Барыса Хамайду аштрафавалі «за загрувашчванне вуліцы»

Пастанову пра штраф вынесла адміністрацыйная камісія Чыгуначнага райвыканкаму Віцебска паводле пратакола, складзенага на распаўсюдніка незалежнай прэсы 30 красавіка.

У той дзень нічога незвычайнага не адбывалася: як заўжды, Барыс Хамайда выставіў каля “сіняга дому” свой столік пад бел-чырвона-белым парасонам, расклаў часопісы ды газеты. Але загадчыца бліжэйшай крамы выклікала міліцыю.

Пастанову пра штраф даслалі па пошце, распавёў Барыс Хамайда “Радыё Рацыя”:

— Камісія мяне двойчы выклікала, але я туды не хадзіў, бо лічу, што гэтая ўлада нелегітымная. У суботу мне прыйшоў пакет, а ў ім пастанова, што далі адну базавую велічыню штрафу. Плаціць не буду добраахвотна, няхай вылічваюць з пенсіі тую адну базавую, гэта 25.50.

У сакавіку і красавіку гэтага года пратаколы за загрувашчванне вуліцы на Барыса Хамайду складалі тройчы. Два з іх скасавалі, бо не знайшлі доказаў супраць распаўсюдніка.

Штраф па трэцім пратаколе далі мінімальны: санкцыя артыкула 21.14 КаАП (парушэнне парадку ўтрымання населеных пунктаў) прадугледжвае штраф памерам да 5-ці базавых велічынь.

 

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

 


 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!