча. Фактычна, адбыўся палітычны фальстарт. Мы павінны былі пачакаць, бо тады яшчэ не адчынілася акно магчымасцей для нашай краіны.

Калі развалілася Расійская імперыя, адчынілася першае акно магчымасцей для нашай беларускай інтэлігенцыі, і яна тады змагла стварыць Беларускую Народную Рэспубліку, хоць яна і мала праіснавала. Другое акно было ў 1991 годзе — разваліўся Савецкі саюз. Тады вельмі моцна ўзняўся БНФ і ў выніку адрадзілася незалежная Беларусь.

Я мяркую, што варта было пачакаць трэцяй магчымасці, якая абавязкова з’явіцца, і мы гэта адчуем. І калі мы гэта адчуем, вось тады трэба будзе ўсім выходзіць і змагацца да перамогі. 

Віцебскі актывіст Барыс Хамайда. Фота: «Белсат»

— А калі засяродзіцца на станоўчых выніках тых падзей, што вы можаце адзначыць?

— Адзінае, чым я сябе і астатніх супакойваю, падзеі 2020 года — гэта была генеральная рэпетыцыя. У нядзелю, адразу па выхадзе з ІЧУ, я зайшоў у краму, і адзін незнаёмы чалавек падышоў да мяне ды паціснуў руку, а потым зноў вярнуўся і даў грошай на прадукты.

Гэта беларуская салідарнасць. І гэта галоўнае дасягненне 2020 года. Людзі пачалі дапамагаць адно аднаму. У ізалятары ў мяне забралі мабільны тэлефон, але ў тую ж нядзелю да мяне прыйшлі маладзёны і прынеслі іншы. Салідарнасць працуе, і гэта вельмі добра. І калі ёсць салідарнасць, то ў нас усё атрымаецца. Тады і Плошча ў нас атрымаецца.

Віктар Старавойтаў, belsat.eu

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: