БАЖ: У Беларусі мэтанакіравана затрымлівалі і збівалі журналістаў

Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала 12 жніўня заяву з заклікам спыніць мэтанакіраваны гвалт супраць прадстаўнікоў прэсы. Не менш за 12 чалавек не выйшлі на волю — у чым іх вінавацяць, невядома.


Паводле БАЖ, сілавікі наўмысна чынілі гвалт супраць журналістаў 11 жніўня, наўмысна шкодзілі тэхніку, канфіскоўвалі карты памяці са знятым матэрыялам. Такія напады былі на журналістаў Сяргея Грыца, Вадзіма Заміроўскага, Надзею Бужан, Уладзіслава Барысевіча, Сяргея Птушко, Дар’ю Буракіну, Усевалада Зарубіна, трох журналістаў BBC.

Па стане на 11.00 12 жніўня ня выйшлі на волю затрыманыя журналісты Павал Патапаў, Іван Мураўёў, Саксім Бярэзінскі, Ягор Марціновіч, Тацяна Белашова, Віталь Дубік, Алена Шчарбінская, Аляксандар Пашкевіч, Аляксей Худанаў, Мікіта Целіжэнка, Вітольд Дабравольскі, Максім Швед. Міністэрства ўнутраных спраў не дае інфармацыі, дзе яны і ў чым іх вінавацяць.

«Журналісты — не ўдзельнікі акцыяў. Згодна закону “Аб СМІ”, Канстытуцыі і міжнароднага права, яны маюць права асвятляць акцыі», — піша БАЖ і заклікае неадкладна спыніць напады на журналістаў і іх затрыманні, вызваліць ужо затрыманых і спыніць пераслед. 

Паводле baj.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: