Барысаўскі каваль хоча прадаць качаргу, якую трымаў Лукашэнка

На думку каваля, за гэтую рэч можна атрымаць ад 500 даляраў.


Колькі дзён таму барысаўскі каваль Алесь Панцялей размясціў у Фэйсбуку наступную аб’яву, якую маглі прачытаць яго сябры: "Аўкцыён!!! Прадаецца ўнікальная качарга, за якую трымаўся Аляксандр Лукашэнка. Варты экспанат для прыватных калекцыяў і кабінетаў беларускіх чыноўнікаў. Стартавы кошт 500$. Грошы пойдуць выключна на добрыя справы - добраўпарадкаванне дзярэўни Дудзінка і падтрыманне кузні (каб каваль не пайшоў працаваць на лесапілку). Фоткі ў рамках у камплекце".

Змешчаны фотаздымак гэтай унікальнай рэчы, а таксама фотаздымкі, праўдзівей, скрыны з тэлесюжету СТВ, якія пацвярджаюць яе аўтэнтычнасць.



Па словах Алеся, гэта здарылася ў 2011 годзе падчас афіцыйнага адкрыцця Мірскага замку пасля працяглай рэканструкцыі.

— Мы з сябрам былі запрошаныя з паходнай выязной кузняй. Нам сказалі, што там будуць рамеснікі, кірмаш. А па прыездзе высветлілася, што адкрыццё было зладжанае выключна для аднаго чалавека. Лукашэнку доўга чакалі, гадзіны дзве. Прыляцеў на верталёце. Яго сустракалі песнямі і забавамі. Потым ён падышоў да нас, схапіў качаргу і давай у горане калупацца. Мы яму арганізавалі "АбмАн валют" — прапанавалі памяняць нашыя каваныя манеты на беларускія грошы. Ён даў нейкую дробязь, якую яму падаў хтосьці з атачэння, — распавёў EX-PRESS.BY каваль.



Чаму Алесь вырашыў пазбавіцца ад рарытэту?

— А на халеру яна мне!? А 500 даляраў якраз патрэбныя. Ну калі дадуць больш — не пакрыўджуся.

Грошы, якія будуць атрыманы за качаргу, пойдуць на добраўпарадкаванне вёскі Дудзінка, абяцае каваль:

— Трэба наняць трактар дарогу ў Дудзінку грэйдэрнуць, а то зусім немагчыма ездзіць стала. Пляцоўку для кантэйнераў з разваротам для смеццявоза зрабіць. А то УП “Жыллё” не робіць нічога. ДРБУ на дарогу таксама “забіла”. А трактарам праз лес за 100$ можна нармальную дарогу зрабіць. На астатнія грошы да зімы майстэрню падрыхтаваць.

Пакуль ніхто не выявіў жадання набыць славутую качаргу і ўпрыгожыць сваё жытло альбо службовы кабінет. Але Алесь не губляе надзеі.

Сапраўды, прадалі ж у 2016 годзе клюшку Лукашэнкі з аўтографам за 77.5 млн недамінаваных рублёў. Тады ўсе атрыманыя сродкі пайшлі на дабрачыннасць і былі пералічаны на рахунак арганізацыі Каманда “Крылы анёлаў”.

Павел Сляпухiн, ex-press.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць