Барысаў. Затрыманыя пікетоўцы, якія патрабавалі адстаўкі міністра абароны

У Барысаве сёння затрымалі праваабаронцу і актывіста, якія патрабавалі адстаўкі міністра абароны і  прыцягнення да адказнасці ўсіх вінаватых у смерці Аляксандра Коржыча.

Супрацоўнікі барысаўскай міліцыі затрымалі праваабаронцу Алега Мацкевіча, які выйшаў сёння на пікет, каб патрабаваць адстаўкі міністра абароны РБ Андрэя Раўкова і прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўсіх вінаватых у смерці салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Разам ім пікетаваў актывіст Алесь Абрамовіч, які таксама затрыманы.

Перад гэтым на сваёй старонцы ў фэйсбуку Мацкевіч змясціў фота плаката і лаканічны подпіс: “Кажуць, што ў чалавека заўсёды ёсьць выбар. Сёньня ў мяне яго няма. Я пайшоў...”



Нагадаем, 13 кастрычніка Алег Мацкевіч накіраваў у Барысаўскі гарадскі выканаўчы камітэт заяўку на правядзенне 30 кастрычніка пікету на цэнтральнай плошчы горада, насупраць будынку Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Нагодай для гэтага стала трагічная гібель салдата ў барысаўскіх Печах.

Аднак Барысаўскі выканкам адмовіў праваабаронцу Алегу Мацкевічу ў правядзенні пікета 30 кастрычніка.

Акцыя пачалася ў 12 гадзін і доўжылася хвілін 15, затым да пікетоўцаў падышоў супрацоўнік міліцыі ў званні капітана і паведаміў ім аб затрыманні.

Пакуль вядома, што праваабаронцу Алега Мацкевіча, Алеся Абрамовіча, галоўнага рэдактара "Барысаўскіх навін" Анатоля Букаса, і фотажурналіста сайта ex-Press.by Паўла Сляпухіна, якія знаходзіліся побач з пікетоўцамі, даставілі ў Барысаўскі РАУС.

Анатоля Букаса і журналіста Сляпухіна пасля праверкі дакументаў адпусцілі, а на астатніх склалі пратаколы адміністратыўнага правапарушэння. Верагодна, што да суда іх змесцяць у ізалятар часовага ўтрымання.

spring96.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: