БХД распачала кампанію "Мы не забудзем!"

“Беларуская хрысціянская дэмакратыя” распачала кампанію "Мы не забудзем!", што будзе складацца з шэрагу акцый і мерапрыемстваў, мэта якіх нагадаць беларускаму грамадству пра справы зніклых палітыкаў і не даць уладам іх закрыць.



Кампанія будзе ўключаць інфармацыйную працу, у тым ліку сярод моладзі і з міжнароднымі структурамі. Адзін з накірункаў кампаніі — гэта вечарыны памяці. Першую такую вечарыну “Маладыя хрысціянскія дэмакраты” правялі 16 сакавіка ў Мінску, прысвечаную пачатку кампаніі і ўшанаванню ўсіх зніклых агулам. Удзел у ёй узялі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, намесніца старшыні МХД Вікторыя Радзіеўская, намесніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва, старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла і іншыя. У будучыні 16 дня штомесяц будзе ладзіцца вечарына ў памяць кожнага зніклага паасобку. Бліжэйшая, 16 красавіка, будзе прысвечаная асобе Юрыя Захаранкі.

Як адзначыла Вікторыя Радзіеўская, кампанія “Мы не забудзем!” накіраваная на ўшанаванне памяці выбітных асобаў беларускай палітыкі і журналістыкі, на прыцягненне ўвагі да гэтай тэмы шырокай грамадскасці, на патрабаванне ад уладаў расследавання справаў зніклых і інфармаванні насельніцтва аб выніках расследавання, на прыцягненне міжнароднай ўвагі. Згодна з Крымінальным кодэксам, у 2014 годзе заканчваецца тэрмін даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці асобаў, якія ўдзельнічалі ў гвалтоўным выкраданні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, у 2015 годзе — Дзмітрыя Завадскага.

"Амаль 14 гадоў беларускія ўлады поўнасцю ігнаруюць заклікі родных і блізкіх, а таксама міжнароднай грамадскасці правесці адкрытае расследаванне і праверыць дачыненне да знікнення палітыкаў і журналіста вышэйшых службовых асобаў краіны. Узгадаем, што патрабаванне раскрыць праўду пра знікненне Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадскага ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы, Камітэта па правах чалавека ААН, Парламенцкай Асамблеі АБСЭ", — распавяла яна.

"Таму зараз як ніколі варта біць ў званы, ізноў прыцягваць увагу да гэтай тэмы шырокай грамадскасці, патрабаваць ад уладаў канчатковага расследавання справаў зніклых. Неабходна яднаць вакол гэтай тэмы палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў і ўсіх неабыякавых людзей. На жаль, гэтая тэма ў сувязі з іншымі праблемамі, якія стаяць перад грамадствам, пакрыху страчвае сваю актуальнасць у беларускіх і міжнародных СМІ, а вялікая частка маладых беларусаў, не абазнаных у палітычных пытаннях, наогул не мае ўяўлення аб знікненнях", — падкрэсліла Вікторая Радзіеўская.

У сваю чаргу, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі лічыць, што "пытанне зніклых палітыкаў — гэта не толькі справа годнасці ўсіх беларусаў, але і бяспекі для будучых пакаленняў".

"Зло ірацыянальнае. Калі яго не спыніць, яно толькі расце, з'яўляюцца новыя збітыя, новыя зніклыя, бясчынствы павялічваюцца. Мы павінны дамагчыся расследавання гэтых спраў у імя памяці зніклых і забітых ды іх сваякоў, у імя будучыні Беларусі. Забыць злачынствы, заплюшчыць вочы на іх дзеля палітычнай кан'юнктурыгэта значыць паспрыяць паўтарэнню і памнажэнню зла ў Беларусі", — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

“Беларуская хрысціянская дэмакратыя” заклікае ўсе палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі Беларусі, шараговых актывістаў і іншых неабыякавых людзей далучыцца да кампаніі "Мы не забудзем!" і патрабаваць неадкладнага расследавання справаў зніклых палітыкаў.

Прэсавая служба БХД

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!