БАЖ просіць улады перавесці Андрэя Скурко ў грамадзянскую бальніцу

Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася з просьбай неадкладна перавесці арыштаванага начальніка аддзела рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы» Андрэя Скурко ў грамадзянскую бальніцу.


Інсуліназалежны дыябетык Скурко правёў 13 дзён у СІЗА на вуліцы Акрэсціна без дыябетычнай дыеты і рыштунку. Затым яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага, дзе ён адразу трапіў у санчастку. Як паведаміў журналіст Алег Груздзіловіч, які знаходзіўся з ім у адной камеры, 18 ліпеня Андрэй Скурко пачаў кашляць, у яго паднялася тэмпература, яму далі парацэтамол. 29 ліпеня стала вядома, што ў Скурко дыягнаставалі пнеўманію.

«БАЖ звярнулася ў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства аховы здароўя, Дэпартамент выканання пакаранняў МУС з просьбай неадкладна шпіталізаваць у грамадзянскую бальніцу кіраўніка аддзела рэкламы і маркетынгу "Нашай Нівы" Андрэя Скурко», — цытуе АФН паведамленне арганізацыі.

Рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча і начальніка аддзела рэкламы і маркетынгу гэтага выдання Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня. Спачатку іх вінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Потым ім выставілі абвінавачанне па ч.2 арт. 216 КК («Нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадання групай асоб»). Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасоб, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасоб. Следчыя налічылі, што прадпрыемству «Мінэнерга» была нанесеная шкода — 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі не звярталася.

«Нашаніўцы» прызнаныя палітвязнямі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: