Барысаўская Моладзь БНФ правяла талаку на мясцовых «Курапатах»

Актывісты барысаўскай Моладзі БНФ 30 красавіка выйшлі на прыборку барысаўскіх «Батарэй», дзе ў 30-я гады былі растраляны ўдзельнікі антыкамуністычных паўстанняў. Таксама тут знаходзіцца месца магчымага пахавання аднаго з лідараў антысавецкага руха Юркі Моніча.

Батарэі для Барысава — гэта тое самае, што Курапаты для сталіцы. Але на сённяшні дзень большасць жыхароў Барысава пра гэта не ведае, асабліва моладзь.

“Сёння мы вырашылі пачаць кампанію па аднаўленні народнай памяці і ўшанаванні ўсіх тых, каго растралялі ні за што падчас савецкай акупацыі, бо, на жаль, большасць маладых людзей ня ведае ні пра антысавецкі рух, не пра тыя злачынства, якія зрабілі камуністы ў нашым горадзе”, — кажа ўдзельнік талакі, намеснік старшыні Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік.


Але прыборка гэтых мясцінаў — гэта толькі пачатак кампаніі па ўшанаванні памяці ўсіх нявінна забітых. У планах актывістаў Моладзі шэраг мерапрыемстваў і захадаў для прыцягнення ўвагі да гэтага месца.
“Вядома, што сёння мы можам доўга спрачацца пра тое, ці сапраўды менавіта тут былі растраляны людзі, але факт застаецца фактам, масавыя растрэлы мірных жыхароў у Барысаве былі, і трэба, каб быў нейкі помнік, месца, дзе людзі маглі прыйсці, пакласці кветкі, аддаць даніну памяці. Раней на гэтым месцы былі крыжы, але, на жаль, мясцовыя ўлады спілілі іх яшчэ ў 2008 годзе. Нашы прыборкі мы будзем працягваць на працягу ўсяго лета, таксама ў планах запрасіць гісторыкаў, якія б маглі распавесці для маладых людзей сапраўдную гісторыю і пра барысаўскі галодны бунт, і пра Юрку Моніча, і пра масавя растрэлы ўдзельнікаў тых падзей, магчыма зрабіць экскурсію. Таксама пачнем выпуск улётак пра тыя падзеі, каб барысаўчане маглі даведацца пра гэта”, — кажа ўдзельнік талакі Аляксей Руды.

Таксама маладыя людзі плануюць дамагчыся сустрэчы з мясцовымі ўладамі, каб паразмаўляць пра тое, каб на барысаўскіх батарэях былі афіцыйны ўсталяваны крыжы памяці ці які-небудзь мемарыяльны знак, але гэтага актывісты пачнуць дамагацца пасля таго, як правядуць шэраг запланаваных мерапрыемстваў.

Паводле прэс-службы Моладзі БНФ


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!